ДАТА
«У гістарычным вымярэнні гэта будзе вельмі значна...»
27 ліпеня 1990 года ў Авальнай зале Дома ўрада адбыліся дзве падзеі, якія адыгралі ключавую ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці.
Была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, а ў канцы пасяджэння Зянон Пазьняк зачытаў заяву аб стварэнні ў Вярхоўным Савеце дэпутацкай Апазіцыі Беларускага Народнага Фронту.
Яшчэ 11 мая 1990 года Сойм БНФ заявіў пра неабходнасць дасягнення поўнай незалежнасці Беларусі, і ўжо на пачатку чэрвеня тэкст Дэкларацыі аб незалежнасці быў прадстаўлены дэпутатамі БНФ на разгляд Вярхоўнага Савета.
Дэпутацкую пракамуністычную большасць, якая проста не ўяўляла самастойнага існавання Беларусі без Масквы, ЦК КПСС і СССР, трэба было пераконваць у неабходнасці ўласных грошай, уласнага войска, у мэтазгоднасці сваёй, незалежнай ад Масквы, міжнароднай палітыкі. Не буду зараз пералічваць усе перыпетыі прыняцця Дэкларацыі — яны добра вядомыя. Нагадаю толькі, што ў апошнія два дні абмеркавання, 26—27 ліпеня, дэпутаты БНФ выступалі з трыбуны і ад мікрафонаў з прапановамі больш за сто разоў.
У тэкст Дэкларацыі ўдалося правесці шмат якія палажэнні, але камуністычная большасць (банальнай арыфметычнай перавагай) унесла ў тэкст сказ аб падпісанні "саюзнай дамовы". Не была прынятая і наша прапанова аб канстытуцыйнасці Дэкларацыі — гэта значыць, каб Канстытуцыя і законы Беларусі былі вышэйшыя за Канстытуцыю і законы СССР.
Мы разумелі, што Беларусь будзе губляць час — у параўнанні з нашымі прыбалтыйскімі суседкамі, якія адкрыта і канчаткова абвясцілі незалежнасць ад Масквы і рушылі па еўрапейскім шляху.
"Масква прапануе забраць сабе ўсё, а нам пакідае толькі Чарнобыль, — сказаў Пазьняк пасля прыняцця Дэкларацыі на вячэрнім пасяджэнні ВС. — Але адмовіцца ад свабоды мы не можам. Акрамя таго, суверэнітэту нельга здабыць без пераходнага перыяду, на палажэнні, аб якім мы настойвалі… У Вярхоўным Савеце ў асобах большасці дэпутатаў дамінуе сіла, не гатовая да выпрацоўкі і прыняцця радыкальных праграм і законаў, якія даўно наспелі ў грамадстве. Усе спробы дэмакратычных дэпутатаў палепшыць становішча ні да чаго не прывялі. У сувязі з гэтым шэраг дэмакратычных дэпутатаў і дэпутацкая група Беларускага Народнага Фронту заяўляюць аб стварэнні дэпутацкай Апазіцыі ў Вярхоўным Савеце Беларускай ССР… Дэпутацкая Апазіцыя ў Вярхоўным Савеце за асноўную мэту ставіць выратаванне беларускага народа і беларускай нацыі ад чарнобыльскай, экалагічнай і сацыяльнай катастрофы, забеспячэнне годнага жыцця народа шляхам набыцця дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, пераход на рыначную эканоміку і пабудовы дэмакратычнай парламенцкай Беларускай рэспублікі. У будучай Беларусі павінны быць гарантаваныя правы чалавека, сацыяльная абароненасць насельніцтва, свабода інфармацыі, слова, друку, сумлення, прыярытэт грамадзянскай супольнасці перад дзяржавай, адраджэнне беларускай культуры, мовы, гістарычнай свядомасці, культурна-нацыянальная аўтаномія ўсім нацыянальным меншасцям Беларусі. Апазіцыя мае канструктыўны характар… Апазіцыя адкрытая. Гэта значыць, што іншыя дэпутаты могуць далучыцца да яе".
Дэпутаты, якія праз два месяцы прыехалі на восеньскую сесію, былі ашаломленыя, калі Апазіцыя БНФ прадставіла ім некалькі дзесяткаў заканадаўчых прапаноў — і перш за ўсё канцэпцыю пераходу да рыначнай эканомікі — і законапраекты эканамічнага зместу.
Канструктыўны характар быў асноўным лейтматывам дзейнасці Апазіцыі БНФ на працягу больш як пяці гадоў — назавём хаця б законапраекты "Аб банках і банкаўскай сістэме", "Аб мясцовым самакіраванні", Зямельны кодэкс (блок законапраектаў, які ўводзіў механізм прыватнай уласнасці на зямлю), "Аб грамадзянстве", нарэшце, эканамічныя праграмы таго часу. Далёка не ўсе нашыя прапановы прымаліся, аднак шмат якія палажэнні нам усё ж удавалася праводзіць шляхам напружанай парламенцкай працы.
Сёння можна пашкадаваць, што і дэпутацкая (спачатку — "пракамуністычная", потым — "пракебічаўская", а затым і "пралукашэнкаўская" большасць), і спікеры ВС не ўспрынялі нашыя засцярогі — аб немэтазгоднасці прымання новай Канстытуцыі, перш чым не будзе абраны дэмакратычны Вярхоўны Савет; аб немэтазгоднасці далучэння Беларусі да сістэмы калектыўнай бяспекі краін СНД, аб небяспецы ўвядзення пасады прэзідэнта, нарэшце, аб недапушчальнасці так званага "рэферэндуму" аб змене дзяржаўных сімвалаў, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай ды інтэграцыі з Расіяй.
Але ўсё ж галоўнае было дасягнута — 25 жніўня 1991 года на скліканай па патрабаванні Апазіцыі БНФ ды іншых дэмакратычных дэпутатаў нечарговай сесіі, пры падтрымцы дзесяткаў тысяч людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнай сілы. Беларусь стала незалежнай краінай.
Вольга Галубовіч, Галіна Сямдзянава, Мікалай Аксаміт, Віктар Алампіеў, Сяргей Антончык, Лявон Дзейка, Лявон Баршчэўскі, Ігар Гермянчук, Юрась Беленькі, Валянцін Голубеў, Генадзь Грушавы, Барыс Гюнтэр, Уладзімір Заблоцкі, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Віталь Малашка, Мікалай Маркевіч, Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў, Ігар Пырх, Пётра Садоўскі, Аляксандр Сасноў, Сяргей Слабчанка, Алег Трусаў, Павел Холад, Алесь Шут і іншыя дэпутаты зрабілі дасягненне сапраўднай Незалежнасці Беларусі галоўнай мэтай сваёй працы ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання. Іх падтрымлівалі многія дэпутаты, якія афіцыйна не былі сябрамі БНФ, але якія актыўна адстойвалі дэмакратычныя прынцыпы.
Ацэнку той працы пазней даў Васіль Быкаў: "Што ж датычыцца апазіцыі ў Вярхоўным Савеце, то я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта апазіцыя Беларускага Народнага Фронту зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай суверэннасці. Гэта, канешне, яе заслуга. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца, — незалежна ад гэтага, ад лёсу Беларусі наогул, — зноў жа, у гістарычным вымярэнні гэта будзе вельмі значна і гэта будзе ацэнена праз вякі ".
Сяргей НАВУМЧЫК, каардынатар Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне