НЕЛЬГА МАЎЧАЦЬ!
Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала
З-за перагружанасці рэдакцыйнага партфеля “Народнай Волі” матэрыяламі на самыя розныя тэмы артыкул Яўгена Гучка не ўдалося апублікаваць, як кажуць, па свежых слядах. Але ад гэтага актуальнасць яго не згубілася, таму і прапаноўваем яго ўвазе чытачоў.
Адзін мой добры прыяцель, дарэчы, камп’ютэршчык па прафесіі, калі даведаўся, што я маю намер адказаць інтэрнетным “Димычу” і “Семену Кандыбе” на іх выпады ў адрас доктара гістарычных навук, прафесара Л.Лыча з нагоды публікацыі ў “Народнай Волі” артыкула “Ратуйцеся, беларусы!”, назваў гэта спробай “метать бисер...”. Я з ім не мог пагадзіцца. Бо гэта перш за ўсё выпад у адрас беларускай мовы, Я.Коласа, Я.Купалы, увогуле ўсёй беларушчыны. І, зразумела, і ў мой.
Заяўляю адразу, што не імкнуся ўпадаць у абразлівы тон адносна апанентаў Л.Лыча (і не толькі яго). Тут варта цвяроза глянуць на глабальную праблему беларусаў — лёс і становішча іх мовы, а калі шырэй, дык на праблему іх этнаідэнтыфікацыі. А праблема гэта вялікая і складаная. Пра яе больш разгорнута — іншым разам. А сёння напрамую адносна выказванняў “Димыча” і “Семена Кандыбы”.
Ні ў якай меры не цешу сябе надзеяй абудзіць іх знявечаны беларускі дух. Гэта можа зрабіць толькі час (у больш спрыяльным варыянце, чым сённяшні) і праца над сабой, калі, вядома, у іх засталося хаця б крыху той часткі чалавечага матэрыялу, які здольны разабрацца ў сабе і грамадска-палітычным наваколлі.
Пачнём з галоўнага. Шаноўныя “Димыч” і “Семен Кандыба”, а хто гэта вас упаўнаважыў рабіць заявы ад імя ўсіх “русскоговорящих белорусов”? Ці ведаеце вы афіцыйныя вынікі апошняга перапісу насельніцтва ў Беларусі і ў яго кантэксце — стаўленне беларусаў (і не толькі беларусаў) да беларускай мовы? Тут вы не валодаеце інфармацыяй ні на адзін працэнт. І таму, як кажуць у народзе, перш чым правіць пацеры, варта было б зазірнуць у святцы. Рабіць такія выпады-сцвярджэнні, як гэта робіце вы, можа толькі малаадукаваны, бескультурны чалавек, інтэлектуальна-маральны калека. І, вядома, той, хто не бачыць далей гэтай зямлі і гэтага часу, той, чыя свядомасць не адчула на сабе подыху ні дыялектычнага матэрыялізму, ні класічнага ідэалізму, той, хто не думае аб выратаванні сваёй душы.
А цяпер вернемся на грэшную зямлю, дзе стаць блудным сынам у адносінах да свайго агменю — прасцей простага, асабліва калі на гэта цябе накіроўвае-падбухторвае і правячы прамаскоўскі рэжым з яго паўсядзённым антыпатрыятычным, антыкультурным і антыдэмакратычным пафасам як на словах, так і на справах.
Вы, “Димыч” і “Семен Кандыба”, называючы беларускую мову “тарабарщиной”, заклікаеце (каго?) “не дурить голову”. Ды вам і не трэба дурыць вашы галовы, бо яны ўжо і так задураны і да такой ступені, што вы нагадваеце таго пеўня з байкі Крылова “Петух и жемчужное зерно”, які адпрэчвае ад сябе гэта зерне, бо яно не для страўніка. Як тут не ўспомніць вялікага Леанарда да Вінчы, які людзей, што адпрэчвалі ад сябе вышэйшыя каштоўнасці і субстанцыі, называў стрававальнымі трактамі. Але нічога не паробіш, калі ёсць істоты, у якіх у галаве, як кажуць французы, — пэль-мэль (каша), і калі яны не ведаюць, што гавораць і што робяць. Праўда, часам істоты гэтыя ў тым не вінаватыя з той прычыны, што розум іх дрэмле. Але ж у нашым выпадку хай іх дрымота ведае, што пра беларускую мову з вялікім піетэтам у свой час пісалі і гаварылі такія сусветныя славутасці, як паэт А.Міцкевіч, вучоны-славіст П.Шафарык, этнограф і мовазнаўца Я.Карскі і іншыя.
Добра, што “Димыч” і “Семен Кандыба” яшчэ — ці ўжо — разумеюць, што на беларускай мове можна толькі спяваць. Дзякуй ім і за гэта. Агульнавядома, што мова — душа народа. А песні спявае душа. А ёсць душа — усё астатняе адродзіцца і прыкладзецца. А там глядзі — і манкурты, магчыма, перастануць быць манкуртамі.
“Димыч” і “Семен Кандыба”, вы, як бы распярэзаўшыся, імкнецеся ганьбіць і абражаць Я.Коласа і Я.Купалу і іх творчасць, супрацьпастаўляючы ім Пушкіна, Лермантава, Ясеніна — вядома, з іх творчымі набыткамі. Вашы, мякка кажучы, некарэктныя, а дакладней — аблыжныя абвінавачанні ў адрас класікаў беларускай літаратуры абсалютна беспадстаўныя, яны лішні раз сведчаць, што вы не ведаеце ні іх жыцця, ні творчасці, ні ўзаемаадносін з уладнымі рэжымамі. Хай будзе вам і падобным да вас вядома, што і Колас, і Купала пераследаваліся як у царскія часы (першы сядзеў у турме), так і пры панаванні камуна-бальшавікоў (другі спрабаваў зрабіць сабе харакіры, а потым яго фізічна знішчылі). Дарэчы, Янку Купалу — дакладней, частку яго творчасці — пераследуюць у Беларусі і сёння. Ці не знята яго п’еса “Тутэйшыя” з рэпертуару Купалаўскага тэатра? Чаму? Ды таму, што там паказана голая праўда, як у Беларусі небяспечна быць беларусам. Па сіле мастацкай выразнасці п’еса стаіць у адным шэрагу з бессмяротнымі драматургічнымі тварэннямі У.Шэкспіра. Гэта можна сказаць аб многім у творчасці Купалы. Што ж да некаторых камуністычнага кшталту “дрындушак”, як іх называў сам паэт, дык гэта было зроблена за яго і пад яго як пры “дапамозе” чужынцаў, так і сваіх “беларускіх сыноў”. Прачытайце верш Я.Купалы “Беларускія сыны” — і вы ўсё зразумееце і, верагодна, сябе там пазнаеце. Нельга не пагадзіцца з адным з сучасных паэтаў, які сцісла і вычарпальна выразна сказаў пра Янку Купалу:
Нарадзіся Купала ў Англіі, —
Быць яму між Шэкспірам
І Байранам.
У гэтым рэчышчы можна гаварыць і пра Якуба Коласа і яго творчасць. Ягоная “Новая зямля” па маштабнасці і аб’ёме ахопу ў паказе адначасна канкрэтнага чалавечага і народнага жыцця стаіць на адной лініі дасягненняў сусветнай класікі (Гамер, А.Дантэ, Дж.Мільтан, І.Гётэ, Дж.Байран, А.Міцкевіч, Г.Лангфела і іншыя). Таксама высока сягае ў духоўнай прасторы чалавецтва “Сымон-музыка” і эпічная проза паэта. Названыя творы Я.Коласа пазначаны пячаткай найвышэйшага мастацкага ўзроўню.
Дзіўна, як гэта “Димыч” і “Семен Кандыба” не ўзгадалі сваім брудным словам анёлападобнага Максіма Багдановіча, жыццё і творчасць якога сваёй цнатлівасцю і патрыятычным парывам дадуць фору многім, разам узятым, раскручаным і навязаным так званай шырокай грамадскай аўдыторыі майстрам слова.
У такім ключы неабходна гаварыць пра жыццё і творчасць Максіма Гарэцкага і многіх іншых. Дарэчы, гадоў дваццаць таму маскоўскае выдавецтва “Правда” ў ёмісты зборнік “Русский военный рассказ” уключыла твор М.Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне”, не ўказваючы, што гэта твор беларускага аўтара. Па сіле мастацкай праўды, псіхалагічнай глыбіннасці названы твор класіка беларускай літаратуры, як сцвярджаюць многія спецыялісты па літаратуры, пераўзыходзіць некаторыя сусветна вядомыя творы на гэтую тэму пісьменнікаў так званага страчанага пакалення (Э.М.Рэмарка, Э.Хэмінгуэя, Р.Олдзінгтана, А.Барбюса і іншых). Дык чаму б было выдавецтву “Правда” не паспрабаваць прысабечыць для рускай літаратуры гэта славутае імя?
А ці ведаюць “Димыч” і “Семен Кандыба”, што дзесяць гадоў таму на еўрапейскім конкурсе духоўных гімнаў беларускі гімн “Магутны Божа” заняў першае месца? Аўтар слоў названага твора — класік беларускай літаратуры Наталля Арсеннева, аўтар музыкі — Мікола Равенскі. Неабходна заўважыць, што Н.Арсеннева па нацыянальнай прыналежнасці — руская. Дарэчы, яна паходзіла з таго роду Арсенневых, адкуль паходзілі бабуля па маці М.Лермантава, прэм’ер-міністр Расіі П.Сталыпін і іншыя знакамітыя асобы.
А цяпер колькі слоў пра рускіх паэтаў А.Пушкіна, М.Лермантава і С.Ясеніна. Ніхто не адмаўляе, што Пушкін у Расіі для многіх, нават тых, хто яго не чытаў і не чытае, — гэта ўсё. Але можна ўявіць, як рэагуюць патрыёты Каўказа, у чый адрас былі скіраваны імперска-шавіністычныя радкі паэта:
...Страшись, Кавказ, Ермолов едет...
Пушкіну падтакваў Лермантаў:
...злой чечен ползет на берег,
Точит свой кинжал...
Тут славутыя паэты з самадзяржаўнай імперскай уладай — заадно.
У Лермантава на Каўказе была мянушка, якую далі яму горцы, — “паручнік-смерць”. Як сведчаць многія літаратурныя і іншыя крыніцы, падчас ваенных экспедыцый паэт быў бязлітасны і да мірных насельнікаў (старых, дзяцей, жанчын) горскіх аулаў.
Што ж тычыцца канфлікту паміж паэтамі і ўладным рэжымам, то канфлікт той знаходзіўся больш на асабовым узроўні, на ўзроўні незапатоленых патрабаванняў і памкненняў дэманічных натур (асабліва ў аўтара “Героя нашего времени”).
Ні аднаго, ні другога паэта не хвалявала, а як паставяцца да іх, па-сучаснаму кажучы, антыдэмакратычных вершаў у свабодным свеце. Ці не таму ў Пушкіна з’яўляліся такія шавіністычныя вершы, як “Клеветникам России”, “Бородинская годовщина”, “Рефутация г-на Беранжера” і іншыя. Безумоўна, мы ні ў якім разе не адмаўляем у гэтых паэтаў яскравага паэтычнага пачуцця і вялікага таленту.
Блізкае па сэнсе можна сказаць і ў адрас трагічнага С.Ясеніна. Аднак не станем на манер “Димыча” і “Семена Кандыбы” абвінавачваць “певца страны березового ситца” “в приспособленчестве к большевистской власти” за радкі:
Небо — как колокол,
Месяц — язык,
Мать моя — Родина,
Я — большевик.
Не будзем папракаць яго і ў любові да Леніна (верш “Капитан земли”, паэма “Анна Снегина” і іншыя).
Хвароба дэманізму ў свой час навалілася і на Ясеніна, і ў той складанай грамадска-палітычнай сітуацыі, “в развороченном бурей быте” было цяжка разабрацца, тым больш выстаяць, каб трагічна не абарвалася жыццё.
Ніякіх слядоў дэманізму ў жыцці і творчасці Я.Коласа, Я.Купалы і іншых выдатных беларускіх майстроў слова, калі б і хацеў, дык не знойдзеш. Яны — вялікія патрыёты, гуманісты, дэмакраты і інтэрнацыяналісты па сваёй сутнасці. Бо ніколі не імкнуліся паставіць сябе і свой народ над іншымі, і, фігуральна кажучы, ніякім дэманам сваю душу не ўручалі. Яны адначасова былі вялікімі беларусамі і сапраўднымі ўсечалавекамі. Іх галасамі ў свой час “на свет цэлы” азвалася Беларусь, беларуская душа. Іх словы — актуальныя і сёння. Але і сёння, праўда, у адрозненне ад тых гадоў, калі ворагі беларушчыны рыхтавалі ордэры на арышты народных паэтаў, непрыяцелі кшталту “Димыча” і “Семена Кандыбы” не супраць выдаліць славутыя імёны з духоўнай і культурнай прасторы Беларусі.
Напрыканцы нельга не звярнуць увагу на іх разважанні аб уладзе, якая трымаецца нібыта на такіх, як яны, аб нейкіх уяўных (віртуальных) чарговых дэстабілізацыях і рэвалюцыях, якія нібыта можа справакаваць... беларуская мова. Такія заявы, апрача ўсяго, сведчаць, што рукамі “Димыча” і “Семена Кандыбы” водзяць асобы з уладных ці прыўладных калідораў. Тут, побач з нянавісцю да беларускай мовы, праглядаецца яшчэ і страх перад спракавечнай духоўнай каштоўнасцю Беларусі як з’явай і праявай, якая можа квітнець толькі на прасторах дэмакратычнага жыцця
Не першы год і не першае стагоддзе беларуская мова існуе то амаль латэнтна, то зрэдзь часу амаль напоўніцу, гэта значыць з падтрымкай дзяржавы. І заўсёды яна імкліва і аб’ёмна развівалася па універсальных законах духоўнай прасторы чалавецтва. Аб добрай распрацаванасці любой мовы сведчыць сярод іншага і такі факт. Чым лепш распрацавана мова, тым меншую плошчу друкаванага аркуша займае мастацкі ці навуковы (тэхніка, медыцына, юрыспрудэнцыя і г.д.) тэкст на гэтай мове. Так, да прыкладу, зыходзячы з дадзенага параметра, сярод англійскай, нямецкай, польскай і рускай моў беларуская мова займае не апошняе месца.
І гэта пры тым, што беларускую мову амаль рэпрэсуюць штодзень, штогод і г.д., што яна — “апазіцыянерка”, якую некаторыя гатовы зліквідаваць ушчэнт.
І яшчэ. Для нармальных людзей беларуская мова напоўніцу і якасна абслугоўвае любых відаў і родаў літаратуру, і ў інтэрнеце ёй ёсць годнае месца.
Як паказвае жыццё, мова беларуская жыла, жыве і будзе жыць, і ніхто ёй сонца не заслоніць. А таму, хто імкнецца да гэтага, нагадаем радок з байкі К.Крапівы “Сава, асёл ды сонца”: “Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала”. Што ж тычыцца шырокага ўжывання беларускай мовы ў Беларусі, то яно — непазбежна, як непазбежна наступленне дэмакратыі і ўзыход сонца. І гэта не простыя заклінанні, а закон дыялектыкі як матэрыялістычнай, так і ідэалістычнай. І ўжо відно: недзе, дзесь на глыбіні, многае пачынае мяняцца. Хутка пачне мяняцца і той няўстойлівы, па-свойму не дарэшты зманкуртызаваны беларус, пра якога піша паэт:
Ён — і заходнік, і усходнік;
Ён — праваслаўны й каталік;
Ён — і пралазнік, і праходнік;
Ён — бальшавік і меншавік;
Ён — патрыёт, і ён жа — здраднік;
Ён — і пярэднік, ён — і заднік;
Ён — і пшэпрашэм, і урус...
Забіты — хітры беларус.
Так, і ён пачне мяняцца ў бок святла, у бок годнасці і мудрасці!
Жыве беларуская мова! Жыве Беларусь!
Яўген ГУЧОК, выкладчык рускай мовы і літаратуры.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне