СПАЖЫВЕЦКІЯ ПЫТАННІ
Барані сябе сам
У апошні час у пагоні за прыбыткам многія вытворцы і прадаўцы пачынаюць забываць аб спажыўцах. Дакладней — перакладваць свае праблемы на іх плечы. І нярэдка чалавек нават не ведае, куды яму звяртацца, каб абараніць свае правы. Калі ён наогул іх абараняе, матывуючы сваё бяздзеянне простай логікай: а што, маўляў, зменіцца? Тым не менш людзі павінны ведаць, як сябе паводзіць, калі іх падманваюць. І наша рубрыка павінна ў гэтым дапамагчы. Так што, калі з вамі не дай Бог нешта такое здарылася, то пішыце нам лісты з пазнакай "Спажывецкія пытанні". Вам абавязкова адкажуць...
Сёння мы прапануем вашай увазе пытанні, з якімі найчасцей звяртаюцца ў грамадскае аб'яднанне "Беларускае таварыства абароны спажыўцоў". Адказваюць эксперты таварыства.
Пры пакупцы мяса ў прадуктовым магазіне мне прапанавалі ў выглядзе даважку кавалак, які быў з косткамі і пражылкамі. Ці правільна паступіў прадавец?
— Калі пакупніку адпускаюць мяса і мясныя вырабы, калбасныя вырабы і вяндліну, то дапускаецца не больш як два даважкі, якія не перавышаюць разам 10 працэнтаў агульнай вагі пакупкі. Даважкі павінны суадносіцца з сортам і якасцю тавара, які адпускаецца.
IІ цэлы торт не перашкодзіць
У прадуктовым магазіне я хацела купіць палову торта, але прадавец адмовіўся мне яго разразаць. Дырэктар магазіна пераконваў мяне, што гэта не дапускаецца. Ці так гэта?
— Нарэзка тортаў і продаж іх часткамі магчымы толькі ў кафетэрыях пры наяўнасці адпаведных умоў для рэалізацыі.
Адчуйце розніцу
Растлумачце, калі ласка, што такое "тэрмін службы" і "гарантыйны тэрмін". У чым іх адрозненне?
— "Тэрмін службы" — гэта працягласць эксплуатацыі, пры дасягненні тэрміну якой эксплуатацыя тавару павінна быць спынена незалежна ад яго тэхнічнага стану. "Гарантыйны тэрмін" — каляндарны тэрмін (у месяцах) альбо напрацоўка (у гадзінах, кіламетрах і г.д.), на працягу якога вытворца, выканальнік альбо прадавец гарантуюць і забяспечваюць выкананне прадугледжаных нарматыўна-тэхнічнай дакументацыяй патрабаванняў да якасці тавару.
Рыхтуй боты летам
Купіла зімовыя боты летам. Пры іх пакупцы была дадзена гарантыя на месяц. Натуральна, што насіць боты я стала зімой, і ўжо ў снежні абутак адразу ж расклеіўся. Ці магла я прад'явіць прэтэнзіі, калі гарантыйны тэрмін скончыўся?
— Адлік гарантыйнага тэрміну пачынаецца з надыходам адпаведнага сезона. Для зімовага абутку — з 15 лістапада. Такім чынам, патрабаванні спажыўца могуць быць прад'яўлены ў межах гарантыйнага тэрміну.Ці варта справа яйка?
Купіў у краме дыетычныя курыныя яйкі першай катэгорыі. Але яйкі мне здаліся дробнымі, і я вырашыў узважыць дзесятак. Агульная вага іх склала 455 г. Да якой катэгорыі могуць адносіцца яйкі з такой вагой?
— Дыетычныя і сталовыя яйкі раздзяляюцца на тры катэгорыі: адборная (0), першая (1) і другая (2) — у залежнасці ад вагі. Для адборнай катэгорыі маса аднаго яйка павінна быць не меней за 65 г, для першай — 55 г, для другой — 45 грамаў. Маса дзесятка яек адборнай катэгорыі павінна быць не меней за 660 грамаў, першай катэгорыі — не менш за 560 г., а другой катэгорыі — не менш за 460 г. Яйкі сталовыя масай 35—45 г выпускаюцца пад назвай "Дробныя". Дробныя яйкі ў асноўным выкарыстоўваюцца для прамысловай перапрацоўкі ў сетцы грамадскага харчавання. Дапускаецца таксама рэалізацыя дробных яек у рознічнай гандлёвай сетцы. Дапушчальныя адхіленні ад мінімальнай масы аднаго яйка для ўсіх катэгорый не павінна перавышаць 1 г, але маса дзесятка яек не павінна мець адхіленне ў меншы бок. Дапускаецца таксама рэалізацыя несарціраваных дыетычных яек па масе ў фірмовых магазінах птушкагаспадарак. Узважванне ў такім выпадку павінна адбывацца на вагах для статычнага ўзважвання з найбольшай мяжой узважвання 3 кілаграмы. Такім чынам, набытыя спажыўцом яйкі трэба адносіць да "дробных".
Каб не сапсаваць адпачынак…
Я адпачывала за мяжой. Турыстычную пуцёўку набыла ў адной прыватнай фірме. Але падчас адпачынку не ўсё было гладка: атэль аказаўся класам ніжэй, абяцаная паслуга не адбылася. Пазней даведалася, што мне патрэбна было заключыць дамову. Што павінна быць у дамове, каб ізноў не апынуцца ў такім становішчы?
— У дамове (пуцёўцы) на прадастаўленне турыстычнай паслугі павінна быць указана: месца прызначэння, працягласць, дата пачатку і заканчэння падарожжа; назва, адрас, нумар кантактнага тэлефона і нумар ліцэнзіі выканаўцы; прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас і дакументы, якія пацвярджаюць асобу турыста; апісанне маршруту з характарыстыкай транспарту, пражывання, харчавання і г.д., паслуг, якія ўключаны ў кошт тура; страхавыя полісы і (альбо) умовы медыцынскага абслугоўвання; умовы і тэрміны магчымай адмовы ад падарожжа па ініцыятыве спажыўца; кошт тура; іншыя ўмовы па ўзгадненні бакоў.
Пафарбавалі ўсяго
У цырульні фарбавала валасы, і фарбавальнік трапіў мне на адзенне. Касцюм сапсавалі. Загадчыца цырульні сказала, што нічым дапамагчы мне не можа. Што зараз рабіць?
— Спажывец мае права патрабаваць ліквідавання недахопу, які ўзнік па віне майстра, а ў выпадку немагчымасці яго ліквідацыі — прадастаўлення такога ж касцюма альбо кампенсавання яго кошту.
Вярніце грошы за білет
Купілі білет на аўтобус, які адпраўляўся з Мінска ў Гродна. Па дарозе аўтобус зламаўся. Давялося самім лавіць машыну, бо на працягу 45 хвілін другі аўтобус пададзены так і не быў. Якія прэтэнзіі з гэтай нагоды можна прад'явіць?
— Пасажыары маюць права запатрабаваць вяртання кошту білета і кампенсацыі маральнага ўрону.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне