ДЫСКУСІЙНАЯ ТЭМА
Смяротная кара
Адмена смяротнай кары — тэма дыскусійная. Адным здаецца, што калі злачынцы пераўтвараюцца ў звяроў, то забіць такіх рука не здрыганецца. Другія лічаць, што злачынцамі становяцца і тыя, хто аднімае жыццё нават у мэтах правасуддзя, і выступаюць за адмену смяротнай кары. Але пакуль смяротныя прыгаворы і выносяцца, і прыводзяцца ў выкананне. Зараз вырашэння свайго лёсу чакаюць два гродзенцы — Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка, прыгавораныя да вышэйшай меры. І пакуль Вярхоўны суд будзе вызначацца са сваёй пазіцыяй наконт гэтай крывавай справы, ёсць магчымасць паглядзець на яе з улікам розных меркаванняў і абставін.
Праваабаронцы ўважліва вывучылі гэтую справу, сустрэліся з зацікаўленымі асобамі і выклалі свае разважанні ў артыкуле.
На першы погляд здаецца, што ўсё адназначна. Жорсткае забойства. Тры трупы. Злачынцы арыштаваныя. Віна іх даказаная ў судзе. Прысуд вынесены. Інфармацыя пра шакіруючую крымінальную справу прагрымела ў вядучых СМІ краіны і, мабыць, не пакінула абыякавым ніводнага гледача-чытача-слухача. “Выпраўленню не падлягаюць” — пад такім загалоўкам-вердыктам выйшаў артыкул у нумары ад 25 мая газеты “Рэспубліка”. Асаблівую ўвагу да гэтай публікацыі прыцягнуў яе аўтар — начальнік аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці Святлана Рахман, якая ў судзе па данай крымінальнай справе выступала дзяржаўным абвінаваўцам і патрабавала выключнай меры пакарання для А.Грышкаўцова і А.Бурдыкі. І ў даным выпадку разлік зразумелы: усумніцца немагчыма, бо інфармацыя, як кажуць, з першых вуснаў.
Было шмат загадак
Маючы на ўвазе наяўнасць сур’ёзных недахопаў сістэмы правасуддзя ў Беларусі, ініцыятары кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” пастараліся ўсё ж удакладніць некаторыя абставіны, якія паўплывалі на рашэнне дзяржавы ў асобе судовых органаў — да трох забойстваў дадаць яшчэ два.
Магчыма, што такім жа пытаннем задаваліся следчыя органы і суд, паколькі ў сваёй публікацыі Святлана Рахман кажа, што спачатку ўзнікла здагадка, што “для такой жорсткай расправы былі нейкія важкія прычыны, ці затрыманыя пакутуюць на псіхічныя захворванні”. Але тут жа працягвае: “На жаль, як аказалася, ні тое, ні другое...”.
Што тычыцца важкіх прычын, то выкрадзеныя з кватэры забітых рэчы — “камп’ютэр, фотаапарат, прадметы адзення” — з пазіцыі здаровага сэнсу наўрад ці могуць быць суразмерныя з трыма смерцямі. Але здагадкі аб псіхічных захворваннях, магчыма, маюць пад сабой некаторыя падставы, што высветлілася з размовы праваабаронцаў з маці Андрэя Бурдыкі, аднаго з асуджаных.
Ніна Сямёнаўна Бурдыка распавяла, што яе сын хворы:
— У яго нервовае захворванне — генералізаваныя цікі. Гэта хвароба з дзяцінства. Яна невылечная і праяўляецца перыядычна, у моманты абвастрэння чалавек не можа сябе стрымаць. Андрэй стаяў на ўліку, лячыўся стацыянарна. Часам, прыходзячы са школы, выдаваў гукі і казаў: “Мама, зараз я буду крычаць”. І я казала: “Крычы, сынок...” І ён крычаў на ўсю кватэру.
Дарослы, ён сябе шмат стрымлівае. У калоніі даводзілася занадта шмат сябе стрымліваць. Перад гэтым здарэннем Андрэй скардзіўся, што ў яго штосьці з галавой, губляе памяць. Яшчэ калі адбываў папярэдняе пакаранне ў калоніі, пісаў, што забывае словы, не можа выказаць свае думкі. І пасля вяртання ў яго тое ж самае было, і мы ўжо збіраліся ісці да неўрапатолага. Дарослым Андрэй ужо не наведваў лекара, бо саромеўся. Ён заікаўся і зараз заікаецца, калі хвалюецца.
Падчас сустрэчы якога-небудзь медыцынскага пацвярджэння, акрамя запісаў у дзіцячай медкартцы, у маці Андрэя Бурдыкі не было. Яна сказала, што ўсе арыгіналы даведак і заключэння УКК перадала ў справу па першай судзімасці.
— Але Андрэй і Алег праходзілі абследаванне падчас следства па данай справе аб забойстве. І Андрэй быў не згодны, ён сказаў, што адказваў адно, а запісана зусім іншае. Я размаўляла са следчым, які пацвердзіў, што Андрэй не згодны з заключэннем медкамісіі. Следчы сказаў, што, калі трэба, можна накіраваць на новы разгляд. Але калі адвакат напісаў прашэнне на паўторнае абследаванне, то следчы адмовіў па незразумелых для мяне прычынах, — распавядае Ніна Бурдыка. — Калі адбылося забойства, Андрэя, напэўна, справакавалі, і ён не стрымаў сябе. Я ведаю, што калі б ён быў здаровы, то стрымаў бы сябе. Я думаю, што ў момант здзяйснення злачынства ён быў альбо ў непрытомнасці, поўнай адсутнасці памяці, альбо ў стане афекту. Але ніхто не ўлічыў гэтага моманту. Я, вядома, яго не абараняю. Ён такога нарабіў... І сабе, і мне ... Але трэба, напэўна, улічваць крыху псіхічны стан чалавека.
Жанчына звяртае ўвагу і на іншыя абставіны судовага працэсу: “На судзе Андрэй і Алег увесь час спрабавалі сказаць, што спецыяльна забіваць не ішлі. Але ўсё зрабілі так, што быццам бы гэта было наўмысна”.
Ніна Сямёнаўна зачытала з ліста сына:
“Вядома, мама, мне цяжка ўсведамляць набліжэнне смерці з запаволеным чаканнем, ведаючы, што яна непазбежная і як прыкладна адбудзецца. Але я стараюся мірыцца з гэтым, увесь час узгадваючы, што я забіў чалавека. Да таго ж прысуд ужо вынесены, і следства скончылася. У цэлым вельмі шмат перакруцілі і сказілі ў абвінавачанні і прысудзе. Але што казаць пра гэта, трэба было пакараць — вось і склалі выгадныя фрагменты граматна, каб усё выглядала ўнушальна...”.
Новы смяротны прысуд як манеўр, які адцягвае ўвагу?
Нават не паглыбляючыся ў падрабязнасці гэтай крымінальнай справы, можна адзначыць, што яна цалкам упісваецца ў тыповую для Беларусі з’яву — бытавыя забойствы на глебе п’янства. Таму што ўсе — і пацярпелыя, і тыя, хто здзейсніў злачынства, — былі раней знаёмыя паміж сабою і, відавочна, не адзін раз разам распівалі спіртныя напоі.
У размове з праваабаронцамі маці Алега Грышкаўцова, Наталля Міхайлаўна, пацвердзіла, што яе сын сустракаўся з забітай 34-гадовай Аленай, яны былі знаёмыя каля двух гадоў.
— Алег распавядаў, што ў яе ёсць 11-гадовы сын Ілля. Я ведала, што гэта жанчына любіць выпіць, у яе кватэры пастаянна збіраліся розныя кампаніі і, па словах суседзяў, часта скандалілі, — узгадвае Наталля Грышкаўцова.
Вядома, бытавое п’янства не апраўдвае людзей, якія здзейснілі забойства. Але, тым не менш, у многіх выпадках абставіны цяжкіх злачынстваў выцякаюць з адной вялікай праблемы — праблемы алкагалізацыі грамадства. Урад павінен змагацца з гэтай з’явай, але асаблівых намаганняў не прыкладае, паколькі колькасць такіх злачынстваў упарта не зніжаецца, у чым пераконвае статыстыка.
“Па-ранейшаму большасць забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў са смяротным зыходам здзяйсняюцца на бытавой глебе і асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. У 2009 г. у стане алкагольнага ап’янення знаходзіліся 490 асобаў, якія здзейснілі забойствы. Чацвёра з кожных пяцярых забойцаў!.. Атрымліваецца, што забівае і п’янства. Па горкай іроніі лёсу часта сумеснае. Амаль у палове выпадкаў мела месца сумеснае ўжыванне спіртных напояў пацярпелым і злачынцам незадоўга да здзяйснення злачынства... Той, хто адпіў мазгі, цалкам можа стаць пры пэўных абставінах патэнцыйным забойцам”, — сведчыць афіцыйная статыстыка.
Складзены і партрэт забойцы, характэрны для 2009 года. Грамадзянін Беларусі, мужчына ва ўзросце звыш 30 гадоў, з сярэдняй адукацыяй, раней прыцягваўся да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці, не працуе і не вучыцца, злоўжывае спіртнымі напоямі і з’яўляецца ў дачыненні да ахвяры блізкім сваяком, сужыцелем ці знаёмым. Адносна пацярпелага можна сказаць, што, як правіла, на момант здзяйснення злачынства яны таксама знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, ужывалі спіртное разам з забойцам.
Такім чынам, у адзіны ланцуг з праблемай бытавых злачынстваў на глебе п’янства ўвязваецца праблема рэадаптацыі асобаў, якія выйшлі з турмаў, і іх уключэння ў нармальнае сацыяльнае жыццё грамадства. Тут шмат розных аспектаў — гэта і працаўладкаванне, і кантроль з боку праваахоўных органаў. Бо часта міліцыя абмяжоўваецца толькі тым, што абавязвае тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, працаўладкавацца, не праводзячы далейшай эфектыўнай прафілактычнай работы.
— Андрэя выпусцілі з калоніі, замяніўшы астатні тэрмін на папраўчыя работы. Але адзначацца ніхто не патрабаваў. Ні разу за ўсе гэтыя паўтара месяца, якія ён быў на волі, ніхто не пацікавіўся, не патэлефанаваў, не пракантраляваў. Калі б ён ведаў, што з 22.00 да сямі гадзін раніцы ён павінен быў быць дома, то гэтага, магчыма, і не здарылася б. Але кантролю ніякага не было, — разважае Ніна Бурдыка.
Да таго ж напярэдадні здарэння пажылы гаспадар кватэры спрабаваў суцішыць п’яную нявестку Алену з яе сябрамі, якія ўчынілі чарговы скандал. З гэтай мэтай ён настойліва, шэсць разоў (!), тэлефанаваў у міліцыю і прасіў прыехаць на выклік. Але ніхто не прыехаў. Як высветлілася падчас судовага працэсу, гэтыя шэсць званкоў нават не былі зафіксаваныя дзяжурнымі ў журнале, але яны пацвердзіліся ў расшыфроўцы тэлефонных размоў. На судзе таксама стала вядома, што за бяздзейнасць вінаватыя супрацоўнікі міліцыі былі пакараныя.
Зразумела, маштабнасць праблемы не апраўдвае здзяйснення забойстваў. Але, разам з тым, пакаранне ў выглядзе смяротнай кары (а гэта таксама забойства чалавека, але ўзаконенае дзяржавай!) не вырашае праблемы па сутнасці. Беларускія ўлады ў гэтым пытанні ўвесь час спасылаюцца на тое, што пакаранне ў выглядзе смяротнай кары з’яўляецца стрымліваючым фактарам. Але гэта не так. Само па сабе пакаранне не стрымлівае тых, хто забівае ў нецвярозым стане. Бо п’яны чалавек у агрэсіі не здольны думаць пра што-небудзь у прынцыпе і ўжо тым больш пра тое, што за зробленае яго пакараюць смерцю. І вынясенне смяротных прысудаў у даным выпадку выглядае як вуаліраванне дзяржавай сваіх істотных недапрацовак.
«Размыванне» віны
У данай крымінальнай справе няма канкрэтных сведак. Ёсць забойства трох чалавек і два абвінавачаных — і гэта фактычна ўсё. У падобных выпадках узнікае пытанне пра ролю канкрэтна кожнага ў здзейсненым злачынстве: хто каго забіваў.
З публікацыі пракурора не адразу зразумела, што С.Рахман мела на ўвазе: “Правёўшы некалькі месяцаў за кратамі ў перыяд папярэдняга следства, абодва злачынцы захавалі ў памяці акалічнасці той бурнай ночы і паведамілі пра іх следчаму, а затым і суду. Толькі з нагоды забойства Ніны іх паказанні разышліся. Абодва адмаўлялі дачыненне да яе смерці, упэўнена паказваючы адзін на аднаго. Прымаючы пад увагу колькасць нанесеных гэтай жанчыне нажавых ран, суд паверыў абодвум...”.
Але ўсё выглядае так, што следства проста падзяліла тры трупы паміж двума ўдзельнікамі злачынства.
Тое ж пацвярджаюць і адвакаты А.Грышкаўцова і А.Бурдыкі. Паводле іх меркаванняў, працэсуальных парушэнняў падчас следства і суда не было, але яны адзначылі, што прысуд пабудаваны ў асноўным на сведчаннях і прызнаннях абвінавачаных, здагадках па факце знойдзеных трох трупаў.
У такой сітуацыі складана разабрацца і даказаць, хто каго забіваў. Кожны з абвінавачаных прызнае віну часткова, у забойстве аднаго чалавека. Але застаецца яшчэ трэцяя ахвяра. Следства проста падзяліла тры трупы на двух абвінавачаных і не стала разбірацца, хто каго забіваў дакладна. Паказанні падсудных супярэчлівыя, і ўзнікла шмат рознагалоссяў. Але гэта значыць, што пры вынясенні прысуду, відавочна, не ўлічваўся прынцып індывідуальнасці пакарання. На думку ініцыятараў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, гэта павінен высветліць цяпер ужо Вярхоўны суд, устанавіўшы канкрэтную ролю ў тым, што адбылося, кожнага са злачынцаў. Бо калі трэцюю ахвяру яны забівалі не разам, то нехта выканаўца забойства, а нехта — саўдзельнік. І тады прыгавор у адносінах да яго нават па нашых законах несправядлівы...
Прыкрая гісторыя. І самае страшнае ў тым, што звычайная...
ВАС ЦІКАВІЦЬ...
У спісе «смяротнікаў» больш за 300 прозвішчаў
Як вядома, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, у якой выносяцца смяротныя прыгаворы. А ці ёсць статыстыка смярцей, санкцыянаваных дзяржавай? Колькі смяротных прыгавораў выносіцца і прыводзіцца ў выкананне?
Тамара Дзядзюля, г.Мінск.
Як нам паведамілі праваабаронцы незарэгістраванага цэнтра “Вясна”, гэтай статыстыкі ім прыйшлося дабівацца даволі доўга. Але ў рэшце рэшт Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адказала на запыт аб колькасці вынесеных і выкананых смяротных прысудаў з 1990-га па 2009 год.
Праўда, Міністэрства юстыцыі абмежавалася толькі інфармацыяй пра колькасць асуджаных да смяротнага пакарання (па прысудах, якія ўступілі ў законную сілу), ці ўсе гэтыя людзі былі расстраляны — не вядома.
Ітак, да смяротнага пакарання прыгавораны:
1990 год — 20 асобаў,
1991 — 21 асоба,
1992 — 24 асобы,
1993 — 20 асобаў,
1994 — 24 асобы,
1995 — 37 асобаў,
1996 — 29 асобаў,
1997 — 46 асобаў,
1998 — 47 асобаў,
1999 — 13 асобаў,
2000 — 4 асобы,
2001 — 7 асобаў,
2002 — 4 асобы,
2003 — 4 асобы,
2004 — 2 асобы,
2005 — 2 асобы,
2006 — 9 асобаў,
2007 — 4 асобы,
2008 — 2 асобы,
2009 — 2 асобы.
Па агульных падліках атрымліваецца, што з 1990-га па 2009 год да смяротнага пакарання ў Беларусі быў асуджаны 321 чалавек.
У адказе на запыт каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Ірыны Тоўсцік за подпісам начальніка кіравання арганізацыі і аналітычнага забеспячэння дзейнасці судовых органаў Л.А.Мяльгуй напісана:
“Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь не валодае данымі пра разгляд спраў з прызначэннем пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання ў касацыйным парадку і парадку нагляду, а таксама ў частцы выканання прысудаў і памілавання асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання. Функцыі ў сферы выканання і адбыцця пакарання ажыццяўляе Дэпартамент выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь”.
Дарэчы, у межах кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі ўжо звярталіся з аналагічнымі зваротамі ў Міністэрства ўнутраных спраў, у Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру. Усе пералічаныя органы ў сваіх адказах спасылаліся адзін на аднаго ў агалошванні афіцыйнай статыстыкі.
“Я лічу, што наша грамадства мусіць ведаць афіцыйную статыстыку як па вынесеных прысудах, так і па выкананых. Зацверджаны Указам прэзідэнта РБ №186 ад 12.04.2004 года “пералік звестак, што складаюць дзяржаўную таямніцу Рэспублікі Беларусь”, згадак пра смяротнае пакаранне не мае. Таму інфармацыя мусіць быць агучаная”, — пракаментаваў юрыст Валянцін Стэфановіч.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне