З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ
Уладзімір СМАРГУН: «…А вось з Сідорскім развіццё краіны магло б пайсці эвалюцыйным шляхам»
Некалькі дзён таму ў "Народнай Волі" быў змешчаны ліст выбаршчыка Уладзіміра Смаргуна пад назвай "Час вызначацца!". Падзагаловак стаяў такі: "Наиболее подходящим кандидатом на пост президента страны может быть Сергей Сидорский".
Сёння Уладзімір Васільевіч распавядае нашаму карэспандэнту, чаму ён вырашыў напісаць гэты ліст, а таксама, якой была рэакцыя на надрукаваны артыкул.Аўтар прынцыпова выказаўся з той нагоды, што, на яго думку, вылучэнне "ад дэмакратычных сіл і ўсяго беларускага народа" цяперашняга прэм'ера Сяргея Сідорскага — найлепшы сцэнарый для выбараў.
Спадар Смаргун лічыць: Сідорскі — прагматычны гаспадарнік, выдатна ведае эканоміку краіны. А таму аўтар заклікаў усіх прагрэсіўных лідэраў, арганізацыі і аб'яднанні прапанаваць Сідорскаму дапамогу. Ён мяркуе, што перавага Сідорскага — ягоны прафесіяналізм і шырокая вядомасць, пры гэтым сцвярджае, што прэм'еру ўдасца выкарыстаць адміністрацыйны рэсурс.
Ён прапанаваў Сідорскаму як найхутчэй публічна заявіць пра сваё жаданне балатавацца, каб не аказацца ў становішчы Карпенкі, Ганчара, Чыгіра, Казуліна...
Пасля таго, як артыкул быў надрукаваны, у розных СМІ і на сайтах з'явілася шмат каментарыяў. Калегі-журналісты з "Беларускай газеты" нават вылучылі версію, што "гэтага выбаршчыка Смаргуна" ў прыродзе, можа, і не існуе, а ліст падрыхтаваны ў рэдакцыі, каб нейкім чынам некага справакаваць. Між тым Уладзімір Васільевіч Смаргун — рэальны чалавек. Ён мінчанін, зараз на пенсіі. Больш за 30 гадоў працаваў лётчыкам. Як актыўны грамадзянін, мае свой погляд на падзеі, якія адбываюцца вакол. Свае меркаванні свабодна і выказаў на старонках газеты…
— Я заўсёды ўважліва цікаўлюся грамадска-палітычным жыццём краіны, — распавядае Уладзімір Васільевіч. — Ацаніў усе магчымасці партый, грамадскіх арганізацый і прыйшоў да высновы, што ўсе варыянты, якія прапаноўваюцца апазіцыйнымі дзеячамі, практычна немагчыма рэалізаваць. А вось з Сідорскім развіццё краіны магло б пайсці эвалюцыйным шляхам. Апазіцыя прапаноўвае радыкальнае змяненне жыцця, а гэта, як мне падаецца, крыху не тое. Рэвалюцыі нам ніколі дабра не прыносілі. Таму я перакананы, што самы аптымальны варыянт — эвалюцыйны шлях развіцця, і якраз прэм'ер — прыхільнік ліберальнай палітыкі. Асабіста я іншай кандыдатуры не бачу. Хоць дзяржаўныя СМІ не заўсёды даносяць праўду да народа, а падаюць толькі тую інфармацыю, якая патрэбна на канкрэтны момант. А ўсё ж пазнаецца ў параўнанні. Тады будзе і выбар, і залатая сярэдзіна. А ў крайнасці кідацца не варта.
— Ці была нейкая рэакцыя на гэты ліст з боку вашых блізкіх, знаёмых?
— Шмат людзей мяне шчыра падтрымалі. Тэлефанавалі, казалі, што падзяляюць мае погляды. Былі і такія, хто параіў мне пасцерагчыся, каб не было наступстваў пасля публікацыі ліста. Але ж я проста выказаў на старонках газеты сваё меркаванне… Ніхто мяне да гэтага не падштурхоўваў, не заказваў артыкул. Гэта мае погляды. І я ўдзячны газеце "Народная Воля", што яна прадаставіла мне слова.
— Уладзімір Васільевіч, чым вы зараз займаецеся?
— На пенсіі. Чытаю прэсу, сачу за падзеямі. 15 гадоў працаваў у Забайкаллі, з 1975-га па 1994 год — у Беларусі грамадзянскім лётчыкам. Давялося па ўсім былым Саюзе палётаць, выконваў спецыяльныя рэйсы, калі пераганялі самалёты для Нікарагуа праз Кубу. Але гэта ўжо тэма для асобнага артыкула…





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне