Ніл ГIЛЕВIЧ
Новыя вершы
Дзень Перамогі
Святы, Вялікі Дзень. І помніць
Аб ім — нам Бог сказаў. І мы
Ідзем у храм душу напоўніць
Скупымі, ціхімі слязьмі.
Ну так, слязьмі… А не бакальнай
Шыпучай пенай да краёў —
Пад гром фанфар, пад асляпляльны
Бляск юбілейных медалёў.
Пры медалях і эпалетах
Не чуюць важныя чыны,
Як просяць душы ўсіх Палеглых
Каленаўклоннай цішыні.
2010
Засцеражы,
Божа...
Ноч у ноч — зычлівых, любых, дарагіх
Сню сяброў, мне верных болем незмірымасці,
Богу дзякаваць — жывых, а болей тых,
Што мне ў ростань завяшчалі дух скарынінскі.
Хоць і ў снах, а ўсё ж душы лягчэй, цяплей
Тут, дзе свет наўкол звярае і сцюдзёніцца.
Перасніў усіх сяброў!.. А што далей?
Забірае страх і мучае бяссонніца.
І гляджу я на святыя абразы.
Божа правы, Божа мілы, Божа родненькі,
Упільнуй, малю Цябе, засцеражы,
Каб хаця не сталі сніцца мне нягоднікі.
2010
Ах, хлопцы
і дзеўкі!
Не верце вы скептыкам, хлопцы і дзеўкі!
Мы скора дасягнем, для ўсіх неспадзеўкі,
Такога прагрэсу — што ахне сам чорт!
І будзе ў нас поўны камфорт!
Не стане хапугаў, зладзюгаў, бандзюгаў,
Не стане страхоцця, брыдоцця, дурноцця,
Звядуцца паршывасць, вашывасць, фальшывасць,
І скаргі на лёс, і ныццё…
Якое наступіць жыццё!
І будзе з вас кожны бязмежна шчаслівы —
Аж юркаўкі пойдуць нутром!
Пры ўмове, канечне, пры ўмове — калі вы
Мне ў царстве даверыце трон.
Ах, хлопцы і дзеўкі! Ах, дзеўкі і хлопцы!
Ад шчасця за вас аж казыча мне ў глотцы!..
2010
Міні-рэпартажы
з кантрольна-прапускнога пункта ў рай
Першы
І запытаўся апостал
Строга — нібы пракурор:
— Ты ад старэчага ўзросту
Ці ад хваробы памёр?
— Не! Я памёр ад агіды —
Спёрла стаўбом пад грудзьмі.
Гніды, тыфозныя гніды
Верх узялі над людзьмі.
— А-а-а; калі так, то праходзь —
Цябе не папэндзіць Гасподзь.
Другі
— А ты? Цябе ж, пісала прэса,
Хвароба з'ела без пары.
— Не! Я памёр ад балантэсаў,
Што балантэсяць спадары.
Паўсюль і скрозь! Ды гучна-моцна.
А кожны ж — дока, кожны — спец.
Трываў, трываў, ды колькі ж можна
Было трываць? Ну і амбец!
— А-а-а, вось яно што! Ну праходзь,
Табе прытулак дасць Гасподзь.
Трэці
— А ты чаму рашыў, што заслужыў
Амброзію у райскіх кушчах лыкаць?
— Я надта сціпла і сумленна жыў,
Баяўся вельмі Божы гнеў наклікаць:
Не краў, не піў, не быў у спрэчках грубы,
Не біў нікога кулаком у зубы,
Ні разу ў лес не з'ездзіў з шашлыкамі,
Як іншыя — з гарэлкай і дзяўкамі…
— Ну, шашлыка ты ў кушчах не з'ясі
І з дзеўкай не пакоцішся на моху.
Дык ты ж, мой сын, як і не жыў зусім?
І гэта ў подлую наскрозь эпоху!
"Неверагодна!" — здзівіцца Гасподзь.
Кругом бязгрэшны!
Ну, праходзь, праходзь!..
Чацвёрты
— Ну, а ты хто? — Я — піяршчык,
Ці іначай — піярун.
— Піярун? Хітрун-абманшчык?
Дык цябе ж забіў пярун!
Дзе ж і ў чым твая заслуга
Перад Богам? Чаму ў рай?
Марш у пекла, піяруга!
Там — хітруй і ачмурай!..
2010
Унтэр
Кадэбовіч
Хто нястомна з чорнай зяпы
Фальш-хлусню бурболіць?
Сатаны слуга заўзяты —
Унтэр Кадэбовіч.
Хто данос склаў на паэта —
"Стукнуў", так бы мовіць,
Каб надбаўку мець за гэта?
Унтэр Кадэбовіч.
Хто вусішчамі казыча -
Толькі б задаволіць
Шэфа, грознага з аблічча?
Унтэр Кадэбовіч.
Хто дрыжыць, што шэф аднойчы
Можа падфутболіць?
Так і будзе! Гэтым кончыць
Унтэр Кадэбовіч.
2010





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне