ДАВЕДАЧНАЕ БЮРО СПАЖЫЎЦОЎ
ДАВЕДАЧНАЕ БЮРО СПАЖЫЎЦОЎ
Вярніце паліто
У атэлье няякасна вырабілі паліто з майго матэрыялу. Перарабіць немагчыма. Што можна прад'явіць атэлье?
Алена Жымойцік, г.Мінск.
— Спажывец мае права звярнуцца з заявай на імя загадчыцы (загадчыка) атэлье з патрабаваннем вырабіць новае паліто з аналагічнага матэрыялу за лік атэлье альбо вярнуць заплачаную суму за паслугу і кампенсаваць кошт сапсаванай тканіны з улікам індэксацыі.
«Парамантавалі»...
Боты аддалі ў майстэрню дзеля таго, каб паставілі новыя набойкі. У выніку работы раскалолі абцас. Што рабіць?
Паліна Летава, Мінскі раён.
— Спажывец мае права заявіць патрабаванне аб замене абцаса. У выпадку немагчымасці гэта зрабіць — патрабуйце прадастаўленне аналагічнай мадэлі абутку альбо каменсацыі кошту абутку.
Паверым спецыялісту
Як вызначаецца працэнт зносу рэчы, якая прымаецца ў рамонт?
Сяргей Свецін, г.Віцебск.
— Працэнт зносу рэчы, якая прымаецца ў рамонт, вызначаецца спецыялістам, які прымае рэч па ўзгадненні з заказчыкам.
Не можаце
патрапіць у пад'езд?
У пад'ездзе паставілі дамафон. Я быў супраць і паслугу не аплачваў. Зараз не толькі адзін я не магу патрапіць у свой пад'езд. Як быць?
Яўген Сямёнаў, г.Мінск.
— Навязваць вам паслугу ніхто не мае права. Спажыўцу, нават калі і паставілі новыя дзверы і дамафон, павінны бясплатна выдаць камплект ключоў.
Не трэба
крыўдзіць жонку
Купіў у падарунак жонцы паліто. Не падышло па памеры. Ці можна яго вярнуць назад і атрымаць грошы?
Аляксандр Паўлаў, г.Маладзечна.
— Спажывец мае права на працягу 14 дзён з моманту набыцця патрабаваць замену тавара належнай якасці на аналагічны, калі тавар не падышоў яму па памеры, колеры, фасону, і калі пры гэтым рэч не была ва ўжыванні, захаваўся яе таварны выгляд, ярлыкі, этыкетка. Пры адсутнасці замены спажывец мае права патрабаваць вярнуць яму назад суму, якую той заплаціў.
Дык што ж такое
нітраты?
Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра нітраты. У чым заключаецца небяспечнасць ужывання прадуктаў з нітратамі? І калі такі прадукт купілі, то ці можна яго ўжываць?
Антон Падольскі, г.Мінск
— Нітраты — солі азотнай кіслаты — нармальныя прадукты абмену азоцістых рэчаў арганізма. Аднак пры празмерным ужыванні яны часткова аднаўляюцца да больш таксічных злучэнняў — нітратаў, якія могуць выклікаць атручэнне, парушэнне абмену рэчаў. Акрамя таго, у прысутнасці амінаў, з нітратаў могуць атрымацца нітразаміны — канцэрагенныя злучэнні, якія спрыяюць развіццю рака. Пры прыёме высокіх доз нітратаў з пітной вадой і прадуктамі праз 4—6 гадзін з'яўляецца рвота, адышка, пасіненне скураных і слізістых пакроваў. Усё гэта суправаджаецца агульнай слабасцю, галавакружэннем, стратай прытомнасці, галаўным болем, стратай працаздольнасці.
Спажывец павінен ведаць, што пры цеплавой апрацоўцы частка нітратаў разбураецца, частка пераходзіць у адвар, таму адвар не рэкамендуецца ўжываць. Пры варцы бульбы ў вадзе 20—40 працэнтаў нітратаў пераходзіць у адвар, пры паравой варцы - 30—70 працэнтаў. Пры смажанні на патэльні — 15%. Пры варцы морквы колькасць мінеральнага азоту зніжаецца напалову. У буйных бураках, якія звараны цалкам, колькасць нітратаў зніжаецца прыкладна на 20%. У таматным соку, які прайшоў тэрмічную апрацоўку, колькасць нітратаў зніжаецца ў 2 разы. Пры пакупцы ранняй зеляніны варта выбіраць толькі цэлыя лісты салату, шпінату альбо пятрушкі. Нітразаміны звычайна ўзнікаюць падчас тэрмічнай апрацоўкі і захоўванні прадуктаў — пры вэнджанні, саленні, марынаванні, кансервіроўцы з прымяненнем нітратаў, высушванні прадукцыі кантактным спосабам. Больш за ўсё яны ўтрымліваюцца ў вэнджанай рыбе, каўбасных вырабах. З малочных прадуктаў найбольш "небяспечныя" сыры, якія прайшлі фазу ферментацыі. З раслінных — салёныя марынаваныя вырабы, а з напіткаў — піва. Таму з пункту гледжання бяспекі такія прадукты спажываць можна, але патрохі і не вельмі часта.
Шпалеры розныя
душу не радуюць
Купілі шпалеры аднаго артыкула. Аказалася, што яны адрозніваюцца па тоне (3 трубкі цямнейшыя за астатнія). У магазіне адмовіліся мяняць шпалеры, спасылаючыся на тое, што іх ужо не мяняюць і не вяртаюць. Ці так гэта?
Святлана Саўчыц, г.Драгічын.
— Шпалеры на самай справе ўключаны ў Пералік тавараў, якія не падлягаюць абмену і вяртанню. Аднак у гэтым выпадку гутарка ідзе аб дабраякасных таварах, якія не падышлі спажыўцу па нейкіх прычынах (напрыклад, не падышлі да інтэр'ера). Адрозненні па тоне з'яўляюцца недахопам, і таму патрабаванне спажыўца павінна быць задаволена.
Калі панчохі
нестандартныя…
Купіла панчохі. На ўпакоўцы ўказаны адзін памер, а на самай справе — другі. Ці можна вярнуць такі тавар?
Марыя Давідовіч, Вілейскі раён.
— Так, такі тавар можна вярнуць на той падставе, што была прадастаўлена няправільная інфармацыя аб спажывецкіх якасцях тавара.
Мэблю не вернеш
Купілі канапу і крэслы. Прывезлі дадому, а яны не падыходзяць. Ці можна іх вярнуць назад?
Аляксандр Піменаў, г.Мінск.
— Нельга, бо дабраякасная мэбля абмену і вяртанню не падлягае.
А куртачка фарбуе!
Купіла на рынку скураную куртку. Як аказалася, куртка фарбуе рэчы, якія апранаеш пад яе. Якія патрабаванні можна прад'явіць і каму — прадаўцу ці вытворцу?
Паліна Нікітчанка, Слонімскі раён.
— Няўстойлівасць фарбавальніка з'яўляецца бракам вытворчага характару. Спажывец мае права прад'явіць патрабаванні альбо прадаўцу, альбо вытворцу аб скасаванні дамовы куплі-продажу і кампенсацыю ўрону, які быў нанесены яму няякасным таварам.
Адчуйце розніцу!
Пры пакупцы дыетычных курыных яек я звярнула ўвагу прадаўца на тое, што ў суадноснасці з нанесенай маркіроўкай на яйку, з таго моманту, як яго знесла курыца, прайшло два тыдні, і яйка не можа быць дыетычным. На што прадавец мне адказала, што тэрмін вартасці яек дыетычных — 30 дзён. Ці так гэта?
Вікторыя Паўлоўская, г.Магілёў.
— Тэрмін вартасці яек можа дасягаць 30 дзён, аднак дыетычным яйка застаецца на працягу 7 сутак з таго моманту, як яго знесла курыца. Пасля 7 сутак яйка пераходзіць у катэгорыю сталовага. Паколькі якасць яек дыетычных і сталовых адрозніваецца, то і кошт дыетычнага яйка большы, чым сталовага.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне