bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №106-107 (3236-3237) - "ДУХОЎНЫ СКАРБ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

ДУХОЎНЫ СКАРБ

...I тчэ, забыўшыся, рука

Аўтар: I 8 лiпеня 2010 г.

Слуцк…

Мой гід — навуковы супрацоўнік мясцовага краязнаўчага музея Васіль Цішкевіч.

Перад намі — цяністая вуліца, скрозь ахінутая старымі дрэвамі. Хутчэй гэта бульвар, бо пасярод — пешаходная частка, упрыгожаная векавымі дубамі і таполямі, а па абодва бакі — праезная.

— Сёння гэта вуліца Камсамольская, — тлумачыць мой экскурсавод, а раней — яна насіла назву Сенатарская. Тут што ні крок — жывая гісторыя...

Так яно і ёсць, бо якраз на Сенатарскай у другой палове ХVІІ стагоддзя князь Міхаіл Казімір Радзівіл  заснаваў у Слуцку мануфактуру шаўковых паясоў. Месцілася яна ў двухпавярховым мураваным будынку. Туды і кіруемся, нагадаўшы сабе, што зусім побач, на вуліцы Талстога, ёсць яшчэ адно месца, дакладней дом, у якім жыў маршал Георгій Канстанцінавіч Жукаў. Але пакуль размова пра персіярню...

Больш-менш дасведчаным людзям вядома, што для работы на мануфактуры князь запрасіў майстроў з Персіі і Турцыі, дзе падобнае ткацтва было ў вялікай пашане. Зразумела, напачатку ў Слуцку капіравалі ўсходнія ўзоры. Але вядомы майстар-персіянін Ян Маджарскі, які жыў тут у 1757—1776 гадах, распрацаваў новы тып пояса — "слуцкі". У ім адбіліся мясцовыя мастацкія матывы, што і засведчыў потым Максім Багдановіч у сваім геніяльным вершы "Слуцкія ткачыхі": "І тчэ, забыўшыся, рука заміж персідскага узора цвяток радзімы васілька...". Агульнавядома і тое, што на мануфактуры з цягам часу персіяне замяняліся мясцовымі майстрамі. Што цікава, гэта былі ткачы, а не ткачыхі, — Антон Лойка, Ян Гадоскі, Міхаіл Баранцэвіч, Іосіф Барсук...

Слуцкія паясы даўжынёй ад двух да чатырох з паловай метраў ткаліся з шаўковых, сярэбраных і залатых нітак. Было вялікім шыкам мець такі пояс у сваім гардэробе. Іх набывалі каралеўскія асобы, магнаты, заможныя купцы. Паясы бераглі, перадавалі ў спадчыну з пакалення ў пакаленне. Так і сталі слуцкія паясы нацыянальным скарбам. Доўгі час ладная калекцыя іх захоўвалася ў Беларускім дзяржаўным мастацкім музеі, аднак сёння іх на Беларусі амаль не засталося, толькі адзін ці два захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Чые мастацкія галерэі ўпрыгожваюць, якім музеям належаць слуцкія паясы сёння — тэма асобнай гаворкі... Мяне ж цікавілі толькі два пытанні: ці праўда, што слуцкія паясы выйшлі з моды ў сярэдзіне ХIХ стагоддзя, і ці адрадзілі сённяшнія слуцкія ткачы славуты на ўвесь свет промысел?

— Магу дакладна сказаць, — даводзіць Васіль, — што нашы паясы як творы мастацтва карысталіся попытам па ўсёй Еўропе і ў ХIХ стагоддзя, але мануфактура была закрыта недзе ў 1844 годзе. Чаму? Па-першае, падчас вайны з Напалеонам тут усё было разрабавана. Аднак Лявон Маджарскі, сын Яна Маджарскага, аднавіў промысел. Бяда ў тым, што ён меў неасцярожнасць выпусціць партыю паясоў з арнаментаваным гербам Кароны, а Слуцк на той час ужо быў часткай Расійскай імперыі. Усе ведалі, што Лявон паважаў апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, быў прыхільнікам незалежнасці свайго краю. Але яму за тое, што называецца, далі па руках... Адным словам, заставалася ткаць хіба што галуны для расійскіх мундзіраў. Тое і рабілі.

— А што ў наш час? — пытаюся. — Няўжо перарвалася залатая нітачка слуцкага ткацтва?

— Ды не, — бадзёрыцца Васіль, — наадварот, нітачка тая тчэцца, а ўсё дзякуючы нашаму цудоўнаму прадпрыемству, якое так і завецца — прадпрыемства мастацкіх вырабаў "Слуцкія паясы". І ведаеш, другі этап росквіту слуцкіх паясоў, як і першы ў старажытнасці, звязаны з імем канкрэтнай асобы — з народнай майстрыхай, ткачыхай Нінай Мікалаеўнай Паўлавай. Некалі яна прыдумала і распрацавала новы, сучасны  тып слуцкага пояса. У ім сярэднявечныя традыцыі вельмі арганічна спалучыліся з нашымі вясковымі, з тымі, што існавалі раней у Слуцкім краі. Вытанчаныя кветкавыя кампазіцыі з радзівілаўскіх паясоў жанчына "пераклала" на мову народнага арнамента. Яна скарыстала старажытнае "выбарнае" ткацтва на кроснах. Нашы бабулі, калі памятаеш, якраз і ткалі посцілкі на сваіх кроснах "выбаркай". На прадпрыемстве і зараз карыстаюцца метадам Паўлавай. Ткачыха Ларыса Анатольеўна Сыцько па гэтым ўзоры выткала  двухбаковы слуцкі пояс — з валошкамі, стылізаванымі раслінамі. Шырыня пояса — 40 сантыметраў, а даўжыня — два метры. Ткала з дня ў дзень ажно два месяцы. А да свята горада жанчына зрабіла яшчэ адзін святочны пояс. Яго арнамент, прыгажосць мо і не саступаюць тым, радзівілаўскім, паясам з яшчэ персідскімі ўзорамі. Ці ж не цуд, не дзіва?!

 

Георгій ПЛАТОНАЎ.

 

Слуцк.

 

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл