bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №102-103 (3232-3233) - "ЦІКАВАЯ СУСТРЭЧА"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

ЦІКАВАЯ СУСТРЭЧА

Перасекчы акіян, каб вывучыць беларускую мову

Аўтар: I 1 лiпеня 2010 г.
Патэлефанавала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і распавяла, з якой незвычайнай амерыканкай звёў яе лёс. У Мінск прыехала вывучаць беларускую мову Джасцін Ралей. Яе нічога не звязвае з нашай краінай — ні родавыя карані, ні прафесійная дзейнасць. Продкі Джасцін паходзяць з Ірландыі, яна нейрафізіёлаг па адукацыі, у мінулым годзе абараніла дысертацыю. Але аднойчы ў шпіталі, дзе працуе, Джасцін пачула беларускую мову. І літаральна захварэла на яе. Жаданне гаварыць, чытаць па-беларуску прывялі Джасцін у Мінск...

«Марыла акунуцца ў беларускамоўнае асяроддзе»


Здаецца, мы ўжо даўно не савецкія людзі, і розніца між намі і замежнікамі нібыта сцерлася. Але я пазнала Джасцін адразу, вырвала позіркам яе з натоўпу на праспекце Незалежнасці непадалёк ад станцыі метро “Плошча Перамогі”, дзе яна прызначыла сустрэчу. Худзенькая, без грама касметыкі на твары, дэмакратычна апранутая, з заплечнікам на спіне. Здавалася б, звычайная жанчына, якая прытрымліваецца спартыўнага стылю. Але было нешта ў яе вачах, што адрознівала Джасцін ад іншых. Пазней, калі мы пілі каву ў кафэ “Бярозка”, а вакол нас з шумам і віскам бегалі малыя дзеці (якія мяне ў душы раздражнялі, таму што адцягвалі ўвагу, заміналі, а Джасцін дружалюбна ўсміхалася), я зразумела, у чым справа. У позірку Джасцін была свежая цікавасць да навакольнага, без унутранай засцярогі, без нявольнага адчування, быццам за спінай нехта стаіць і назірае. Гэтая ўнутраная свабода дазволіла ёй сарвацца з месца, адмовіцца ад новага праекта ў буйным медыцынскім цэнтры і прыляцець у Беларусь, каб здзейсніць усяго толькі тое, што ёй хацелася зрабіць для душы — вывучыць беларускую мову.

— Мне пашчасціла ў тым сэнсе, што я пазнаёмілася з Ірынай Марачкінай, нявесткай вядомага ў Беларусі мастака Аляксея Марачкіна, — Джасцін размаўляе на мове свабодна, не губляючы час на пошук таго ці іншага слова. — А пачалося ўсё з таго, што ў медыцынскім цэнтры, дзе я працавала, аднойчы пачула беларускую мову. Наш цэнтр буйны, у ім працуе шмат замежнікаў — асабліва з Кітая, Расіі, ёсць прадстаўнікі Украіны, Беларусі, іншых краін былога Савецкага Саюза. Я звярнула ўвагу, што адзін з супрацоўнікаў размаўляў на вельмі прыгожай мове. Яна спадабалася мне сваёй мілагучнасцю. Справа ў тым, што з гадоў пятнаццаці я цікавілася рускай мовай, самастойна яе вывучала, потым займалася з настаўніцай рускай мовы, мела магчымасць “шліфаваць” яе ў шпіталі. А тут гучала гаворка, нібыта падобная да рускай, украінскай, але больш мяккая, цёплая. Мне захацелася яе зразумець і на ёй загаварыць. Але я вырашыла, што вывучаць беларускую мову на фоне рускай будзе цяжка, атрымаецца нейкая мешаніна. І ад ідэі спачатку адмовілася. Але я такі чалавек — калі чымсьці захаплюся, мяне не спыніць. І праз нейкі час пачала збіраць матэрыял у інтэрнеце.

Адразу сутыкнулася з тым, што падручнікаў беларускай мовы ў сеціве амаль няма. Адшукала размоўнік Юркі Станкевіча, назапасіла пэўны набор слоў і паспрабавала размаўляць з беларусамі ў медыцынскім цэнтры па-беларуску. Яны, канешне, вельмі мне дапамагалі ў маім жаданні вывучаць мову, але я адчувала, што гэтага недастаткова, што не хапае асновы, заняткаў з спецыялістам. І мяне пазнаёмілі з Ірынай Марачкінай.

Гэта была сувязь праз інтэрнет. Раз на тыдзень у скайпе Ірына займалася са мною беларускай мовай, даслала мне добрыя падручнікі...  Так цягнулася два гады. Паралельна я пісала дысертацыю па нейрафізіялогіі і час ад часу задумвалася над тым, ці не паехаць мне ў Беларусь, марыла акунуцца ў беларускамоўнае асяроддзе, бо гэта, безумоўна, вельмі дапамагло б у вывучэнні мовы.

 

«Я не адступала ад свайго прынцыпу: у Беларусі гаварыць і чытаць толькі па-беларуску»

— Я ведала, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца замежнікі, якія наведваюць Беларусь. Таму, калі ў мінулым годзе ў Польшчы, на Беласточчыне, адкрылася міжнародная школа беларускіх даследаванняў, я была там і пяць месяцаў вельмі інтэнсіўна вывучала беларускую мову. Але ў маіх планах усё роўна заставалася Беларусь. І пры першай магчымасці я прыехала ў Мінск. Вырашыла, што прыйшоў час рабіць усё для сябе. Разумела, што гэта апошняя магчымасць у жыцці, бо калі я вярнуся дамоў, у Паўночную Караліну, то наўрад ці зноў змагу вырвацца з Амерыкі так надоўга.

Каб прыехаць у Беларусь, прыйшлося, праўда, заплаціць за візу 260 долараў, бо рабіла яе экстранна. Але я аб гэтым ніколі не пашкадавала. У Беларусі я не толькі пяць месяцаў вывучала мову ў сапраўдных прафесіяналаў на курсах у Дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, але і паспрабавала шмат таго, чым ніколі не займалася, але вельмі хацела. Напрыклад, акадэмічным веславаннем. У Амерыцы я займалася на трэнажоры, а ў Мінску на Свіслачы веславала на сапраўднай лодцы. Уражанні перадаць немагчыма, бо гэта было супер!

У мастака Аляксея Марачкіна я брала ўрокі малявання, у народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнка вучылася правільнаму беларускамоўнаму вымаўленню. Я танцавала нацыянальныя беларускія танцы ў ансамблі “Жар-птушка”. Гэта тое, што немагчыма зрабіць у Амерыцы. Таксама як і глядзець спектаклі Купалаўскага тэатра. Мне пашчасціла пабачыць некалькі пастановак купалаўцаў. Спадабалася ўсё, кожны спектакль зачапіў і ўскалыхнуў па-свойму, бо кожны зроблены прафесійна, на высокім рэжысёрскім узроўні, з добрымі дэкарацыямі і бездакорнай ігрой акцёраў. Але спектакль “Пераклады” (“Translations”) ўзрушыў больш, чым астатнія. Мне падаецца, што п’еса ірландскага драматурга распавядае пра сучасную Беларусь, дзе праблема дзвюхмоўя вельмі вострая, актуальная...

У мяне часта пыталіся, ці не здзіўляе мяне тое, што ў Беларусі мала чуваць беларускай мовы. Але я яе чула шмат. Па-першае, дзякуючы Ірыне Марачкінай я трапіла ў кола беларускамоўных людзей. Па-другое, я ніколі ні з кім не размаўляла па-руску, хаця, напэўна, ведаю рускую мову больш дасканала, чым беларускую. Для мяне гэта было прынцыпова. І амаль заўсёды мае суразмоўцы пераходзілі на беларускую мову: будзь гэта афіцыянт у кафэ ці рэстаране, кіроўца таксі, прадавец у магазіне, трэнер у спартклубе “Багіра”. Толькі некалькі разоў мае суразмоўцы працягвалі размаўляць со мною на рускай мове. І ўжо зусім рэдка здараліся выпадкі, калі мяне не разумелі, прымалі за ўкраінку альбо польку, прасілі гаварыць па-руску. Але я ўсё роўна не адступала ад свайго прынцыпу: у Беларусі гаварыць і чытаць толькі па-беларуску.

А вось што сапраўды здзівіла — адсутнасць беларускамоўнага тэлебачання. У краіне няма канала на роднай мове, і гэта патлумачыць нельга. Сутыкнулася з бытавымі нязручнасцямі. Напрыклад, я люблю ездзіць па горадзе на ровары. У Мінску гэта нязручна і небяспечна. Акрамя таго, няма дзе пакінуць ровар на вуліцы, калі, напрыклад, трэба зайсці ў магазін ці кафэ перакусіць... Пяць гадзін я змарнавала на тое, каб атрымаць пасылку ад маіх бацькоў з Амерыкі. Мяне ганялі па аэрапорце “Мінск-2” з аднаго тэрмінала ў другі, то да мытнікаў, то ў банк, то ў аддзяленне сувязі. Пераблыталі лічбы, і я была вымушана заплаціць больш за мільён рублёў, удвая больш, чым каштавала змесціва пасылкі. Праўда, калі памылка выявілася і яе выправілі, грошы вярнулі.

«Час ад часу жартую: у сваім мінулым жыцці я была беларускай»

Джасцін пакінула Беларусь 30 чэрвеня. 1 ліпеня скончылася віза, падоўжыць якую было вельмі складана. Дый па бацьках засумавала. Безумоўна, яна плануе прыехаць у нашу краіну яшчэ не раз. Але і зараз у яе багажы апынуліся рэчы, якія будуць напамінаць пра Беларусь. Вышытая майстрам Юліяй Літвінавай асабіста для Джасцін нацыянальная кашуля, карціна Аляксея Марачкіна, вершы Алеся Разанава. Для любімай цётачкі Джасцін вязе ўпрыгажэнні з бурштыну і палатняную сумку.

...Напрыканцы нашай сустрэчы Джасцін хітравата ўсміхнулася і, як я зразумела, раскрыла мне сваю таямніцу:

— Ведаеце, я паспрабавала перакласці на англійскую мову вершы Алеся Разанава. Мне вельмі падабаецца, як піша Разанаў, якія стварае вобразы: іх так лёгка ўявіць, адчуць настрой... Чытала па тэлефоне вершы цётцы, лінгвісту па адукацыі, прафесару, і яна сказала, што гэта проста цуд. І я адчуваю, што буду яшчэ перакладаць, больш чытаць па-беларуску. Хачу шырэй пазнаёміцца з творчасцю Уладзіміра Караткевіча. Чытала “Дзікае паляванне караля Стаха”. Вельмі моцны твор! Перачытала нават у англійскім перакладзе, каб зразумець усе моўныя і сэнсавыя тонкасці...  Я ў захапленні ад беларускай мовы, і мова, напэўна, ад мяне. Яна неяк лёгка пранікае ў мяне. У Мінску я была крыху менш за шэсць месяцаў, а мне падаецца, што жыву тут даўно. Час ад часу жартую: у сваім мінулым жыцці я была беларускай...

 

 

 

 

 

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл