БЕЗ РУЖОВЫХ АКУЛЯРАЎ
Аляксандр КЛАСКОЎСКI: Як фанера над Бішкекам
Звыш за тое, 5 ліпеня ў Астане беларускаму афіцыйнаму лідэру давялося сесці за адзін стол з новай кіраўніцай Кыргызстана Розай Атунбаевай. Між тым Бішкек рыхтуе чарговы запыт на экстрадыцыю Бакіева, і адбівацца будзе ўсё цяжэй.
Аляксандр Лукашэнка ад пачатку назваў красавіцкія забурэнні ў гэтай цэнтральнаазіяцкай краіне антыканстытуцыйным пераваротам. Аб скіданні Курманбека Бакіева было сказана і болей моцна: “Толькі народ мае права спытаць з прэзідэнта. Ніякія банды, ніякія групы, ніякая апазіцыя...”. Пазней, калі з Бішкека прагучала патрабаванне выдаць зрынутага дыктатара, якога вінавацяць у шматлікіх ахвярах, беларускі кіраўнік зазначыў: “Каму выдаць? Ці захачу я яшчэ мець зносіны з тымі, хто сёння пры ўладзе ў Кіргізіі?”.
Аднак пасля рэферэндуму Роза Атунбаева набыла легітымны статус — і на саміце ЕўрАзЭС у казахстанскай сталіцы адпаведныя зносіны мець давялося. Маскоўская прэса падкрэслівае, што гаспадар сустрэчы Нурсултан Назарбаеў увесь час шчыраваў, рассаджваючы гасцей так, каб патэнцыйныя канфлікцёры былі як мага далей адзін ад аднаго.
Увогуле ж сур’ёзныя непрыемнасці пачаліся раней. Яшчэ ў красавіку, даўшы Украіне таннейшы газ, расійскі прэзідэнт празрыста намякнуў, што Беларусь такіх ільготаў не заслужыла. Прычым менавіта праз свае дзёрзкія ў дачыненні да Крамля паводзіны ў сюжэце з Бакіевым. Дзмітрый Мядзведзеў дазволіў сабе кплівы тон: маўляў, няма чаго “прымаць рашэнні аб прыёме на сталае месца жыхарства людзей, якія страцілі працу”.
Чаму ж беларускі кіраўнік пайшоў на такі крок? Каментатары адразу запусцілі тэрмін “салідарнасць дыктатараў”. Напэўна, момант шчырага спачування скінутаму калегу ў дзеяннях беларускага кіраўніка сапраўды меў месца. Як, магчыма, і жаданне шчоўкнуць па носе Маскву. Але цалкам магчыма, што адыграў ролю і намер разыграць карту Бакіева ў геапалітычнай гульні.
Не выпадкова з Мінска раз-пораз гучаў рэфрэн, што без удзелу “легітымнага прэзідэнта” ўлагодзіць кіргізскую сітуацыю ну ніяк не пашэнціць. Беларускаму начальству заўжды карцела фігураваць у сусветным маштабе. Пасля таго як Бакіеў апынуўся ў Беларусі, некаторыя праўладныя палітолагі сталі на поўным сур’ёзе разважаць пра перспектывы сінявокай рэспублікі ў вырашэнні праблем Цэнтральнай Азіі. Сапраўды, няма чаго толькі Маскве ды Вашынгтону там весці рэй! Хай вось цяпер добра папросяць...
Аднак неўзабаве стала ясна, што, казыраючы Бакіевым, можна нажыць хіба што прыгоды на сваю галаву. Пасля крывавай разні ў Ошы і Джалал-Абадзе даводзіцца ўжо ўсяляк адбіваць закіды, нібыта муціць ваду маглі менавіта адсюль, з беларускай зямлі. Курманбек Бакіеў мусіць запэўніваць праз СМІ, што побач з ім не хаваецца малодшы брат Жаныбек (той узначальваў службу дзяржаўнай аховы і падазраецца ў тым, што аддаў загад страляць па людзях на плошчы 7 красавіка, калі загінулі больш за 80 чалавек).
З Бішкека ў пажарным парадку быў эвакуіраваны персанал беларускай амбасады, што трапіла ў аблогу пікетоўцаў. А некаторыя гарачыя галовы рваліся нават высвятляць стасункі ў Мінск. Звыш за тое, адмова выдаць Бакіева ў перспектыве можа адгукнуцца Беларусі абвінавачаннямі ў парушэнні міжнароднага права.
Карацей, не мела баба клопату...
Нядаўна Бакіева зноў змусілі даваць у Мінску прэс-канферэнцыю, але ўжо не з ваяўнічымі, як напачатку, заявамі (кшталту: толькі смерць прымусіць мяне адмовіцца ад прэзідэнцтва!), а акурат з адваротнымі. Маўляў, дачынення да разні не маю, на крэсла не прэтэндую, хачу сысці з палітыкі ды выпускаць дзіцячыя цацкі — і ўсё такое.
Фактычна ж сам уцякач апынуўся ў ролі зламанай палітычнай цацкі, якую зараз невядома куды падзець.
Ну а канчатковай паразай для беларускага начальства выглядаюць вынікі свежага нацыянальнага апытання, зладжанага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Толькі 23,2% беларусаў згадзіліся з афіцыйным кіраўніком у тым, што ў Кыргызстане адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. А вось 47,2% мяркуюць, што там мела месца “народнае паўстанне супраць карумпаванай улады”.
Карацей, як ні пнулася тутэйшая прапаганда паказаць зрынутага дыктатара белым і пухнатым — нумар не пракаціў. Дый нечакана спагадлівае стаўленне нашага памяркоўнага электарату да вулічнага высвятлення стасункаў з гнілым рэжымам таксама наўрад ці ўсцешыць айчынныя вярхі.
Яшчэ болей: толькі 17,9% лічаць правільным рашэнне даць Бакіеву прытулак у нашай краіне. Разам з тым 24,1% мяркуюць, што гэта няправільна, бо той “быў зрынуты справядлівым народным паўстаннем”, а яшчэ 40,6% не ўхваляюць гэтае рашэнне таму, што “незалежна ад таго, хто ў Кыргызстане мае рацыю, не справа Беларусі ўлазіць у тамтэйшыя палітычныя канфлікты”. Такім чынам, дзве трэці беларусаў палічылі, што кіраўнік краіны тут не мае рацыі.
Нарэшце, 51,7% нашых суайчыннікаў мяркуюць, што VIP-уцекача трэба выдаць новым кіргізскім уладам.
Такім чынам, карта Бакіева аказалася бітай ва ўсіх сэнсах — і на міжнароднай арэне, і ўнутры краіны. Памяркоўным беларусам абсалютна не зразумела, нашто праз палітычныя амбіцыі ўлазіць у чужую калатнечу, шукаць праблемы на сваю галаву. Інтэнсіўнае прамыванне мазгоў суайчыннікам не ўратавала высокае начальства ад аглушальнай піяраўскай паразы ў гісторыі са зрынутым кіргізскім дыктатарам.




галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне