ПАЛІТКУХНЯ
Ці трэба апазіцыі ісці на Усебеларускі сход?
Яшчэ ў маі бягучага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб падрыхтоўцы чацвёртага Усебеларускага сходу. Некаторыя апазіцыйныя дзеячы вырашылі паўтарыць “подзвіг Казуліна” і паспрабаваць прабіцца на гэтае мерапрыемства.
Усебеларускі сход традыцыйна адбываецца ў Беларусі раз у пяць гадоў напярэдадні важных грамадска-палітычных падзей. Для падрыхтоўкі чарговага хуралу ўжо даўно створаны рэспубліканскі арганізацыйны камітэт, сустаршынямі якога сталі прэм’ер-міністр краіны Сяргей Сідорскі і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей.
Да 1 ліпеня бягучага года Аляксандру Лукашэнку павінны былі быць прадстаўлены прапановы па даце правядзення мерапрыемства. Аднак ужо і ліпень заканчваецца, а пра дату правядзення сходу пакуль не чутно. Ва ўсялякім разе ўчора, калі карэспандэнт “Народнай Волі” патэлефанаваў у прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі, там адказалі, што інфармацыі аб даце правядзення Усебеларускага сходу ў іх няма.
Тым не менш на гэтым фоне актывізаваліся некаторыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі.
У апазіцыйным асяродку ёсць супрацьлеглыя меркаванні наконт мэтазгоднасці ўдзелу ва Усебеларускім сходзе.
Так, лідэр грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” паэт Уладзімір Някляеў заявіў аб тым, што беларуская апазіцыя абавязкова павінна прыняць
удзел у працы Усебеларускага сходу. Уладзімір Пракопавіч нават выказаў намер асабіста паспрабаваць зарэгістравацца дэлегатам на згаданае мерапрыемства.
“На сход пайду, таму што як грамадзянін Рэспублікі Беларусь маю права ўдзельнічаць ва ўсіх сходах, мітынгах, парламенцкіх асамблеях, — гаворыць Уладзімір Някляеў. — І зараз я вырашыў гэтым правам скарыстацца. Чаму? На канферэнцыі прадпрымальнікаў 19 ліпеня я спытаў у гэтых, дарэчы, самых актыўных людзей Беларусі, хто з іх калі-небудзь удзельнічаў у нейкім прадстаўнічым органе Рэспублікі Беларусь? Аказалася, што са ста чалавек ніхто. Тады я пацікавіўся: а хто ж будзе прадстаўляць нашы інтарэсы на Усебеларускім народным схо-
дзе? Аказалася, што таксама ніхто. Толькі калі мы самі не паклапоцімся пра гэта. Тады мы і вырашылі, што трэба кагосьці туды дэлегаваць. Вось так узнікла ідэя, якую падтрымалі ўсе. Па-першае, насамрэч гэта даволі цікавы ход, а па-другое, можа быць, з гэтага што і вый-
дзе”.
Нагадаем, што спробу зарэгістравацца дэлегатам на трэці Усебеларускі сход у 2006 годзе прадпрымаў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін. Чым гэта скончылася, памятаюць усе: Казуліна збілі прадстаўнікі сілавых структур...
Тым не менш актывісты кампаніі “Гавары праўду!” ужо распачалі збор подпісаў за вылучэнне Уладзіміра Някляева дэлегатам на чацвёрты Усебеларускі сход.
“Там выходзіць адзін дэлегат ад дзвюх тысяч беларусаў на гэтым сходзе, паколькі іх там пяць тысяч, — гаворыць Някляеў. — Мы збяром, скажам, 20 тысяч подпісаў - і выйдзе, што мы маем права дэлегаваць дзесяць чалавек. Ну, а калі прый-
дзе адзін з подпісамі дзесяці чалавек і яго павернуць, тады мы зададзімся пытаннем: а хто ж на тым сходзе сядзіць і што ён там робіць?”
Іншага пункту гледжання прытрымліваецца старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён лічыць, што апазіцыя не павінна прымаць удзелу ва Усебеларускім народным сходзе:
“Па-мойму, гэта ідэя сырая і не да канца прадуманая, — лічыць Анатоль Уладзіміравіч. — Усебеларускі сход - гэта штучны замяняльнік парламентарызму і мясцовага самакіравання ў Беларусі. Неканстытуцыйная структура, якую беларускі правадыр надзяліў асаблівымі паўнамоцтвамі і пазіцыянуе яе як канцэнтраванае меркаванне ўсіх грамадзян Беларусі. Збіраць подпісы за сваю прысутнасць на гэтым хурале — значыць, нявольна рэкламаваць структуру-паразіт. Каб сабраць 20 тысяч подпісаў, трэба абысці дзесяткі тысяч кватэр і дамоў, і ў кожным у вас спытаюць: а што гэта за сход? Няхай гэтым займаюцца прыхільнікі фан-клуба Лукашэнкі, якія аб’ядноўваюць працэнтаў 15—20 насельніцтва краіны, а не прыхільнікі перамен у Беларусі?”
У пазіцыі Анатоля Лябедзькі незразумела толькі адно: чым збор подпісаў за ўдзел у “не зусім усебеларускім” сходзе адрозніваецца ад удзелу ў “не зусім выбарах” прэзідэнта?..





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне
Алекс (28.07.2010 14:11)
Магчыма паэты могуць не заўсёды ведаць, дзе паставіть коску альбо працяжнік. Але, калі Вова Магер (Някляеў) абвяшчае свой "рух" - "Гавары праўду!", то хочацца параіць гэтаму Магеру: найперш трэба вывучыть беларускаю мову, бо па-беларуску трэба - "Кажы праўду!".