ДАЛЁКАЕ-БЛІЗКАЕ
Невядомы Жукаў
Звычайны даваенны двухпавярховы мураваны дом з двума пад'ездамі, тыповы і двор яшчэ той пары. Захаваліся на франтонах нават дзве велізарныя чырвоныя зоркі, сведчанне, што тут жылі камандзіры Чырвонай Арміі...
— Пра Жукава напісана шмат, пра яго ведаюць, бадай, усё, — роздумна дзялюся з Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам мсяцовага краязнаўчага музея. — Што вядома пра ягонае жыццё ў Слуцку?
— Не шмат, — адказвае ён, — але ёсць адна-дзве дэталі, якія, на маю думку, характарызуюць Жукава як чалавека, а не толькі як славутага военачальніка, палкаводца.
— І гэтыя дэталі не прыдумка, не "наслаенне часу"?
— Ні ў якім разе, — запэўнівае Васіль Цішкевіч. — Ёсць дакументальна засведчаныя ўспаміны Фёклы Дамінікаўны Скібры. Яна служыла вось у той (Васіль паказвае рукой на вялікія вокны) трохпакаёвай кватэры на другім паверсе, дзе з 1936-га па 1937 год пражываў камдыў 4-й кавалерыйскай казацкай дывізіі Г.К.Жукаў. Якраз у 36-м у сям'і Жукава нарадзілася другая дачка, і Фёклу Дамінікаўну нанялі прыглядваць за дзецьмі, за кватэрай. Дагэтуль яна жыла ў вёсцы Лядна, а потым пераехала ў горад, прычым не адна, а са сваёй 11-гадовай дачкой. Паводле слоў жанчыны, на тым настаяў сам Жукаў — маўляў, нікуды не варта, каб дзіця, асабліва дзяўчынка, жыла далёка ад маці. Больш таго, Георгій Канстанцінавіч настаяў, каб дачка Фёклы наведвала 1-ю гарадскую школу, і ён жа асабіста плаціў за яе навучанне, бо тады навучанне было платнае.
І яшчэ адзін штрышок... Неяк Фёкліну дачку напаткала непрыемнасць — зламала нагу. Дык, уяўляеш, сам камдыў вазіў яе на тачанцы, ды не адзін раз, у паліклініку. Купляў лекі, нават некаторыя прывозілі з Мінска.
У 1937-м Жукаў пакідаў Слуцк, так вырашылі ў Маскве. Фёкла Дамінікаўна расказвала, што развітваліся як самыя блізкія людзі, як радня. Георгій Канстанцінавіч падараваў жанчыне ўсю сваю мэблю. На добры ўспамін, казаў, каб памяталі і не ўспаміналі ліхам кавалерыста Жукава.
Вось такім быў Георгій Канстанцінавіч у абыходжанні з простай слуцкай жанчынай, якая, дарэчы, усю вайну малілася за яго...
— Можа, гэта і не цуд, — кажу Васілю, — але ж часцінка гісторыі майго роднага Слуцка. Жукава ўсе ведалі як надзвычай строгага, нават жорсткага чалавека, а тут...
Тады быў мірны час, а на вайне... Тое ведаюць толькі людзі вайны.
Георгій ПЛАТОНАЎ.
Слуцк.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне