bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №102-103 (3232-3233) - "ШЧЫРЫ ЛІСТ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

ШЧЫРЫ ЛІСТ

Калгасная пастка

Аўтар: I 1 лiпеня 2010 г.
Пад гэтым горкім прызнаннем я не магу падпісаць сваё сапраўднае прозвішча, бо ў калгасе працуе мой муж. Але на душы так прыкра, што маўчаць не магу… Таму прашу "Народную Волю" зрабіць выключэнне (ведаю, у рэдакцыі не любяць ананімак) і надрукаваць мой шчыры ліст.

Я ўсёй душой люблю вёску. У вёсцы нарадзілася, вырасла, з ёй вырашыла назаўсёды звязаць свой лёс. У акадэміі набыла спецыяльнасць заатэхніка. Акурат перад абаронай дыплома выйшла замуж за студэнта з другога факультэта. Працаваць паехалі на радзіму мужа. Разам з яго бацькамі жыць не захацелі, таму калгас купіў для нас старэнькі дом на цэнтральнай сядзібе. Муж працаваў механікам, я — заатэхнікам.

Так склалася, што неўзабаве я пайшла ў дэкрэтны адпачынак, нарадзіла дачушак-блізнятак. Падгадаваўшы іх, аддала ў дзіцячы сад. Вярнулася на работу. Што ў калгасе справы ідуць дрэнна, я ведала ад мужа, але каб настолькі… Зарплата і ў яго, і ў мяне была малая, ды і яе ў той час затрымлівалі  на два-тры месяцы, таму мы вымушаны былі трымаць уласную гаспадарку. Завялі на сядзібе дзвюх кароў, траіх свіней, курэй, качак. Мы с мужам уставалі ў чатыры гадзіны раніцы. Я, падаіўшы каровы, на веласіпедзе адвозіла малако ў недалёкі райцэнтр, дзе ў мяне былі пастаянныя пакупнікі. Муж заставаўся дома ўпраўляцца па гаспадарцы. Кожны раз з такіх паездак я прывозіла, як кажуць, жывую капейку. З гэтых грошай ды яшчэ з тых, што давалі яго і мае бацькі, мы і жылі.

З усімі ранішнімі клопатамі мы спраўляліся да сямі гадзін, а потым, прывёўшы сябе ў парадак, на палову восьмай ішлі ў калгасную кантору на нараду. А там, як заўсёды, нерватропка, крык, наганяй. Калі не табе ўсыплюць, то каму-небудзь іншаму, а гэта ўсё роўна адмоўныя эмоцыі.

Аднойчы на спадарожнай машыне я дабралася на аддаленую ферму. Села за стол у "чырвоным кутку" пісаць свае паперы і галава неўпрыкмет апусцілася на рукі… Не заўважыла, як заснула. А тут з праверкай з'явіўся начальнік раённага сельгасупраўлення — чалавек невялікага розуму, дэспатычны. Ён гаркнуў над галавой так, што я анямела:

— Хто дазволіў спаць на рабочым месцы?! — грымеў начальнік. — Ганьба!

— А не ганьба зарплату не даваць па тры месяцы? — не ўцярпела. — Я амаль што ў гадзіну ночы спаць кладуся, а ў чатыры ўжо на нагах. У мяне двое маленькіх дзяцей, уласная гаспадарка. Просто фізічна не магу вытрымаць без сну.

— Мяне гэта не датычыць! — агрызнуўся начальнік. — Будзеш пакарана.

Мяне пазбавілі даплаты за квартал. Але ж каб толькі гэта. На ўсіх раённых нарадах мяне пастаянна ставілі ў прыклад, як не трэба працаваць. Усякі раз душылі слёзы, было так крыўдна, што не выказаць словамі. Не раз парывалася звольніцца з работы. Але, па-першае, я любіла сваю справу, а па-другое, куды ісці, дзе знайсці іншую работу? І я зразумела, што трапіла ў калгасную пастку назаўсёды. Як было б далей, не ведаю, але нечакана ўсё змянілася. Аднойчы вечарам пазваніла мая мама і сказала, што памёр яе брат, а мой дзядзька, Арцём. Мы паехалі на маю радзіму ў суседнюю вобласць на пахаванне дзядзькі. А пасля жалобнай вячэры мама сказала, што дзядзька, які быў адзінокі, запісаў на яе свой дом у райцэнтры. Значыць, мы з мужам можам пераязджаць туды жыць. Мы, вядома, згадзіліся. Да таго часу нашы дачушкі ўжо пайшлі ў школу. Муж знайшоў работу па спецыяльнасці ў бліжэйшым ад райцэнтра калгасе, а я пайшла працаваць сацыяльным работнікам. Ездзіла ў вёскі даглядаць адзінокіх састарэлых людзей. Справа, мушу сказаць, не з лёгкіх. Акрамя таго, што трэба выконваць шмат усялякай работы (гэта для мяне прывычна), трэба яшчэ выслухоўваць недарэчныя заўвагі, цярпець капрызы састарэлых людзей. Ёсць сярод іх і добрыя, спагадлівыя, а ёсць — ого! А плацяць крышку больш як чатырыста тысяч рублёў.

Часта, даведаўшыся, што ў мяне вышэйшая адукацыя, а я выконваю такую прымітыўную работу, людзі здзіўляліся:

— Чаму па спецыяльнасці не працуеце?

Ды і сама часта задумвалася: можа, мне зноў пайсці на работу ў калгас? Другая вобласць, другі раён, напэўна, і парадкі другія. Жыць як і цяпер, буду ў райцэнтры, бо мама, уступіўшы ў спадчыну на дом, неўзабаве падарыла яго мне. Дачушкі нашы ўжо скончылі школу, абедзве вучацца ва універсітэце.

— Спытай у свайго старшыні, ці будзе для мяне работа ў вашым калгасе? — сказала неяк мужу.

— Чаму не! — усміхнуўся ён. — Я і без пытання ведаю, што будзе.

У свой выхадны дзень я паехала да старшыні пагутарыць. Ён сустрэў мяне ветліва.

— Работы навалам! — паведаміў з радасцю. — Магу прызначыць заатэхнікам, або галоўным заатэхнікам, або загадчыцай фермы…

— Проста заатэхнікам, галоўным не трэба. Спачатку пагляджу, што тут да чаго. І, скажыце, якая ў мяне будзе зарплата?

— Мільён сто тысяч рублёў.

— Згодна!.. — ледзь не закрычала я ад радасці, але своечасова спахапілася. Гэта ж амаль у тры разы больш, чым я атрымліваю цяпер…

Дома, калі расказала пра ўсё мужу, той скептычна ўсміхнуўся:

— Ну-ну. Толькі адкуль ён табе возьме мільён з гакам?

— Аднекуль жа возьме, раз сказаў, — абурылася яго недаверам.

— Няхай возьме, — памяркоўна, але з такой жа ўсмешкай згадзіўся муж.

Я сарвалася ў калгаснае жыццё, як у вір. Тыя ж нарады раніцай. Ды яшчэ і ўвечары. Тыя ж паездкі па фермах "на чым хочаш". Пару разоў падвозіў на машыне муж, а потым сказаў, што ў яго і сваёй работы процьма, няма калі са мной важдацца. Аказваецца, у гэты калгас злучылі чатыры гаспадаркі. Фермы раскіданыя на вялікую адлегласць, транспарту няма, даярак не хапае, а тыя, што ёсць, п'юць. Статак непрадукцыйны. Пра выхадныя і не пытайся. Ды я ж вясковая, да ўсяго прывычная. Думала, некалі ж будзе выхадны, і водпуск дадуць. Галоўнае, займаюся справай, да якой ляжыць душа. Ды і плаціць абяцалі больш за мільён…

Калі ў дзень зарплаты прыйшла ў касу, у мяне вочы палезлі на лоб: за месяц работы без выхадных, што называецца, ад рання да змяркання мне заплацілі ўсяго чатырыста шэсцьдзесят тысяч рублёў, а ніякі не мільён! Дрыготкімі рукамі я лічыла гэтыя грошы і слёзы набеглі на вочы. Пабегла са скаргай да мужа:

— Падманулі…

— А я табе што казаў?

— Але навошта?!

— Спытай у старшыні, вунь ён ідзе…

— Чаму вы мяне падманулі з аплатай?! — спытала ў роспачы.

— А ты пайшла б, калі б я табе сказаў праўду? — пытаннем на пытанне адказаў ён. — А так вось месяц папрацавала, крыху справы падцягнула. Цяпер, пэўна, звальняцца будзеш?

— Няўжо ж застануся?! — майму абурэнню не было мяжы. — Пайду хоць вуліцы падмятаць. А вы, напэўна, будзеце каго другога ў сваю пастку заманьваць? — не сцярпела, каб не пакпіць.

— А што мне застаецца? Ніхто ж не ідзе на такую зарплату. А калі хто і ідзе на пастаянна, то той — во! — ён выразна шчоўкнуў сябе па шыі.

— Нічога дзіўнага… Тут калі і не п'еш, то хутка прывыкнеш…

Я звольнілася і тыдзень сядзела дома. Аднойчы вечарам пазваніла пажылая жанчына, што разам з мужам жыве на нашай вуліцы.

— Зайдзіце, калі ласка. Ёсць размова.

Я пайшла. У доме былі старыя і іхні сын, які жыве ў Расіі і мае там свой бізнес. Размову пачаў менавіта ён.

— Я хачу прапанаваць вам работу. Маім бацькам цяжка спраўляцца з хатнімі клопатамі, і я хачу, каб за пэўную плату гэта рабілі вы, бо мама рэкамендавала вас як прыстойнага чалавека, акуратную жанчыну. Калі згодны, то трэба прыходзіць да іх раніцай, знаходзіцца тут увесь працоўны дзень, рабіць тое, аб чым папросяць. Плаціць буду за гэта паўтара мільёна беларускіх рублёў. Як захочаце мець выхадны, замену шукайце самі. Таксама і з водпускам. Дык згодны?

— Згодна…

— То добра. Я заўтра раніцай паеду, а вы і прыступайце. Грошы буду плаціць за месяц наперад.

Ён прынёс з другога пакоя барсетку, адлічыў мне паўтара мільёна рублёў. Я была на сёмым небе ад шчасця, бо ўжо трэба было плаціць за вучобу дачушак, а мы з мужам ніяк не маглі назбіраць патрэбную суму.

Што і казаць, мне пашанцавала, бо людзі, якіх даглядаю, культурныя, інтэлігентныя, з імі заўсёды цікава. Але часта думаю пра сваіх калег, пра тых людзей, якія таксама адданыя вёсцы, маюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, але з-за нізкай аплаты працы, невыносных умоў не могуць жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. Дзе іх толькі няма! Яны паехалі ў гарады і рады любой рабоце, падрываюць сваё здароўе на будоўлях у Расіі, сумуючы па сем'ях, па родным кутку. Гэтыя людзі ў вёсцы былі б невыпадковыя, бо яны высокакваліфікаваныя спецыялісты. Дык няўжо наша сельская гаспадарка не мае ў такіх патрэбы? Звяртаюся да тых, ад каго гэта залежыць: дайце ім дастойную зарплату, належныя ўмовы, і яны вернуцца, будуць працаваць так, як умеюць і могуць. Такія людзі не спіліся, не страцілі людскую годнасць. Вярніце іх! Правядзіце рэформы, і тады у нас не будзе напалову пустуючых аграгарадкоў, не трэба будзе укладваць у сельскую гаспадарку каласальныя грошы, якія знікаюць, нібы вада ў пяску.

 Маргарыта ШУВАЛАВА, заатэхнік.

Ад рэдакцыі

Так, "Народная Воля" ў большасці выпадкаў адмоўна ставіцца да ананімных лістоў. Але бываюць і выключэнні. Споведзь Маргарыты Шувалавай (рэдакцыя ведае яе сапраўднае прозвішча) вырашылі надрукаваць, паколькі яна высвечвае цэлы пласт жыццёвых праблем. Размова можа быць працягнута іншымі чытачамі.

 

 

 

 

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл