МАЗАІКА
МАЗАІКА
Яшчэ адна спроба…
45-гадовы Алег Мікульчык прызначаны галоўным трэнерам маладзёжнай зборнай Беларусі па хакеі (узрост ігракоў да 20 гадоў). Рашэнне прыняў старшыня Федэрацыі хакея Яўген Ворсін, паведаміла прэс-служба ФХРБ. Асістэнтам Мікульчыка будзе Ігар Крывашлык.
Трэнеры пачалі ўжо сумесную працу. Маладзёжная зборная збярэцца ў Мінску, з 12 па 18 ліпеня будзе трэніравацца на базе мінскага Палаца спорту, а затым адправіцца ў швейцарскую Арозу, дзе правядзе тры таварыскія паядынкі з равеснікамі са Швейцарыі і Германіі.
На леташнім чэмпіянаце свету ў групе В першага дывізіёна маладзёжная зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Васіля Спірыдонава заняла другое месца і не атрымала пуцёўку ў топ-дывізіён.
Пуціла зноў адпраўляецца ў Германію
22-гадовы паўабаронца ФК "Дынама" (Мінск) Антон Пуціла падпісаў трохгадовы кантракт з нямецкім клубам "Фрайбург", які ў мінулым сезоне заняў 14-е месца ў бундэслізе, паведамляе "Кікер" са спасылкай на спартыўнага дырэктара клуба Дзірка Дуфнера.
Кантракт пачне дзейнічаць 1 студзеня 2011 года. Да 2 лістапада гэтага года дзейнічае працоўнае пагадненне Пуцілы з "Дынама". У той жа час немцы хацелі б забраць Пуцілу ўжо летам, перад пачаткам чэмпіянату.
У 2008 годзе футбаліст выступаў у "Гамбургу", але так і не здолеў замацавацца ў гэтым клубе.
У першай палове 2009 года за "Фрайбург" на правах арэнды выступаў нападаючы барысаўскага БАТЭ Віталь Радзівонаў, які дапамог клубу выйсці з другой бундэслігі ў першую.
Што лёс паслаў?
У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне першых двух адборачных раундаў Лігі Еўропы сезона 2010/11 і Лігі чэмпіёнаў.
У Лізе Еўропы Беларусь будуць прадстаўляць мінскае "Дынама", магілёўскі "Днепр" і жодзінскае "Тарпеда".
"Днепр" і "Тарпеда" пачнуць барацьбу з першага адборачнага раунда, матчы якога пройдуць 1 і 8 ліпеня. Сапернікам "Тарпеда" стане ісландскі клуб "Фількір", а "Днепр" згуляе з албанскім клубам "Лачы". Жодзінская каманда першы матч правядзе дома, а магілёўская -- на выездзе.
Сапернікам мінскага "Дынама" па другім адборачным раундзе Лігі Еўропы стане эстонскі "Калеў". Першы матч дынамаўцы правядуць на сваім полі.
Сапернікам барысаўскага БАТЭ па другім адборачным раундзе Лігі чэмпіёнаў стане ісландскі клуб "Хабнарф'ёрдзюр", паведамляе БелаПАН.
Вось гэта гульня!
Напрыканцы мінулага тыдня арганізатары Уімблдона ўзнагародзілі амерыканца Джона Існера і француза Нікаля Майю, якія згулялі на турніры ў Англіі самы працяглы матч у гісторыі тэніса. Матч доўжыўся 11 гадзін 5 хвілін!
22 чэрвеня тэнісісты згулялі толькі чатыры сеты, а затым гульня была перапынена з-за надыходу цемнаты. Аднак 23 чэрвеня пяты сет спартсменам дагуляць так і не ўдалося — гульня спынілася пры ліку ў апошняй партыі 59:59.
У выніку 24 чэрвеня сустрэча Майю і Існера ў рэшце рэшт завяршылася. У агульнай складанасці матч працягваўся 11 гадзін і 5 хвілін і завяршыўся перамогай Існера з лікам 6:4, 3:6, 6:7 (7:9), 7:6 (7:3), 70:68. Падчас гульні спартсмены пабілі адразу некалькі рэкордаў, у тым ліку па працягласці пятага сета і па колькасці эйсаў у адным матчы.
Па ацэнках медыкаў, абодва тэнісісты згубілі падчас матча па 16 тысяч калорый. За гульню пераможца выпіў 40 бутэлек вады, з'еў 3 бананы і 12 энергетычных батончыкаў.
Самі тэнісісты пасля матча заявілі, што перш за ўсё хацелі б як след паесці, а затым паспаць, бо перад рашаючым паядынкам вельмі дрэнна спалі.
Выбітны Авечкін
У Лас-Вегасе адбылася цырымонія ўручэння індывідуальных узнагарод па выніках рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі сезона-2009/10.
Па выніках галасавання Асацыяцыі прафесійных журналістаў, якія асвятляюць падзеі НХЛ у кожным з гарадоў, дзе ёсць клубы лігі, галоўная ўзнагарода "Харт трофі", якая ўручаецца самаму карыснаму іграку, дасталася шведу Хенрыку Седзіну з “Ванкувера”. Расіянін Аляксандр Авечкін з клуба "Вашынгтон Кэпітэлз" — уладальнік гэтага трафея мінулага сезона — уступіў Седзіну ўсяго некалькі галасоў.
І тым не менш, нягледзячы на тое што Авечкіну не ўдалося заваяваць гэты прыз трэці раз запар, ён атрымаў спецыяльны прыз — узнагароду імя Тэда Ліндсі, якая ўручаецца самаму выбітному іграку.
Трэба адзначыць, што Авечкін стаў уладальнікам гэтага прыза ўжо трэці раз запар. Такім чынам ён стаў першым расійскім хакеістам за апошнія 25 гадоў, каму ўдалося паўтарыць дасягненні легендарных Уэйна Грэтцкі і Гі Лефлера.
Таксама на цырымоніі ўзнагароджання быў адзначаны яшчэ адзін расіянін — форвард "Дэтройт Рэд Уінгз" Павел Дацюк, які атрымаў прыз Фрэнка Дж. Селкі, які прысуджаецца лепшаму нападаючаму абараняльнага плана.
Падрыхтаваў
Аляксандр НІКАНОРАЎ.




галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне