Праўда працуе!
Грамадзянская кампанія "ГАВАРЫ ПРАЎДУ!" доўжыць сваю дзейнасць. Нягледзячы на незвычайную спёку і незвычайны ціск сілавых структур. Пра гэта сведчаць болей за 100.000 подпісаў, сабраных за тое, каб вуліцы імя Васіля Быкава з'явіліся ў Мінску і Гродне.
Лідэр кампаніі Уладзімір Някляеў не перапыняе свае паездкі ў рэгіёны, дапамагаючы людзям вырашаць іх штодзённыя жыццёвыя праблемы. Праз гэта набірае аўтарытэт і ён сам, і кампанія "Гавары праўду!".
Па апошніх сацыялагічных даследаваннях, яе вядомасць у Мінску складае каля 28,5 працэнта. У рэгіёнах на 10 працэнтаў менш, але і там рэйтынг кампаніі расце. Калі такая тэндэнцыя прадоўжыцца, то падчас прэзідэнцкіх выбараў рэйтынг кампаніі "Гавары праўду!" можа значна пераўзысці рэйтынг найбольш вядомых палітычных партый і грамадскіх арганізацый.
Жыхары вёскі Шырокае: «Мы — не быдла, як лічаць улады»
Вёска Шырокае — гэта пад Лідай. Бліжэйшым часам улады плануюць там пабудаваць завод гарачага ацынкавання металаканструкцый. Насельнікі бліжэйшых вёсак катэгарычна супраць небяспечнай вытворчасці. На тое сведчаць каля трох тысяч подпісаў, сабраных у рамках кампаніі “Гавары праўду!” і перададзеных у Лідскі райвыканкам. Адказ улады, як той казаў, “ні пра што” — перспектывы засталіся цьмянымі. Тым часам чыноўнікі розных дзяржструктур выказваюць розныя, часам процілеглыя версіі: то быць заводу, то як быццам не быць...
Каля 30 чалавек сабралася на адной з вуліц вёскі, каб сустрэцца з лідэрам кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімірам Някляевым. Абурэнне сітуацыяй людзі не хавалі.
— Справа не ў тым, што гэты завод наогул плануюць пабудаваць. Хаця і тут нашага меркавання ніхто не пытаўся, — кажа Сяргей ЛУЦ, распавядаючы падрабязнасці. — Гэта парушэнне Орхускай канвенцыі. Ніхто не паставіў нас у вядомасць належным чынам. Аднойчы павесілі абвестку дзеля “галачкі”, увечары, а збор быў наступнага дня а 14-й гадзіне. Яны разлічвалі, што ніхто не прыйдзе. І ўсё для таго зрабілі. Відавочна, нахабства расце надзвычайна — маўляў, усё сцерпім, бо быдла. А мы не будзем гэта трываць!
— Дайшло, ведаеце, нават да чаго? Ды нам у твар наўпрост кажуць: “Крычыце — не крычыце, а завод пабудуем!” Спакойна кажуць... Бо ўпэўнены ў сваёй беспакаранасці! — абурэнне жыхароў відавочнае. І небеспадстаўнае.
«Праглынулі Чарнобыль — праглынеце і завод!»
Жыхарка вёскі Шырокае Валянціна распавяла пра спробы пераканаць чыноўнікаў выконваць права грамадзян на нармальнае навакольнае асяроддзе:
— Ведаеце, вельмі, вельмі шмат хворых у нас дзяцей. І я, і мае сяброўкі, што нараджаюць, - амаль няма здаровых. Усё гэта, мяркуем, наступствы экалагічнай сітуацыі. А Сяргей БОУФАЛ, дырэктар прадпрыемства “Конус”, якое мае права праводзіць будаўніцтва завода, калі кажа так: “Праглынулі Чарнобыль — праглынеце і завод”.
Сам Сяргей Боуфал адхрышчваецца ад гэтага катэгарычна:
— Я — жыхар гэтага горада. Тут жывуць мае дзеці. Я сам сабе не вораг і думаю пра сваю рэпутацыю. Мне важна, што пра мяне думаюць і кажуць людзі, ніколі ў жыцці я б такія словы не вымавіў.
За некалькі дзён да сустрэчы ў Шырокім, успаміны, пра якую ў чыноўнікаў і жыхароў трохі разыходзяцца, у інтэрв’ю карэспандэнту сайта zapraudu.info старшыня Лідскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў Сяргей Луня сказаў, што ніякай канкрэтыкі ў будаўніцтве завода пакуль няма:
— Паводле Орхускай канвенцыі, папярэднічаць будоўлі павінны грамадскія слуханні. Патрэбны дакумент, экспертная ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Гэткіх дакументаў мы пакуль не бачылі і не маем. А то распусцілі чуткі, што ўжо ледзь ці не камень у падмурак паклалі. Будоўлю ніхто пакуль не пачынаў і не пачне.
Міхаіл Мясніковіч настроены аптымістычна
У аптымізм Сяргея Луня рады былі б паверыць, каб не нядаўняе наведванне Ліды Міхаілам Мясніковічам, кіраўніком Нацыянальнай акадэміі навук. У інтэрв’ю “Лідскай газеце”, разважаючы аб бяспецы прадпрыемства, ён запэўніў: “Экалагічна чыстае, з безвыкідной вытворчасцю, не мае выкідаў у атмасферу, не скідвае стокі”.
— І адкуль мае сп. Мясніковіч такую інфармацыю, калі ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не рабілася? — задаюцца рытарычным пытаннем жыхары навакольных вёсак.
Вось і адказ Лідскага райвыканкама як быццам супярэчыць словам сп. Мясніковіча:
“...Распрацоўваецца інжынерны праект і праектна-сметная дакументацыя, праводзіцца вывучэнне пытання ўздзеяння дадзенай вытворчасці на навакольнае асяроддзе. Раздзел “Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе” распрацоўвае спецыялізаваная арганізацыя.
Правядзенне грамадскіх слуханняў па дадзеным пытанні магчымае пасля прадстаўлення адпаведных дакументаў і правядзення службамі санітарнай і экалагічнай экспертыз”, — такая заява падпісана старшынёй райвыканкама А.П.Худыкам.
Адказ быў на 2800 подпісаў з вёсак Лідскага раёна, якія заклапочаны ўласнай будучыняй паблізу будаўніцтва і працы завода, што плануюць пабудаваць за 300 метраў ад вёскі Шырокая і за 800 метраў ад Ліды.
Згаданы ўжо Сяргей Боуфал патлумачыў:
— Грамадскіх слуханняў не было, толькі стыхійныя мітынгі. Бударажаць народ. А рашэння ніякага не прынялі яшчэ. Пакуль што экспертызу ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па дамове выконвае навукова-даследчы Гродзенскі інстытут азотнай прамысловасці.
— А калі з’явіцца экспертная ацэнка, можна будзе ініцыяваць слуханні?
— Ну... Мы ж працуем у рамках дзеючага заканадаўства. Орхуская канвенцыя - значыць, Орхуская канвенцыя... Адно магу сказаць упэўнена: пакуль ацэнку інстытут не зробіць, ніводны калочак у зямлю не будзе ўбіты.
Таксама 539 подпісаў ад жыхароў Лідчыны перададзена Сяргею Сідорскаму і Міхаілу Мясніковічу з просьбай даць гарантыі, што прадпрыемства не стане рабіць шкодных выкідаў у атмасферу і ваду. Яшчэ адзін ліст з подпісамі рыхтуюць да мясцовага дэпутата.
«Мы патрабуем выканаць заканадаўства. Гэта што, нерэальна сёння?»
Паводле слоў адной з актывістак кампаніі “Гавары праўду!” Яніны Гузоўскай, каардынатаркі ў зборы подпісаў, людзі патрабуюць элементарнага:
— Выконваць заканадаўства. Мы хочам быць упэўнены, што любое будаўніцтва ў нашай краіне робіцца адпаведна правілам. Мы патрабуем выконваць Орхускую канвенцыю і забяспечыць празрыстасць інфармацыі адносна будаўніцтва. Гэта не апазіцыйныя крокі, гэта абставіны, якія хвалююць усіх. Бо здароўе, навакольнае асяроддзе, бяспека — агульначалавечыя каштоўнасці.
Атрымліваецца, і чыноўнікі Лідчыны, і простыя жыхары памятаюць пра тое, што ім і іх дзецям тут жыць заўтра і паслязаўтра. Але ці прывядзе гэта да аб’ектыўнай экспертызы ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе?





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне