КАЛОНКА АЛЕСЯ НЯЎВЕСЯ
Дзяльба
Сабралася суполка дэмакратаў,
Каб сённяшняй уладзе даць адлуп.
Ну так жа “ўеўся ў косці” Бацька-тата!
На троне столькі год сядзіць, як струп!
А хочацца ж і ім займець пасаду
І пастаяць хоць трохі ля руля,
Уладу
Хоць бы цацачнага ўраду
Адчуць-спазнаць,
Як тое немаўля.
На пяць хвілін (так думалі) заселі,
Каб накірунак вызначыць гурбой:
Злагодна міністэрскія партфелі
Рашылі падзяліць паміж сабой.
Сказаў адзін:
— Карціна ў нас такая:
Я па замежжы доўга раз’язджаў.
Сустрэчы, гранты...
З тога вынікае,
Што вось вам я —
Міністр замежных спраў!
Заява ўсім здалася, як чужою,
І канкурэнта адагналі прэч.
— Мы ўсе не раз бывалі за мяжою,
Хапіла нам і грантаў, і сустрэч!
Вялася доўга сварка-перабранка...
Міністра эканомікі чарга.
— Пасада гэта —
То мая дзялянка:
Я банкам кіраваў жа як мага.
Ніводзін канкурэнту не пярэчыў:
Няхай ён множыць нашыя рублі.
(У кожнага, адзначыць тут дарэчы,
Тады ў кішэнях долары былі.)
Ну а затым спрачаліся да дуру
(І аргументам чуўся нават мат):
А хто з іх возьме
Пад нагляд культуру?
Ахвотнікаў было задужа шмат.
Адчайна глоткі
Грызці ўсе гатовы,
У кожнага
Свой на культуру план.
— Ты шавініст!
— Не ведаеш ты мовы!
— А ты ў балеце-оперы прафан!
Затым жа дэмакраты захацелі
Міністра інфармацыі абраць,
Каб ён кантраляваў газеты, тэле,
А гэта значыць, і людскую раць.
Вось тут і сапраўды была ўжо драма,
І ў ход — не языкі,
А кулакі.
Пакуль не ўстаў дзяцюк
Разумны самы:
— Ці трэба міністэрства, мужыкі?
І ўжо яны пагрызліся дашчэнту,
І конча вырас ярасны раздрай.
Пытанне — кол:
“Каго на прэзідэнта?
Каго, народ няшчасны, выбірай?”
І столькі іх,
“Дастойных” і “адзіных”,
І гэтак коўдру цягнуць на сябе,
Што думае народ:
“Яно не дзіва —
Задушацца
У гэтай барацьбе”.
Смяяўся прэзідэнт
(Мужык ён хвацкі)
І показку прыгадваў, што з жыцця:
— Няхай яно, дзіця,
Гуляе ў цацкі,
Абы яно не плакала, дзіця...




галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне