ПАЛІТКУХНЯ
Партыйная вольніца
Днямі рэдакцыя “Народнай Волі” атрымала ліст сябра Партыі БНФ Людмілы Белахвоставай. У ім жанчына абвяргае інфармацыю, шырока распаўсюджаную незалежнымі СМІ і агучаную на спецыяльна скліканай прэс-канферэнцыі, што нібыта сябры Партыі БНФ з Мінска пагадзіліся ўвайсці ў каманду магчымага прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост Андрэя Саннікава. Нагадаем, ужо раней паведамлялася аб тым, што лідэры раённых арганізацый сталіцы выступілі ў падтрымку Андрэя Саннікава ў будучай прэзідэнцкай кампаніі.
“Рада Кастрычніцкага раёна Мінска не прымала рашэння аб падтрымцы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэя Саннікава. І любых іншых кандыдатур, акрамя Лявона Баршчэўскага”, — напісала Людміла Белахвостава.
Таму “Народная Воля” вырашыла зноў вярнуцца да гэтай тэмы і ўсё-такі высветліць, каго ў будучай прэзідэнцкай кампаніі будуць падтрымліваць прадстаўнікі Партыі БНФ?
Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч гаворыць, што рашэнне, якога кандыдата падтрымліваць на будучых прэзідэнцкіх выбарах, кожны з партыйцаў прымае асабіста.
— На адмысловай прэс-канферэнцыі аб сваёй падтрымцы Андрэя Саннікава заявілі шэраг вядомых партыйцаў — прафесар Юрый Хадыка, мастак Аляксей Марачкін, шэраг кіраўнікоў мінскіх раённых арганізацый партыі... Кіраўніцтва Кастрычніцкай раённай арганізацыі на той прэс-канферэнцыі не было, затое там прысутнічалі шараговыя сябры суполкі, якія заявілі пра сваю гатоўнасць працаваць у камандзе Андрэя Саннікава. Справа ў тым, што ўнутры партыі ніхто не праводзіў сходаў, на якіх бы ўздымалася пытанне аб падтрымцы Андрэя Саннікава. У гэтым няма ніякага сэнсу, бо ніякімі галасаваннямі большасць не прымусіць меншасць рабіць тое, што яна не хоча. І таму шэраг аўтарытэтных партыйцаў, тыя ж Хадыка і Марачкін, зрабілі заяву аб тым, што яны персанальна ўвойдуць у каманду Андрэя Саннікава. Сябры Партыі БНФ, якія таксама хочуць працаваць з Саннікавым, ёсць у кожнай сталічнай партыйнай суполцы. Імёны, прозвішчы і канкрэтную лічбу гэтых людзей я змагу назваць напрыканцы бягучага тыдня, зараз проста мы людзей абтэлефаноўваем... Ужо відавочна, што ніякага легітымнага і выпрацаванага рашэння аб тым, каго падтрымліваць на будучых выбарах, у Партыі БНФ не будзе. Частка актыву падтрымлівае Лявона Баршчэўскага, частка — Рыгора Костусева, абранага на з’ездзе, які не прызнаны Міністэрствам юстыцыі як легітымны... Таму я яшчэ раз падкрэсліваю: каго з кандыдатаў падтрымліваць, кожны з партыйцаў вырашае персанальна...”
Як вядома, сярод тых, хто ўжо заявіў аб сваім жаданні ўвайсці ў каманду Андрэя Саннікава, ёсць і прафесар Юрый Хадыка. Хаця яшчэ літаральна месяц-паўтара таму на “круглым стале”, які праводзіла “Народная Воля”, Юрый Віктаравіч выступаў за тое, каб адзіны кандыдат быў вылучаны Радай інтэлігенцыі пад старшынствам.
“Я і сапраўды даў згоду ўвайсці ў каманду Саннікава, — гаворыць Хадыка. — І гэта прыватная ініцыятыва, якая не забаронена ў нашых умовах у сілу таго, што лінія нашай партыі адносна ўдзелу ў будучых выбарах заблытаная і няясная. Гэта ёсць мая асабістая ініцыятыва, якая грунтуецца на ацэнках тых кандыдатаў, якіх мы маем зараз. Што тычыцца маёй пазіцыі адносна вылучэння адзінага кандыдата, то я ад яе не адмаўляюся. Не адмаўляе гэтага і Андрэй Саннікаў. Я шчыра прызнаюся ў тым, што памыляўся, калі лічыў, што схема, прапанаваная Радай інтэлігенцыі, прынясе плён... Але працэдура вылучэння адзінага кандыдата ператварылася ў бясконцыя “круглыя сталы”, якія не прыносяць выніку. І на гэтым фоне Саннікаў, які з самага пачатку заявіў, што ён за адзінага кандыдата і за адзінства, выглядае даволі прыстойна”.
Здаецца абсалютна відавочным, што ўнутры найстарэйшай палітычнай партыі Беларусі напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі няма ўнутранага паразумення. Кожны з партыйцаў выбірае кандыдата, на якога будзе працаваць у будучай прэзідэнцкай кампаніі самастойна. Але старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч не робіць з сітуацыі, якая склалася, трагедыі і ў чарговы раз абвяргае чуткі пра ўнутрыпартыйны раскол. Вось што ён сказаў “Народнай Волі”: “На сённяшні дзень няма такога, што актывісты нашай партыі падтрымліваюць розных кандыдатаў. Гэта проста інфармацыйная ілюзія. Пачнем з таго, што нехта быццам бы падтрымлівае і гатовы працаваць з Лявонам Баршчэўскім. Але Лявон Пятровіч публічна заявіў аб тым, што не будзе ўдзельнічаць у будучай прэзідэнцкай кампаніі... Што тычыцца працы ў камандзе Андрэя Саннікава, то на яго пагадзіліся працаваць дзесяць чалавек з пяці тысяч актывістаў нашай партыі. Так, там ёсць імёны — Юрый Хадыка, Віктар Івашкевіч, Валянцін Голубеў, Аляксей Марачкін... Але колькасць сяброў Партыі БНФ, гатовых працаваць з Саннікавым, мізэрная і не можа паўплываць на ўнутрыпартыйныя настроі і дзеяздольнасць. Уяўленне аб тым, што сябры нашай партыі працуюць на розных кандыдатаў — штучнае. На сённяшні дзень пераважная большасць сяброў партыі гатовы працаваць у камандзе Рыгора Костусева. Нават тое, што з’езд, на якім у якасці партыйнага кандыдата быў абраны Костусеў, не прызнаны Мінюстам, ніяк не перашкодзіць. Гэта ўнутрыпартыйнае рашэнне, і яно будзе выконвацца”.
ТЫМ ЧАСАМ
Актывісты Партыі БНФ заклікалі сваіх аднапартыйцаў да адзінства
Актывісты Партыі БНФ заклікалі сваіх аднапартыйцаў да адзінства. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльнай заяве партыі, якую падпісалі 68 яе членаў, сярод якіх Антон Астаповіч, Юрый Чавусаў, Лера Сом, Хрыстафор Жэляпаў і іншыя.
Усе, хто падпісаў заяву, асуджаюць любыя спробы ўнесці раскол у партыйныя шэрагі. “Мы разглядаем як правакацыю спробы дыскрэдытаваць кіруючыя органы партыі і сабатаваць партыйную дысцыпліну, а таксама гатоўнасць скарыстацца рэпрэсіўнымі органамі рэжыму для задавальнення асабістых амбіцый”, — гаворыцца ў заяве.
Актывісты партыі лічаць “праявай палітычнага інфантылізму і безадказнасці нежаданне некаторых паважаных членаў партыі ўзяць удзел у сумеснай партыйнай працы, а таксама іх удзел у іншых выбарчых праектах”.
Падпісанты выказалі падтрымку кіраўніцтву Партыі БНФ у яе дзеяннях па падрыхтоўцы ўдзелу партыі ў чарговых прэзідэнцкіх выбарах, а таксама ў намаганнях па аб’яднанні нацыянальна-дэмакратычных сіл Беларусі.
“Мы заклікаем усіх членаў Партыі БНФ аб’яднаць намаганні для падтрымкі партыйнага кандыдата ў прэзідэнцкай кампаніі, для яднання ўсіх адказных нацыянальна-дэмакратычных сіл Беларусі з мэтай паспяховага правядзення гэтай кампаніі, а таксама зрабіць усё, каб партыя ўмацавала адзінства сваіх шэрагаў і ўзмацніла свой уплыў у грамадстве. Заяўляем, што будзем працягваць працаваць у мэтах прыходу Партыі БНФ да ўлады і рэалізацыі яе праграмы на карысць беларускаму народу”, — гаворыцца ў заяве.




галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне