ВИЗИТ
Марыя Шарапава паказала беларускай бабулі свайго бойфрэнда
Знакамітая тэнісістка наведала тэрыторыі, пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы.
Візіт у Гомель невыпадковы. Дабрачынны фонд Марыі Шарапавай дапамог прафінансаваць у пацярпелых ад радыяцыі раёнах вобласці шэраг праектаў ПРААН, арыентаваных на моладзь. Тры гады таму пад гэтыя беларускія праекты было выдзелена 35 са 100 тысяч долараў, якія фонд Шарапавай выдаткаваў на рэалізацыю праграм па постчарнобыльскіх праблемах ва Украіне, Расіі, Беларусі. Зараз арганізацыя фінансуе праграму стыпендый для студэнтаў-выхадцаў з забруджаных радыенуклідамі раёнаў, на што выдзелена яшчэ 210 тысяч долараў.
Акрамя таго, у Гомелі жыве бабуля Марыі Шарапавай Галіна Дзям'янаўна, з якой спартсменка даўно не бачылася. Напярэдадні паездкі ў Гомель на прэс-канферэнцыі падчас Уімблдонскага турніру яна прызналася: "Я 10 гадоў не была ў гэтым горадзе, вельмі хачу пабачыць сваю бабулю, паразмаўляць з роднымі. Усё-такі, калі б не катастрофа ў Чарнобылі, я б нарадзілася ў Беларусі". А першы запіс Марыі з Беларусі на яе старонцы на сайце facebook.com быў такі: "Не магу дачакацца сустрэчы з бабуляй сёння ўвечары".
Адразу з аэрапорта Марыя накіравалася ў Чачэрскі раён. Там, у раённай бальніцы за грошы тэнісісткі абсталявана тэрапеўтычная комната, а ў Цэнтры дзіцячай творчасці Чачэрска распрацавана праграма "Экалогія душы". Акрамя таго, у вёсках Брагінскага раёна адкрыты філіялы музыкальных школ. Дзеці зладзілі для Марыі Шарапавай спецыяльны канцэрт, ад якога яна была ў захапленні.
Вечарам тэнісістка вярнулася ў Гомель, сустрэлася з кіраўніком Гомельскай вобласці Аляксандрам Якабсонам і толькі пасля гэтага наведала бабулю. Сустрэча адбылася ў цесным коле, разам з Марыяй былі толькі бацька Юрый і Саша Вуячыч.
Марыя Шарапава — не толькі сусветная зорка тэнісу, яна ўваходзіць у ТОП-100 самых багатых і вядомых людзей свету. У 2009 годзе Марыя ад рэкламных кантрактаў і спартыўнай дзейнасці зарабіла 24 мільёны долараў. З 2007 года яна з'яўляецца паслом добрай волі Праграмы развіцця ААН (ПРААН).
Марыя Шарапава са студэнтамі Гамельшчыны.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне