СІТУАЦЫЯ
Iван ЖАРАБЦОЎ: «Нам няма чаго з ім дзяліць...»
Адзін з заснавальнікаў ствараемай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Георгій Станкевіч (на здымку) працуе настаўнікам нямецкай мовы ў Пяцігорскай сярэдняй школе Бешанковіцкага раёна.
Працоўны кантракт у Георгія Станкевіча заканчваецца 31 жніўня бягучага года. Папаўзлі чуткі, што працягнуты ён не будзе. Сам Георгій Станкевіч звязвае гэта са сваёй актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю.
Фота Радыё Свабода
Прэс-служба ствараемай партыі паведамляе, што неабыякавасць да сваёй асобы з боку мясцовых чыноўнікаў Георгій Станкевіч адчуў, калі балатаваўся ў Бешанковіцкі раённы Савет дэпутатаў падчас сёлетніх выбараў у мясцовыя Саветы. Тады выбарчая камісія забараніла трансліраваць ягоны зварот да выбаршчыкаў па мясцовым радыё. Прамова Станкевіча прагучала толькі ў апошні дзень перад выбарамі пасля асабістага дазволу старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
Другім выпадкам ціску на сельскага настаўніка стаў судовы працэс за распаўсюджванне самвыдатаўскай газеты "Крывінка", якую Георгій Станкевіч выдае тыражом у 299 экземпляраў за ўласныя грошы цягам апошніх пяці гадоў. Суд вырашыў, што выдавец парушае парадак распаўсюджвання перыядычных выданняў і аштрафаваў яго на 700 тысяч рублёў.
"Мне сказалі, што сваімі матэрыяламі, змешчанымі на старонках "Крывінкі", я распальваю ў людзях варожасць да ўлад, — гаворыць Станкевіч. — Але гэта не так, я адкрываю людзям вочы на тое, што робіцца ў раёне. Я не проста крытыкую, а распавядаю пра праблемы, якія трэба вырашыць і прапаную шляхі іх вырашэння. Аднак дзеля гэтага чыноўнікам трэба варушыцца, працаваць, а ім не хочацца. Не падабаюцца ўладам людзі з актыўнай палітычнай і грамадзянскай пазіцыяй, тым больш рэзананснай. Бо чытачоў "Крывінкі" штодзень становіцца ўсё больш і больш, усё болей жыхароў нашага раёна хочуць ведаць праўду. І я не збіраюся "абразумлівацца".
Да свайго звальнення Георгій Станкевіч маральна гатовы. Спробы пазбавіць яго працы прадпрымаліся яшчэ ў 2006 годзе, калі настаўнік удзельнічаў у перадвыбарнай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча: "І тады, і зараз свае праблемы на працы я звязваю з начальнікам раённага аддзела адукацыі Іванам Жарабцовым. Яшчэ ў 2006 годзе ён пагражаў мне звальненнем. Але тады ўсё абышлося, супакоілася. У школе, дзе я працую, ходзяць чуткі аб тым, што непрацяг кантракта са мной — гэта загад Івана Жарабцова. Па крайняй меры ўсе астатнія настаўнікі маюць доўгатэрміновыя пяцігадовыя кантракты. Са мной жа ў мінулым годзе кантракт заключылі ўсяго на год. Дзіўна толькі, хто ж будзе вучыць дзяцей нямецкай мове, бо ў раёне хранічны недахоп настаўнікаў замежных моў. Выпускнікі ВНУ тут доўга не затрымліваюцца".
"Народная Воля" вырашыла звязацца менавіта з самім Іванам Жарабцовым і ўзяць каментарый, як кажуць, з першых вуснаў. Мы хацелі высветліць, ці сапраўды настаўніка з 14-гадовым стажам, лаўрэата раённага конкурсу "Настаўнік года", уладальніка грамат за добрую працу Георгія Станкевіча, хочуць пакінуць без гэтай самай любімай працы.
Усё насамрэч аказалася не так страшна: "Шум узнялі з нічога… Скажу вам, што гэта ўсё няпраўда, гэта ўсё хлусня. У Георгія Станкевіча і сапраўды заканчваецца кантракт, мы ўсіх такіх супрацоўнікаў пра гэта загадзя папярэджваем… Георгій Станкевіч быў у мяне на прыёме. Мы дамовіліся аб тым, што пасля 25 жніўня ён напіша заяву аб працягненні кантракта. Працягнем з ім кантракт і ўсе справы. Я добра ведаю Станкевіча, у свой час мы працавалі старшынямі калгасаў. Ён, дарэчы, вельмі добры настаўнік нямецкай мовы. Ён нават кніжку мне ўласную падарыў (Георгій Станкевіч аўтар паэтычных зборнікаў "Званы" і "Мая зорка". — Аўт.) Нам няма чаго з ім дзяліць. І дыскрымінацыі з-за палітычных поглядаў у нас няма…"
Займаць чыйсьці бок у гэтай сітуацыі, здаецца, не мае сэнсу. Бо калі начальнік аддзела адукацыі Бешанковіцкага раёна Іван Жарабцоў стрымае сваё слова, і кантракт з Георгіем Станкевічам будзе працягнуты, то праблема, як кажуць, будзе цалкам вырашпана.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне