bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №100-101 (3228-3229) - "РОЗДУМ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

РОЗДУМ

Ці ж мы беларусы?

Аўтар: I 28 чэрвеня 2010 г.
Хутчэй — манкурты, якія выракліся роднага на карысць чужога

За дзвесце з лішнім гадоў русіфікацыі наш народ ледзь не канчаткова адбіўся ад свайго роднага беларускага, грунтоўна прызвычаіўся да чужога, рускага і не схільны нічога мяняць. З намі адбываецца тое, што і з многімі зняволенымі: лагерны тэрмін закончаны, а на волю не хочацца выходзіць, бо там, на свабодзе, трэба будзе самім клапаціцца і пра дах над галавой, і пра трохразовае гарачае харчаванне, і яшчэ шмат пра што, без чаго нельга па-людску жыць.

Вось і большасць нашых дзеячаў культуры не хоча адмаўляцца ад ужо не ў першым пакаленні засвоеных рускіх стандартаў, культурную ніву Беларусі яны засяваюць не сваім, а чужым насеннем, наперад ведаючы, што за гэта здабудуць вялікую ласку ад канчаткова адарваных ад нацыянальных традыцый палітыкаў, прычым самых высокіх рангаў, а таксама падначаленых ім ідэолагаў. Чынушы цвёрда перакананыя і ні на ёту не памыляюцца, што калі будуць спрыяць творчай інтэлігенцыі ў развіцці рускай культуры на этнічнай зямлі беларусаў, то толькі адзінкі з іх у вузкім коле сяброў шэптам выкажуць незадаволенасць. А вось калі ўлады па-сур'ёзнаму возьмуцца за ўмацаванне пазіцый беларускага фактару ў духоўным жыцці, што магчыма толькі пры абмежаванні — прычым вельмі істотным — у ім усяго рускага, тут не ўхіліцца ад пратэсту, асабліва з боку самой творчай інтэлігенцыі, паколькі менавіта яна, а не просты люд, з'яўляецца галоўным стваральнікам, распаўсюджвальнікам у нашым родным доме рускіх культурных каштоўнасцяў. Вось таму, відаць, і бяздзейнічаюць дзяржаўныя ўлады, спакойна назіраючы за дэградацыяй нацыянальнай культуры. Да таго ж яны ведаюць, што гэта пойдзе на карысць той агульнай адзінай культурнай прасторы (чытай: рускай), якая павінна ўсталявацца на прасторах саюзнай расійска-беларускай дзяржавы.

Поўнае і да таго ж яшчэ працяглае ігнараванне дзяржавай нацыянальнага фактару ў сваёй культурнай палітыцы, нечуваныя маштабы распаўсюджвання і развіцця рускай культуры на беларускай зямлі немінуча вядуць да страты яе карэнным насельніцтвам свайго непаўторнага этнічнага аблічча. І колькі ж яшчэ часу мы будзем з заплюшчанымі вачыма глядзець на поўнае банкруцтва такой дзяржаўнай палітыкі, на такую шкодную буйнамаштабную дзейнасць творчай інтэлігенцыі па ўзбагачэнні духоўнага жыцця нашай зямлі набыткамі рускай культуры?! Няўжо так цяжка зразумець, што яно ўжо і сёння не мае важкіх, калі не сказаць аніякіх, падстаў, каб называцца беларускім, а яго носьбітаў лічыць беларусамі?!

Паводле некаторых меркаванняў, з гэтым у пэўнай ступені пагаджаецца і кіраўніцтва краіны. Яму добра вядома, што колькі гадоў таму ЮНЕСКА занесла беларускую мову ў спіс тых, якім рэальна пагражае адміранне. Які сорам для суверэннай дзяржавы! І ніхто з нашых высокіх палітыкаў, падначаленых ім ідэолагаў не запярэчыў такому, бясспрэчна, справядліваму вердыкту. Значыцца, яны згодныя з адміраннем мовы, а адсюль і са знікненнем з гістарычнай арэны яе прыродных носьбітаў — беларусаў, трансфармацыі іх у рускіх, толькі больш нізкага статусу.

Наколькі наша сучаснае нацыянальна-культурнае жыццё моцна здэфармавана, зусім не адпавядае беларускасці, можна было б усім добра пераканацца, калі б якая-небудзь уплывовая, аўтарытэтная міжнародная арганізацыя наказала нашаму народу хоць адзін тыдзень пажыць паводле толькі сваіх культурна-моўных стандартаў, падалей адкінуўшы рускія. Давялося б з дня на дзень слухаць па радыё і тэлебачанні адны і тыя ж папулярныя беларускамоўныя песні, падчас наведвання канцэртаў апладзіраваць адной і той жа пяцёрцы-сямёрцы беларускамоўных эстрадных артыстаў. Што датычыцца опернага тэатра і тэатра аперэты, дык тут адзін і той жа беларускамоўны спектакль даводзілася б паказваць некалькі разоў на тыдзень. Во дажыліся! На замок былі б зачынены ўсе кінатэатры краіны з-за таго, што фільмы ў іх не дэманструюцца на беларускай мове. З гэтай прычыны шмат праблем узнікла б з арганізацыяй тэлеперадач. Кіраўніцтву Міністэрства інфармацыі давялося б у ножкі кланяцца беларускамоўнай прыме-тэлевядучай савецкага часу Зінаідзе Бандарэнка, каб яна згадзілася хаця б на працягу некалькіх хвілін знаёміць людзей з падзеямі ўнутранага і міжнароднага жыцця. Трохі змякчыць аднастайнасць культурнага жыцця дапамог бы толькі багаты беларускі фальклор. Але, як мы ведаем, сучасныя беларусы зараз больш жывуць не з яго, а з прафесійнай элітарнай культуры, ва ўмовах Беларусі гэта значыць — рускай.

З-за невалодання педагагічным корпусам беларускай мовай сапраўдны калапс ахапіў бы ўсю нашу антынацыянальную сістэму адукацыі, асабліва яе вышэйшае звяно. Без усякай справы сядзелі б у сваіх кабінетах навукоўцы (за выключэннем нейкай часткі гуманітарыяў), архітэктары, праекціроўшчыкі, банкаўскія, медыцынскія работнікі…

Але, відаць, самае страшнае тое, што ў нас з-за невалодання беларускай мовай чыноўніцкім апаратам поўнасцю замерла б дзяржаўнае жыццё: спыніліся б пасяджэнні дзвюх палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, не ладзіліся б амаль штодзённыя выступленні прэзідэнта краіны. Не арганізоўваў бы сваіх службовых сустрэч з падначаленымі кіраўнік урада краіны. Каб хоць неяк змякчыць у сферы дзяржаўнай дзейнасці напругу з моўнай сітуацыяй з-за неадпаведнасці ёй нашых самых высокіх палітычных лідэраў, давялося б прасіць Станіслава Шушкевіча ці Вячаслава Грыба выступіць у ролі прэзідэнта і прэм'ера краіны, бо яны маюць неблагі вопыт кіравання і да таго ж  не цураюцца роднага слова.

Беларускамоўная непісьменнасць добра далася б у знакі ўсім сілавым міністэрствам і ведамствам, прычым як самым высокім, так і самым нізкім звёнам. У іх штатах хутчэй за ўсё не знайшлося б аніводнай службовай асобы, здольнай па-беларуску даць каманду аб разгоне дэманстрантаў ці ўдзельнікаў мітынгаў. Затое для апазіцыянераў гэта быў бы самы шчаслівы тыдзень.

Наўрад ці вынес бы службовую нагрузку адзіны ва ўрадзе краіны беларускамоўны міністр культуры, бо яго ж, каб зусім не спынілася дзяржаўная дзейнасць, абавязалі б афіцыйна выступаць і па пытаннях эканомікі, палітыкі, сацыяльнага жыцця… У гэтыя беларускія культурна-моўныя дні без справы застаўся б штаб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Шапку знялі б перад патомкам славутага роду Гарэцкіх — беларускамоўным акадэмікам Радзімам Гарэцкім, умаляючы не даць хоць на пяць-сем дзён амярцвець айчыннай акадэмічнай навуцы. Жывём жа ў век, калі краіне і дня не пражыць без сур'ёзнай навукі.

Спыніць сваю службу давялося б практычна ўсім праваслаўным цэрквам з-за невалодання беларускай мовай іх святарамі. Хіба мо толькі адважыліся б запрасіць на месца папоў каталіцкіх ксяндзоў, для абсалютнай бальшыні якіх наша мова не з'яўляецца непераадольным бар'ерам. Асабліва шмат праблем у праваслаўнага духавенства ўзнікла б, калі б беларускамоўны тыдзень выпаў на Вялікдзень ці Нараджэнне Хрыстова. Без удзелу папоў вернікі вымушаны былі б святкаваць іх хто як умее ці хто як захоча.

У час нязвыклага для бальшыні людзей беларускага культурна-моўнага тыдня не сутыкнуліся б з ніякімі яго праблемамі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, чаго не скажаш пра іх калег з Саюза пісьменнікаў Беларусі, бо ў яго рэспубліканскім і абласных апаратах нямала занадта далёкіх ад беларускай мовы асобаў. Ніякіх карэктыў не даводзілася б уносіць у сваю практыку Таварыству беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Згуртаванню беларусаў свету "Бацькаўшчына", Таварыству беларускай школы, Мінскаму гарадскому культурна-асветніцкаму клубу "Спадчына", якім больш за чвэрць стагоддзя нязменна кіруе Анатоль Белы. Да іх можна дадаць і яшчэ адзін-два дзесяткі невялікіх беларускамоўных суполак, што ніколькі не мяняе да лепшага стан роднага слова тытульнай нацыі ў афіцыйным жыцці.

Калі ж абавязак на працягу тыдня выкарыстоўваць толькі беларускую мову распаўсюдзіць яшчэ і на міжасобасныя зносіны людзей, дык ва ўсёй краіне ўсталявалася б ледзь не суцэльнае маўчанне. Суверэнная Рэспубліка Беларусь, як цэнтральная частка Еўропы памерам 207,6 тыс. кв. км, пераўтварылася б у культурна-моўным плане ў сапраўдную пустыню Сахару, Мёртвае мора, Галодны стэп. Людзі не віталіся б са словамі адзін да аднаго, нікога не віншавалі б з днём народзінаў, маўчалі б, праводзячы на той свет сваіх родных і знаёмых. Шмат непрыемнасцяў прынёс бы гэты беларускамоўны тыдзень для самых маленькіх грамадзян нашай краіны, бо не было б каму спяваць ім калыханку на роднай мове тутэйшага насельніцтва. І такія прыкрыя прыклады можна доўжыць бясконца.

Вывядзенне беларускай мовы з афіцыйнага жыцця бокам вылазіць нашаму народу. І, як трэба было чакаць, найбольшыя страты нясе яго нацыянальная культура. Страшна нават падумаць, каб і ўсе іншыя нешматлікія еўрапейскія народы, як і беларусы, пачалі працаваць не на сваю, а на чужую культуру: чэхі — на нямецкую, сербы —  на італьянскую, галандцы — на французскую, партугальцы — на англійскую… Дашчэнту было б разбурана самае каштоўнае, што ёсць на еўрапейскім кантыненце — яго культурна-моўная разнастайнасць.

Сваёй неабдуманай, неапраўданай працай на два культурныя фронты з наданнем поўнага прыярытэту рускаму фактару мы толькі разбураем нацыянальны патэнцыял духоўнага жыцця краіны, робім яго (уласнымі стараннямі!) непадобным на беларускае. Калі раней нас да гэтага вымушалі Санкт-Пецярбург, Масква, зараз — улады суверэннай Рэспублікі Беларусь. На ўсёй зямной кулі не знойдзеш такога дзікунства, такога нацыянальна-культурнага самаедства (?!).

Вось такі ў нас на сёння рэальны стан нацыянальна-культурнага жыцця, што не дае нават мінімальных падстаў называць карэннае насельніцтва краіны беларусамі, а яе — Беларуссю. І што мяне хвалюе — мы і ў гэтай на ўсе сто працэнтаў стратнай, начыста прайгранай сітуацыі са скуры лезем, каб не толькі ўжо гатовую, калісьці створаную рускую культуру шырыць на беларускіх абшарах, а яшчэ і самім удзельнічаць у  прымнажэнні яе набыткаў, г.зн. капаем самі сабе магілу. Ці не прабіў час садзіцца за стол і складаць рэквіем па ўсім беларускім?

Мяне здзіўляюць мае блізкія і знаёмыя сваёй непадробнай радасцю, сваім наіўным аптымізмам з нагоды таго, што дзесьці стварылі з дзесяці дзяцей беларускамоўную дашкольную групку, што кіраўніцтва нейкага абласнога радыё пастанавіла на працягу рабочага дня перадаваць не менш як тры беларускамоўныя песні, што ў памяць той ці іншай слыннай асобы нашай зямлі выдадзены беларускамоўны кішэнны каляндарык. Я ж на ўсё гэта гляджу як на сімптомы адыходу беларускага народа ў нябыт, бо ці паводле ж такіх нікчэмных крытэрый павінны вызначацца яго нацыянальная жыццяўстойлівасць, яго будучыня, ці ж гэтым можна выцягнуць яго з асіміляцыйнай багны? З гэтай нацыянальнай трагедыяй можна справіцца толькі праз правядзенне ўзважанай дзяржаўнай палітыкі тыпу міжваеннай беларусізацыі. Вельмі шкада, што ў сённяшняй сітуацыі такое абсалютна немагчыма. Дзяржаўны апарат знізу даверху поўнасцю ўкамплектаваны рускамоўнымі кадрамі і ў дадатак да гэтага яшчэ прамаскоўскай арыентацыі. У сусветнай практыцы процьма прыкладаў, калі адрачэнцы ад нацыянальнага ідэалу роднай Бацькаўшчыны больш зацята вядуць з ім барацьбу, чым прадстаўнікі некарэннага насельніцтва. Сказанае ў роўнай меры датычыцца як палітыкаў, так і творчай інтэлігенцыі. У сучасных умовах адраджэнскім сілам Беларусі ніяк нельга разлічваць на ўлады, а трэба настойліва шукаць іншыя шляхі для выратавання яе тытульнай нацыі ад русіфікацыі.

Прадчуваю, як цяжка будзе на душы ў шчыра заклапочаных лёсам свайго народа людзей ад маіх слоў, але мушу сказаць праўду, што паводле ўсіх найважнейшых культурна-моўных складнікаў сённяшняя Беларусь — гэта тыповая калонія Расіі. І дзеля дасягнення гэтай запаветнай мэты многіх пакаленняў русіфікатараў чужой і сваёй гадоўлі яны так ніколі плённа, вынікова не працавалі, як пасля майскага (1995 г.) рэферэндуму.

Як вядома, першай пачало планамерную дзяржаўную палітыку русіфікацыі беларусаў царскае самадзяржаўе, паспяхова прадоўжыла яе савецкая камандна-бюракратычная сістэма кіравання грамадствам, а давяршыў гэтую злачынную справу ўсталяваны ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашай краіне магутны, шырокаразгалінаваны чыноўніцкі апарат, які на службу сабе паставіў і ўсю раць нацыянальна здэфармаванай творчай інтэлігенцыі. У знясіленай ад русіфікатарскай палітыкі сапраўднай нацыянальнай эліты не хапіла энергіі, каб не даць беларускаму народу апынуцца пад ботам, бясспрэчна, адной з самых развітых і багатых у свеце рускай культуры.

На пастаўленае ж у загалоўку артыкула пытанне мой адказ такі: каб мы сталі сапраўднымі беларусамі, дзяржава, улады не павінны на нашай гістарычнай тэрыторыі займацца русіфікацыяй нацыі. Калі гэта не спыніць, то нацыянальная культура будзе канчаткова знішчана, што не адпавядае інтарэсам ні саміх беларусаў, ні ўсёй славянскай супольнасці народаў, ні ўсяго цывілізаванага свету. Ніколі не былі ў пашане народы, якія, як і беларусы, займаліся культурна-моўным жабрацтвам. Каб жыць набыткамі чужой культуры, вялікага таленту не патрабуецца, затое не ўнясеш аніякага ўкладу ў духоўнае багацце планеты Зямля.

Ніколькі не баюся крытыкі ў свой адрас і смела заяўляю: чым менш будзе рускага ў культуры Беларусі, тым лепш будзе пачуваць сябе ў сваім родным доме яе нацыянальная культура. Дык не пашкадуем сваіх творчых сіл дзеля дасягнення такога ўзвышанага нацыянальнага ідэалу. Пакуль што яшчэ не ўсё страчана. Ёсць у сусветнай практыцы выпадкі, калі і ў такой, здавалася б, поўнасцю пройгрышнай сітуацыі народы знаходзілі паратунак. Раптам і мы яго адшукаем.

Леанід ЛЫЧ,

доктар гістарычных навук, прафесар.

 

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

Андрей (29.06.2010 15:04)

Ай да профессор! Одним махом... Одних тем страхом побивахом, что «пад ботам» языка Пушкина, Гоголя, Толстого, Чехова, Маяковского, «не ўнясеш аніякага ўкладу ў духоўнае багацце планеты Зямля», других — тем страхом, что перемены могут означать проведение «дзяржаўнай палітыкі тыпу міжваеннай беларусізацыі». Короче, от добра добра не ищут, а голосуют, не мудрствуя.

Margarita (30.06.2010 02:39)

Шаноўны прафeсар, Дзякуй за артыкул. Usim patryjetam neabhodna prykladac namahanni kab ne dajshlo da trahedyi.

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл