ПАЛІТКУХНЯ
Што ў іх за душой?
Зарэгістраваная ў Чэхіі арганізацыя “Малады фронт” правяла цікавую акцыю. Актывісты, якія самі яшчэ па ўзросце не могуць балатавацца на першую пасаду краіны, зараз прыглядаюцца да прэтэндэнтаў, выбіраючы, з кім давядзецца працаваць, каму дапамагаць. Таму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў яны звярнуліся да магчымых кандыдатаў у прэзідэнты з двума пытаннямі.
1) Чаму Вы вырашылі балатавацца на прэзідэнцкую пасаду?
2) Як Вы ацэньваеце свае шансы на рэгістрацыю і перамогу на выбарах?
Вывады з іх адказаў на гэтыя пытанні, шаноўныя чытачы, рабіце самі — хто “пустое месца”, а хто ўяўляе пэўную цікавасць..
Алесь МIХАЛЕВIЧ:
1) Мне шмат што не падабаецца і шмат што хочацца змяніць. А ў нашай сістэме, на жаль, лягчэй стаць прэзідэнтам, чым дэпутатам Вярхоўнага Савета або Палаты прадстаўнікоў. І ад прэзідэнта ў нашай сістэме залежыць на сённяшні дзень фактычна ўсё. Таму гэта было натуральнае рашэнне — спрабаваць штосьці змяніць праз балатаванне ў прэзідэнты.
2) Шансы ёсць, і, зразумела, што я іх ацэньваю адэкватна. На сённяшні дзень любы апазіцыйны палітык, які будзе ўпэўнены ў перамозе на выбарах, я лічу, будзе неадэкватным. Але сітуацыя будзе змяняцца. Упэўнены, што гэтыя шансы ёсць ужо сёння і яны будуць павялічвацца.
Мікалай СТАТКЕВIЧ:
1) Балатавацца ці не, найперш вырашыў не я, а “Народная Грамада” і кангрэс “Еўрапейскага выбару”, які адбыўся летам мінулага года, дзе больш за 600 дэлегатаў прынялі такое рашэнне. Чаму яны вылучылі менавіта мяне? Мабыць, з-за маёй пазіцыі, з-за маёй стратэгіі. Стратэгія нашай партыі (нагадаем, што яна не зарэгістравана Мінюстам. — Рэд.) палягае ў тым, што мы лічым: у Беларусі выбары ператвораны ў імітацыю. І гэтая ўлада законным шляхам сёння свае паўнамоцтвы ніколі не саступіць. І ў грамадства, беларускага народа застаецца толькі адзін шлях — прымусіць уладу выканаць закон. Прэзідэнцкія выбары дастаткова зручны час для гэтага, бо падчас іх будзе адбывацца палітызацыя грамадства. І, безумоўна, пры такой стратэгіі выключна важна, каб кандыдат у прэзідэнты зрабіўся лідэрам народнага выступлення дзеля дэмакратыі. У нас не падыходзяць варыянты, калі нехта адзіны кандыдат, а нехта ў ягоным штабе адказвае за плошчу. Бо кандыдат мае хоць нейкую трыбуну, акрамя таго, у нейкай ступені ён абаронены ад прэвентыўных арыштаў ці зняволення.
2) Шансы на рэгістрацыю будуць залежаць ад таго, колькі будзе кандыдатаў. Калі кандыдатаў ад апазіцыі будзе некалькі, то, безумоўна, улада зможа выбіраць каго рэгістраваць. І можа так здарыцца, што адмаўляць у рэгістрацыі ўлада будзе тым, каго найбольш баіцца. Я нагадаю, што ўжо двойчы менавіта пад прэзідэнцкія выбары меў крымінальныя справы. Апошнія прэзідэнцкія выбары я праводзіў “на хіміі”, і нават там паўтара месяца знаходзіўся пад узмоцненай аховай.
І ўсё ж шансы на перамогу юрыдычна ва ўсіх кандыдатаў абсалютна аднолькавыя, — гэта выніковыя пратаколы Лідзіі Ярмошынай. Па-сутнасці, толькі грамадства сваім выступленнем можа прымусіць гэтую ўладу лічыць галасы. І ў гэтым сэнсе я маю папярэднюю гісторыю. Я ўзначальваў дзесяткі дэманстрацый, і гэтыя дэманстрацыі былі не на плошчы Бангалор. Я маю каля 30 адміністрацыйных спраў за дэманстрацыі, па якіх больш за 20 раз сядзеў на Акрэсціна ад 10 да 15 сутак, маю тры крымінальныя справы за тое ж самае. Тут я дзякую Богу, што я зразумелы і вядомы. Шкада толькі, што ўлада таксама пра гэта ведае. Спадзяюся толькі на тое, што зараз улада вельмі шукае грошы, якія прыходзіцца браць на Захадзе, а там не любяць, калі лідэраў партый саджаюць напярэдадні выбараў.
Андрэй САННIКАЎ:
1) Вырашыў балатавацца менавіта таму, што разлічваю на перамогу. Праца на іншых кандыдатаў ніякіх вынікаў не давала (я маю на ўвазе і Ганчарыка, і Мілінкевіча), і зараз я не бачу тых кандыдатаў, якія маглі б адстойваць тыя прынцыпы, якія я адстойваю. А гэта — рашучыя перамены ў Беларусі, рэформы палітычнай і эканамічнай сістэмы, уступленне ў Еўрасаюз праз 5—6 гадоў.
2) Я не тое што разлічваю, я ўпэўнены, што подпісы збяру і працаваць і я, і мае людзі будзем менавіта на перамогу, а не на нейкія іншыя сцэнарыі, якія мы чулі і чуем дагэтуль: змены праз 20, праз 30 гадоў... Для мяне гэта проста непрымальна.
Аляксандр КАЗУЛIН:
Па-першае, вы павінны разумець, што я той чалавек, які прайшоў пэўны шлях і маю досвед і вопыт. Таму прымаць удзел у гульнях не збіраюся. А прымаць удзел у гульнях у якасці дэкарацый для мяне ўвогуле проста сорам.
Рыгор КОСТУСЕЎ:
1) Балатуюся таму, што мяне выбрала партыя. Партыя БНФ не прадстаўляла свайго кандыдата даўно, апошні раз — у 1994 годзе. Я прапаноўваў партыі, каб вылучалі свайго кандыдата і ў 2001-м, і ў 2006 годзе. Але вынікаў не было. Зараз выбралі мяне. Я не супраць і, думаю, гэта някепска, калі партыя будзе мець свайго кандыдата.
2) Праблем сабраць 100 000 подпісаў за маё вылучэнне і нават больш няма. Таму шансы ёсць. Але мы глядзім на прэзідэнцкія выбары рэальна: з аднаго боку, шансы на рэгістрацыю і нават на перамогу ёсць, але ў нашай краіне вырашае толькі адзін чалавек.
Аляксандр МIЛIНКЕВIЧ:
1) Балатуюся таму, што люблю Беларусь, у эміграцыю з’язджаць не збіраюся, хачу жыць у еўрапейскай, а не манархічнай краіне. Не хачу, каб мая любімая ўнучка Машуня аднойчы сказала мне: “Дзядуля, я хачу на Захад, бо тут няма шансаў на самарэалізацыю”. Лічу, што маю дастаткова сіл, волі, ведаў і падтрымкі. Я — не сезонны палітык, у мяне ёсць мэта і я на яе працую.
2) Выбараў у Беларусі даўно няма. Таму недарэчна выглядае мітусня многіх кандыдатаў у прэзідэнты: хто засвяціцца хоча, хто грошай зарабіць, каго амбіцыі душаць. Мы не павінны гуляць у дурня і як статак удзельнічаць у імітацыі выбарчай кампаніі. Перад тым як мітусіцца з “адзіным”, трэба было б ясна і разам сказаць, на якіх умовах гатовы ісці на выбары. Пакуль мы акцёры ў чужым спектаклі. У той жа час ведаю, што сённяшні рэжым не ў стане выйграць адкрытыя, вольныя, роўныя і справядлівыя выбары.
Віталь РЫМАШЭЎСКI:
1) Кандыдатам у прэзідэнты мяне вылучыла партыя БХД (нагадваем, што яна таксама не зарэгістравана. — Рэд.). Беларусь павінна мець хрысціянскую альтэрнатыву ў палітыцы, таму кандыдат ад хрысціянскіх дэмакратаў павінен быць на гэтых выбарах, каб у беларусаў была магчымасць выбіраць не толькі паміж асобамі, але і паміж каштоўнасцямі. Галоўнае, што неабходна для перамогі, — падтрымка сяброў, паплечнікаў, гатоўнасць ісці разам да канца. Адзінства каманды, рашучасць, мэтанакіраванасць дазволяць атрымаць падтрымку большасці беларусаў. Сёння я гэта маю, таму маю шанец перамагчы.
2) Мяркую, што ўлада зробіць усё магчымае, каб не зарэгістраваць мяне, бо баіцца кандыдата ад хрысціянскіх дэмакратаў. Сёння я і Партыя БХД рыхтуемся да прэзідэнцкай кампаніі, бо, як вядома з Пісання, да змагання трэба рыхтавацца, і мы гэта робім. Але перамога — ад Госпада. Таму свае шанцы на перамогу я не ацэньваю, пра будучыню не гадаю. Я толькі ведаю, што для перамогі скарыстаю любы, нават самы малы шанец, калі ён будзе.
Уладзімір НЯКЛЯЕЎ:
1) Я буду балатавацца, каб стаць прэзідэнтам.
2) Шансы на рэгістрацыю ацэньваць цяжка, таму што ў выпадку, калі, дапусцім, я буду кандыдатам і будуць яшчэ апазіцыянеры-кандыдаты, то наўрад ці мяне зарэгіструюць. Гэта будзе залежаць ад таго, ці дасць мне апазіцыя зарэгістравацца, ці не. Напалову рэгістрацыя будзе залежаць ад апазіцыі.
Аляксандр ЛУКАШЭНКА
На жаль, каментарыяў ад дадзенага магчымага кандыдата ўзяць не атрымалася. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі на чале з Паўлам Лёгкім не адрэагавала на просьбы адказаць на пытанні, перадаць іх Лукашэнку, сфармуляваць адказы. Марнымі былі спробы тэлефанавання і ліставання. Ні па тэлефоне, ні праз е-мэйл адказаў не далі, не кажучы ўжо пра асабістую сустрэчу.




галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне