Подпісы за вуліцу Быкава перададзены сталічным уладам
Вертыкалі перададзена каля 93 тысяч подпісаў ЗА вуліцу і станцыю метро імя Васіля Быкава ў Мінску.
Паводле заканадаўства, рашэнне па ініцыятыве можа разглядацца ад двух да чатырох тыдняў.
Акцыя «Дарогу — вуліцам Быкава!» распачалася ў Дзень Перамогі, 9 Мая
“Мы змусім уладу шанаваць сваіх герояў”, — сказаў лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў падчас абвяшчэння пачатка збору подпісаў за перайменаванне адной з вуліц ці плошчаў у Мінску і Гродне ў імя Васіля Быкава, а таксама надання яго імя адной з новых станцый метро.
— У год 65-годдзя Вялікай Перамогі горка ўсведамляць, што памяць нашага выбітнога пісьменніка, франтавіка дасюль не ўвекавечана ані ў сталіцы Беларусі, ані ў Гродне, дзе ён пражыў 25 год свайго жыцця. У Мінску ёсць вуліцы шматлікіх герояў мінулай вайны — ад шарагоўца да маршала, ад падпольшчыка да энкавэдыста. У Мінску ёсць вуліцы, названыя ў гонар армяніна Авакяна, таджыка Азізава, туркмена Анаева, кіргіза Асаналіева, казаха Іскаліева, эстонкі Кульман, літоўкі Мельнікайтэ, украінца Мірашнічэнкі, расійца Міхайлава, азербайджанца Рафіева, малдаваніна Солтыса, латыша Судмаліса, грузіна Чыгладзе і ўзбека Якубава. І гэта слушна. АЛЕ НЯСЛУШНА тое, што на мапе беларускай сталіцы не знайшлося месца для вуліцы беларуса Васіля Быкава — франтавіка, пісьменніка, чалавека, які так аддана і высока любіў сваю Бацькаўшчыну, — сказаў Уладзімір Някляеў.
— У справе ўшанавання памяці народнага пісьменніка Васіля Быкава мы спадзяемся на шырокую падтрымку грамадства, — заявілі актывісты “Гавары праўду!”.
Фота Радыё Свабода
Грамадства адказала падтрымкай
Да кампаніі далучыліся актывісты іншых гарадоў. Подпісы збіралі ў Брэсце, Хоцімску, Барысаве і Оршы.
Адным з першых подпіс ЗА вуліцы Быкава паставіў слынны беларус Рыгор Барадулін.
На пытанне, ці не запазнілася кампанія, сказаў:
— Займацца такой справай ніколі не позна. Я лічу, што без Быкава, канечне, Беларусі няма. Быкаў — гэта апостал нацыі, і па Быкаву ўвесь свет ведае Беларусь і што такое Беларусь. Без Быкава нельга ўявіць увогуле беларускую літаратуру; сваім жыццём, сваёй творчасцю, сваёй грамадскай дзейнасцю Васіль усё жыццё змагаўся за незалежную Беларусь, за самастойную Беларусь, а не за ўскраіну Расіі. Тут такая подласць была: вуліцу Быкава, вуліцу, дзе ён жыў, назвалі вуліцай Танкавай — нібыта не было іншай, якой можна было даць імя Танка. Гэта чыста савецкія штучкі — назваць вуліцу імем Максіма Танка, каб не даць магчымасці родную вуліцу назваць імем Васіля Быкава.
У нас столькі вуліц носяць імёны людзей, не звязаных з Беларуссю!.. У нас столькі вуліц, названых у гонар сувораўцаў, палкаводцаў (не хачу гаварыць, колькі вуліц носяць імёны савецкіх дзеячаў!), — людзей, якія разбуралі Беларусь. Я лічу, што трэба, каб была вуліца Быкава. І станцыю метро таксама трэба назваць імем Быкава — ёсць жа станцыя Купалаўская, станцыя Коласа. У нас пяцізор’е — Купала, Колас, Багдановіч, Быкаў, Караткевіч — пяць зорак беларускага каньяку, можна сказаць, беларускага духу...
Жыхары вуліц Танка і Ульянаўскай паставіліся да ініцыятывы па-рознаму
Каля пад’езда курыць сівы мужчына, падыходзім да яго.
— О, прыдумалі! І чым вам Ульянаўская не падыходзіць?
Валанцёры тлумачаць: маўляў, зусім непадалёк ад Ульянаўскай — месціцца вуліца Леніна. Відавочна, што ўганароўвалі аднаго і таго ж чалавека пад рознымі прозвішчамі.
— Не, гэта я так вам экспромтам не вырашу. Тут трэба думаць. Вось станцыя метро новая — гэта так, станоўча. Наогул ваша ідэя ўшанавання Быкава — гэта слушна і ўхваляю вельмі. Толькі нельга ўшаноўваць адных за кошт другіх. Хаця сапраўды, вуліца Леніна застанецца, — задумліва ўголас разважае мужчына. — Трэба, варта Быкава ўганараваць. Вялікі быў чалавек, вялікі быў пісьменнік. Але ведаеце, што ўлады прыходзяць і сыходзяць, а вуліцы павінны заставацца. А то вось была Ульянаўская — цяпер вось зробяць яе вуліцай Быкава... Улада зменіцца — і незразумела, якія вуліцы чыімі імёнамі новыя захочуць назваць.
Так і не пагадзіўшыся з прапановай перайменавання, суразмоўца пусціў нас у “закадзіраваны” пад’езд, параіўшы акцэнтаваць увагу суседзяў на новай станцыі метро, а не на вуліцы Ульянаўскай.
— О, не!!! Я — катэгарычна супраць, — кажа нам эфектная жанчына з добра пастаўленым голасам. — Навошта грошы на гэта траціць?
— Але ж новая станцыя метро не пацягне за сабой выдаткаў, — даводзяць валанцёры.
— Усё адно. Лепей грошы на вашы, маладзёжныя, інтарэсы патраціць. У нас не хапае клубаў для моладзі, нейкіх вось... культурных месцаў. Вось хай бы вы ініцыявалі адкрыццё клуба імя Васіля Быкава, дзе творчая моладзь магла б сабрацца. Замест таго каб на лаўках піва піць.
Мы паабяцалі падумаць над прапановай і рушылі далей. На Танкавую ці Танка, як яе цяпер называюць.
Малады чалавек у акулярах, не задаючы ніякіх дадатковых пытанняў, дае згоду і энергічна распісаўся ў падпісным лісце.
— А вашы суседзі па дому наогул ведаюць, што доўгі час жылі паблізу з Васілём Быкавым? — пытаюся.
— Ну я, прыкладам, мая сям’я — ведаем. Дый наогул — большасць ведае, асабліва людзі сталага веку.
— Вось наша Танкавая была ўсё жыццё. Тут раз-два — ніхто нікога не пытаў — і аказваецца, што яна ўжо імя Танка.
Прыхільнікі перайменавання фатаграфавацца адмовіліся, спаслаўшыся на патэнцыяльную рызыку “засвяціцца”:
— Я вось неяк пра выбары сказала праўду, што думаю, дык мяне папярэдзілі, што без працы застануся. А мы, ведаеце, пенсіянеры... Дык не хацелася б рызыкаваць.
VIP-дэсант у Гродне
Каб прыцягнуць увагу грамадства наогул і жыхароў Гродна, у прыватнасці, да акцыі “Дарогу — вуліцам Быкава”, у Гродна прыехалі літаратары і публіцысты Уладзімір Някляеў, Міхась Скобла, Аляксандр Фядута, Глеб Лабадзенка і музыкант Зміцер Вайцюшкевіч.
Пасля наведвання музея Быкава, створанага гродзенскімі энтузіястамі, наўпрост пасярод вуліцы Савецкай у Гродне госці збіралі подпісы ЗА вуліцу Быкава. Гродзенцы рэагавалі па-рознаму, у асноўным прыязна. Асабліва ўсмешлівымі былі жанчыны, якім падпісваў сваю кнігу “Кон” Уладзімір Някляеў. Адзін з падпісантаў так прааргументаваў сваё стаўленне да акцыі па зборы подпісаў:
— Калі краіне ёсць кім ганарыцца, пра гэта варта казаць як мага гучней. Адсутнасць належнай гэтай постаці памяці — дзіўная і ганебная для Беларусі. Тое, што вы робіце, акцыя “Дарогу — вуліцам Быкава” — добрая, слушная справа.
Вынікі
Вынікам сталі каля 100 тысяч подпісаў за наданне адной з вуліц і станцыі метро ў Мінску.
Перад тым як перадаць іх уладам, патрабавалася праверка “на чысціню”. Тым часам з дня ператрусу 18 мая офіс кампаніі ГАВАРЫ ПРАЎДУ! апячатаны і зачынены. Для таго каб падрыхтаваць подпісы, была знята кватэра.
6 ліпеня яе абрабавалі “невядомыя”. У выніку страчана больш за 70 тысяч подпісаў. Нічога іншага не прапала. Актывісты кампаніі выклікалі міліцыю, складзены пратакол.
На подпісы за ўшанаванне памяці вялікага беларускага пісьменніка вялося сапраўднае паляванне — 5 ліпеня машына, у багажніку якой знаходзіліся яшчэ 20 тысяч подпісаў, была эвакуіравана са двара, у якім стаяла без парушэння аніякіх правіл. Спачатку аўтамабіль апячаталі супрацоўнікі Савецкага РУУС. Унутры легкавіка, апроч падпісных лістоў, ноутбука і іншых асабістых рэчаў Міхаіла Башуры, знаходзіліся і ключы ад кватэры, дзе захоўваліся і правяраліся сабраныя подпісы.
9 ліпеня нарэшце праведзены ператрус аўтамабіля — усе рэчы, што ў ім былі, канфіскавалі, спаслаўшыся на “справу 18 мая”.
Тады ж, 18-га, у час ператрусу ў офісе кампаніі на вул.Машэрава, 54, канфіскавалі яшчэ каля 8 тысяч подпісаў.
Але калі нехта разлічваў такім чынам праігнараваць народнае волевыяўленне і абвінаваціць кампанію ГАВАРЫ ПРАЎДУ ў хлусні, яны пралічыліся.
На прэс-канферэнцыі 8 чэрвеня Уладзімір Някляеў сказаў:
— Факт крадзяжу застаецца фактам. Гэта сапраўдны ЗНАК БЯДЫ. Тыя, хто гэта зрабіў, зняважылі памяць Быкава. Сам факт перашкод уладных структур акцыі “Дарогу — вуліцам Быкава” сведчыць пра невытлумачальную амаральнасць. Бо гэта — кампанія па вяртанні народу самасвядомасці на прыкладзе самых славутых беларусаў.
Што яны зрабілі? Яны проста плюнулі ў твар. Не Някляеву, не кампаніі — народу! Гэта ўсё адно што сказаць: “Што вы тут выдумляеце з нейкімі нацыянальнымі геніямі — у нас адзін геній. Што вы выдумляеце з нейкай ідэалогіяй нацыянальнай — у нас ёсць ідэалогія”. Ідэалогія маны, якая і стала дзяржаўнай!”
Між тым кампанію за ўшанаванне памяці Быкава гэта не спыніць, патлумачыў Уладзімір Някляеў:
— Па-першае, не ўсе подпісы скрадзены, па-другое, подпісы сканіраваліся і копіі іх — ёсць.
А ўлічваючы, што ў законе няма забароны на падачу адсканіраваных падпісных лістоў, то дабівацца праўды і ўліку сапраўднага НАРОДНАГА галасавання мы будзем.
У панядзелак 12 чэрвеня подпісы грамадзян ЗА вуліцу і станцыю метро Быкава ў Мінску перададзены да разгляду ўладам сталіцы. Паводле заканадаўства, адказ тыя павінны даць на працягу месяца.
Гаворым пра Васіля Быкава і згадваем Курманбека Бакіева
Напрыканцы зноў гутарым з Уладзімірам Някляевым.
— Вось вы ініцыявалі збор подпісаў за ўганараванне Васіля Быкава ў назвах мінскай і гродзенскай вуліц. Вынік фактычна ашаламляльны — сабрана больш за 100 тысяч подпісаў. Аднак пакуль жа гудзе толькі інтэрнет. І то адмоўна: “Навошта гэта? Улада ўсё адно адмахнецца!”
— Што ж, пабачым, як яна гэта зробіць. Ці знойдуцца ў Мінскім і Гродзенскім гарсаветах дэпутаты, якія здольныя ўважыць не адно ўладу (што азначае сёння: аднаго чалавека), але і тых, каму (згодна з Канстытуцыяй) яна належыць. Што азначае: народ. Ці больш за 100 тысяч мінчан і гродзенцаў ніякіх адносін да народа не маюць? У такім разе яны будуць ведаць, што тыя, хто называе сябе іх абраннікамі, не маюць права так называцца. Бо адмахнуліся ад тых, хто іх абіраў. Абверглі залатое правіла дэмакрытыі: не адштурхоўвай людзей, не адмаўляй ім у іх законным праве! А права — ці, калі заўгодна, просьба, пад якой паставілі подпісы десяткі тысяч чалавек, — зусім законнае. За тое, каб яно спраўдзілася, падпісаліся не толькі тыя, хто супраць Лукашэнкі. Падпісаліся і тыя, хто за яго. Бо гэта не палітычная, а маральная акцыя. Выяўленне не ідэалагічных перакананняў (хоць і без іх, зразумела, не абышлося), а сумлення. Быкаў для ўсіх беларусаў — асоба, якая, бясспрэчна, заслугоўвае пашаны і павагі.
Дзякуй усім, хто гэта зразумеў. Як тым, хто збіраў подпісы, гэтак і тым, хто падпісаўся. А ці спрацуе залатое правіла дэмакратыі, ці гонар і сумленне перамогуць страх і ўгодлівасць — будзе відаць у бліжэйшым часе.
Пераадоленне страху, канфлікт гонару і ўгодлівасці — адна з ключавых тэм творчасці Быкава. І гэтым Васіль Уладзіміравіч як быў, так і застаецца сучасным. Не гадаючы, як вырашаць гэты канфлікт нашы сучаснікі, дазволю сабе заўважыць: калі воля народа не ўлічваецца паслядоўна і доўга, калі ягоныя інтарэсы падмінаюцца пад інтарэсы купкі людзей, клана, тады непазбежны выбух.
Курманбек Бакіеў можа гэта пацвердзіць. Якраз асколкам такога выбуху яго і крамсанула.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне