Гэта не поспехі, гэта сорам
У газеце ідзе дыскусія "Ці трэба А.Лукашэнку вылучацца кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на чарговы тэрмін?". Я таксама кажу "Не!" і хачу дапоўніць спіс грунтоўных недахопаў яго кіраўніцтва за мінулыя 16 гадоў.
1. Усяляк замоўчваецца трагедыя беларускага народа ў час рэпрэсій 1929—1953 гадоў. Вядома, што за гэты час у Беларусі пацярпела ад 600.000 чалавек (па афіцыйных даных) да 1.000.000 (па неафіцыйных). Ахвяры былі амаль ва ўсіх існуючых зараз гарадах і вёсках, а таксама ў многіх сотнях зараз не існуючых вёсках і хутарах. Сіламі грамадскасці ва ўсёй краіне ў памяць ахвяр пастаўлена каля 30 сціплых помнікаў. Вяршыняй адносін А.Лукашэнкі да гэтага перыяду была фактычная спроба ў недалёкім мінулым знішчэння Курапатаў (пашырэнне праз іх Мінскай кальцавой дарогі).
2. Знявага Нацыянальнай Беларускай Мовы. Узровень выціскання яе з ужытку ў самастойнай Беларусі стаў вышэйшым, чым быў у СССР. Напрыклад, толькі беларускамоўнае школьніцтва за час незалежнасці рэспублікі скарацілася больш чым удвая і зараз не дасягае 20 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў. Безумоўна, гэта робіцца на падставе агульнавядомых уяўленняў А.Лукашэнкі пра нашу нацыянальную дзяржаўную мову. Як вынік, па даных ЮНЕСКА, беларуская мова ўключана ў лік знікаючых у свеце.
Дасягнуты ўзровень асіміляцыі нацыі паставіў краіну на балансаванне на мяжы знікнення.
3. Няздольнасць збалансаваць эканоміку краіны для вырашэння жыллёвай праблемы.
Сусветны паказчык узроўню жыллёвага будаўніцтва — пабудова штогод 1 м2 на кожнага жыхара краіны пры кошце 1 м2 прыкладна 0,9 ад сярэдняга месячнага заробку. У Беларусі штогадовы ўвод жылля ўсімі варыянтамі не дасягае і паловы ад патрэб, а кошт 1 м2 прыкладна ў 3 разы вышэйшы за сярэднямесячны заробак.
Гэта не поспехі, гэта сорам!
Станіслаў ЛІСОЎСКІ.
Мінск.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне