РЭПАРТАЖ
«Самі глядзіце сваё БТ!»
6 ліпеня ў 13 гадзін насупраць уваходу ў Камароўскі рынак сабраліся некалькі журналістаў, міліцыянеры і, як звычайна, пару чалавек у цывільным. Побач з імі стаялі не больш за дзесятак бэрэсээмаўцаў, якія патлумачылі, што чакаюць рэквізіт для правядзення акцыі.
Неўзабаве пад’ехаў грузавік, з якога рабочыя вынеслі падрапаную канапу, такі ж столік, і ўсталявалі на ім тэлевізар. Жанчына, якая кіравала працэсам, пачала раздаваць маладым людзям надрукаваныя плакаты. На экране таксама адразу замацавалі плакат: “НТВ воняет”.
Жанчына камандавала: “Хутчэй ляпіце на сметніцы...”
Некалькі чалавек апранулі курткі з надпісам: “БРСМ”. Яшчэ трое — камбінезоны хімабароны і процівагазы... Карацей, спектакль з акцёрамі і касцюмамі...
“Народнай Волі” першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі, не міргнуўшы вокам, патлумачыў сэнс акцыі:
“Мы прыйшлі выказаць сваё стаўленне да таго, што цяпер адбываецца на канале НТБ. Апошнім часам мы бачым, што на Рэспубліку Беларусь, на кіраўніка дзяржавы льецца паток бруду. Ёсць такое паняцце, як журналісцкая этыка. Яна можа шырока трактавацца, але паняцце ёсць, і журналісты ведаюць, што гэта такое. Яна яўна не захоўваецца. Выпускі, аналітычныя праграмы і г.д. — там усё хлусня. Мы, моладзь, якая жыве ў Рэспубліцы Беларусь, прыйшлі выступіць супраць.
Чаму так паводзіць сябе НТБ? Не магу сказаць. Магчыма, палітычныя, эканамічныя прычыны. Мы, моладзь, не палітычная арганізацыя. Мы не робім палітычныя заявы, а праяўляем грамадскую ініцыятыву”.
Дарэчы, Ігар Бузоўскі, які залічвае сябе да моладзі, хутка адзначыць сваё 40-годдзе. Да прыходу ў БРСМ ён працаваў галоўным саветнікам упраўлення па каардынацыі ідэалагічнай працы галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта. Так што яго спробы ў дадзеным выпадку адхрысціцца ад палітыкі можна прызнаць не вельмі ўдалымі.
Пытаюся ў маладога чалавека, якому далі маску:
— Чаму вы сюды прыйшлі?
— Ну, выказаць свой пратэст супраць НТБ...
— А што канкрэтна вас абурыла? Фільм “Хросны бацька”?
— Фільма я не бачыў. Папросту сказалі, і я тут. Ну, абураюся і ўсё. НТБ кажа няпраўду і выступае супраць нашага прэзідэнта і беларускага народа, абражае ўсяляк нашых людзей, беларусаў.
— Дык нешта пра беларусаў канкрэтнае казалі? Ці толькі пра прэзідэнта?
— Дык прэзідэнт — гэта ж і ёсць народ.
— Адзін чалавек — гэта ўвесь народ?! Вы сур’ёзна?
— Ай, я не ведаю. Я тут так... Вы ў каго іншага спытайце лепш.
Пытаюся ў іншага хлопца, які з выгляду студэнт:
— Вы таксама супраць НТБ?
— Ну, тыпу таго. А што? А няхай не лезуць у нашы справы.
— Хто? Журналісты?
— Ну.
— А вы фільм глядзелі?
— Не... Ну, я пачаў, тыпу, глядзець, а потым не стаў.
— Дык пра што фільм?
— Ну, я не ведаю, можа, нешта там пра газ? А пра што там? Я не глядзеў.
— Дык супраць чаго тады вы пратэстуеце?
— Я тут, каб з усімі... Мне сказалі — я і прыехаў.
Тым часам мужчына з мегафонам пачаў крычаць: “Граждане!!! Присоединяйтесь к нашей акции!!! Мы вам покажем, как надо смотреть НТВ!!! НТВ воняет!!! НТВ врет!!!”
Вакол у асноўным людзі сталага веку. Адразу нават не ўсе зразумелі, што адбываецца. “Што тут да чаго?” — пытаецца жанчына. “Гэтыя, кшталту камсамольцаў, супраць НТБ выступаюць”, — патлумачыў сур’ёзны спадар.
Жанчына пачынае гучную тыраду: “Гэта што ж, НТБ кажа няпраўду?! А БТ гэта праўда?!! Колькі ж вам заплацілі?! Халуі вы! Як вы будзеце сваім дзецям потым у вочы глядзець?!”
Гнеў людзей раптам абрушваецца на журналістаў і аператараў СТБ і БТ, якія здымалі акцыю. Мужчына-пенсіянер інтэлігентнага выгляду не вытрымаў: “БТ — гэта для балванаў. Яны хочуць перакрыць НТБ? І так глядзім усё абрэзанае. Усё думаў набыць антэну, але з гэтай пенсіяй, каб іх халера...”
Тым часам на канапе маладыя людзі ў процівагазах распырскваюць асвяжальнік паветра. Жанчына з парасонам, якая прадставілася Надзеяй Паўлаўнай, спынілася: “Трэба напырскаць на камеры гэтых халуёў. Я як пагляджу БТ, дык у мяне ціск. Дзе ж яны вучыліся, ці ёсць там увогуле журналісты, што там за кіраўнікі такія? Няўжо яны сапраўды думаюць, што народ — гэта такое тупое быдла?! Ці для іх галоўнае прапаганда і грошы, пакуль той ва ўладзе? У нармальнай жа краіне такіх не возьмуць на працу на тэлебачанне. Ведаеце, так крыўдна. Я ж не маладая. Гады ідуць... А тут ніякіх перспектыў для нармальных людзей...”
— Дык а што там за фільм паказвалі? — цікавіцца нейкі мужчына. — Я нічога такога не бачыў.
— Адзін з маладых людзей адказаў скрозь зубы: “Хросны бацька” — пра Лукашэнку. Казалі там усё пра яго, і пра сям’ю, і што людзі згінулі...” “Ды вы што?! А дзе ж гэты фільм можна паглядзець?”
І людзі пачалі пераказваць адзін аднаму, як і дзе, праз унукаў і праз інтэрнет, можна паглядзець “сенсацыйную стужку”. Моладзь (не бэрэсээмаўская, выпадковая) ахвотна пісала жадаючым інтэрнет-адрасы на паперках. Людзі, не зважаючы на “пратэстуючых на канапе”, пачалі абмяркоўваць чуткі пра маці маленькага Колі, пра выкраданні, пра арышты... А мужчына з мегафонам працягваў настойліва заклікаць: “Граждане!!! Присоединяйтесь к нашей акции. НТВ воняет!!!”
Гэта папросту ўзарвала людзей. Пачуліся выкрыкі: “На табе ж араць можна! Здаровы ты дзяціна! Што ты ходзіш тут, узвываеш як каплун?! Зараз трэба ўзяць, дый набіць морды гэтым бэтэшнікам. Напляваць трэба ім у твар”.
Бэрэсээмаўцы раптам сышлі. Праз некалькі хвілін пад’ехалі рабочыя і загрузілі рэквізіт.
Жанчына крыкнула ім, нібыта яны былі нейкім чынам датычныя да акцыі: “Даўно пара было сказаць народу праўду! НТБ яны закрыюць! Самі глядзіце сваё БТ!”
Дарэчы, акцыя адбылася праз два дні пасля паказу фільма па НТБ. За гэты час былі надрукаваны плакаты і падрыхтаваны рэквізіт. Як арганізатары акцыі атрымалі дазвол на правядзенне мерапрыемства ў цэнтры горада за адзін дзень, застаецца таямніцай. У Мінгарвыканкаме адказалі, што не памятаюць, ці звярталіся да іх з БРСМ, маўляў, шмат звяртаюцца, усіх не запомніш.




галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне
Анатоль (28.11.2010 11:48)
Тенденциозная и абсолютно бесполезная статейка. НТВ никогда не отличалось объективностью. Уже не говорю о низком качестве программ указанного канала. Не нужно устраивать из этого проблему. Лично я голосую кошельком. Просто нужно подать заявление и вам отключат пакет тех каналов, которые вы не желаете смотреть.