ЗАКУЛІССЕ
Андрэй КУРЭЙЧЫК: «Патэлефанавалі ад Паўла Паўлавіча Латушкі, сказалі, што сочаць за сітуацыяй і не хацелі б губляць мяне як выкладчыка»
У чэрвені знакамітага драматурга і сцэнарыста Андрэя Курэйчыка звольнілі з працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Па некаторых звестках, гэта адбылося з-за яго выказванняў у падтрымку затрыманых актывістаў грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”.
Не прайшло і некалькіх месяцаў са звальнення, як спадар Курэйчык атрымаў на электронную скрынку запрашэнне вярнуцца на пасаду выкладчыка.
“Для мяне гэта амаль дэтэктыўная гісторыя, — прызнаўся Андрэй. — Ніхто не чакаў, што маё звальненне будзе мець такі рэзананс. Калі шматлікія СМІ аб гэтым напісалі, сітуацыяй пачалі цікавіцца з самых розных бакоў. Па-першае, ёю зацікавілася
АБСЕ. У той жа час мне патэлефанавалі з Адміністрацыі прэзідэнта, паведамілі, што са мною згодны сустрэцца Уладзімір Уладзіміравіч Макей. Таксама падключылася і Міністэрства культуры. Патэлефанавалі ад Паўла Паўлавіча Латушкі, сказалі, што сочаць за сітуацыяй і не хацелі б губляць мяне як выкладчыка, і будуць садзейнічаць майму вяртанню. У выніку я не так даўно атрымаў імэйл з кафедры тэатральнай творчасці, дзе было запрашэнне вярнуцца. Не ведаю, хто канчаткова паўплываў на прыняцце гэтага рашэння, але факт таго, што мне прапанавалі вярнуцца, ёсць.
Спадар Курэйчык прызнаўся, што прыняў прапанову вярнуцца толькі з-за сваіх студэнтаў.
“Я выкладаю яшчэ і ў мінскай кінашколе, — распавёў сцэнарыст. — У мяне няма шмат часу для выкладання, бо я загружаны сваёй асноўнай працай. Тут іншая сітуацыя — групу набралі ў тым ліку і пад канкрэтных выкладчыкаў, пад майстра. І я павінен весці гэтую групу, як і ў любой творчай ВНУ ўсе пяць гадоў. Навучальная праграма разлічана на пяць курсаў, фактычна я яшчэ не паспеў ім нічога распавесці, адкрыць некалькі прафесійных сакрэтаў, бо яны толькі на другім курсе. Гэта было крыўдна і для студэнтаў, і для мяне. Студэнты прыязджалі да мяне ў вёску, думалі, якім чынам выпутвацца з сітуацыі, і, як звычайна гэта бывае, нехта зверху сказаў сваё слова, потым забраў яго назад і сітуацыя вырашылася”.
Нягледзячы на складанасці і выпрабаванні, звязаныя з працай ва універсітэце, Андрэй Курэйчык лічыць, што выкладчык перш за ўсё павінен даваць адукацыю.
“Галоўная мая задача — навучыць студэнтаў пісаць сцэнарыі і п’есы, — адказаў Курэйчык. — Ніякіх іншых мэт я перад сабой не стаўлю, бо мне падаецца, што ў нашай краіне катастрафічна не хапае аўтараў для кіно і для тэатра. Вось чаму я збіраюся вучыць сваіх студэнтаў”.
У выніку Андрэй Курэйчык выказаў падзяку ўсім журналістам, якія раскруцілі гісторыю аб звальненні драматурга. Маўляў, без націску прадстаўнікоў СМІ адміністрацыя ВНУ ніколі не перамяніла б свайго рашэння.




галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне