ЭКАНОМІКА
Леанід ЗЛОТНIКАЎ, эканаміст: Беларуская сельская гаспадарка — паўпрыгонная па сваёй сутнасці,
альбо Чаму не апраўдвае сябе праграма адраджэння вёскі?
Як і за савецкім часам, незалежная і суверэнная Беларусь працягвае жыць пяцігодкамі. Мала хто памятае, што пяцігодка з 2005-га па бягучы год была абвешчана пяцігодкай сельскай гаспадаркі. З гэтай нагоды была нават распрацавана адмысловая праграма па адраджэнні вёскі. У коштах 2005 года ў яе планавалася ўкласці 70 трыльёнаў рублёў.
Зараз, калі да заканчэння дзеяння праграмы адраджэння вёскі застаецца пяць месяцаў, “Народная Воля” вырашыла высветліць, наколькі апраўданымі ўсе гэтыя гады былі інвестыцыі ў айчынную сельскую гаспадарку, ці далі яны плён.
Вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў упэўнены, што сродкі, якія ўкладаліся ў рэалізацыю гэтай праграмы, так і не здолелі вывесці беларускую сельскую гаспадарку на прынцыпова новы ўзровень.
— Пра якую эфектыўнасць рэалізацыі праграмы адраджэння вёскі можна гаварыць, калі былы міністр сельскай гаспадаркі Сямён Шапіра сам публічна прызнаваўся, што сельская гаспадарка ў Беларусі нерэнтабельная? — гаворыць Леанід Канстанцінавіч. — У свой час Шапіра прыводзіў красамоўны прыклад. Было адабрана 63 гаспадаркі па ўсёй краіне, і ў іх сталі ўкладаць сродкі і, трэба сказаць, сродкі немалыя... Праз пару гадоў толькі тры (!) гаспадаркі здолелі выйсці на самаакупнасць.
Зразумела, што сельская гаспадарка — вельмі затратная галіна. На сённяшні дзень запазычанасць сельгаспрадпрыемстваў перад дзяржавай складае прыкладна дзесяць мільярдаў долараў. І гэтыя грошы, лічыце, проста закапаны ў зямлю, пахаваны, яны ніколі не будуць вернуты, бо рэнтабельнасць сельскай гаспадаркі вельмі малая — усяго 6—8%. І то гэта так званая тэхнічная рэнтабельнасць — без уліку інфляцыі. А насамрэч беларуская сельская гаспадарка застаецца абсалютна нерэнтабельнай галіной. Вось вам і вынік выканання праграмы.
Дзіўна, але факт — айчынная сельская гаспадарка застаецца нерэнтабельнай, нягледзячы на тое, што менавіта ў гэтую галіну на сёння ідзе 18,2% усіх інвестыцый у асноўны капітал. Для параўнання: у аб’яднаную галіну “Транспарт і сувязь” сродкаў накіроўваецца толькі 8,6% ад агульнага аб’ёму інвестыцый.
— Прычына нерэнтабельнасці нашай сельскай гаспадаркі ў тым, што яна дагэтуль застаецца нерэфармаванай, — тлумачыць Леанід Злотнікаў. — Як і за савецкім часам, галіна застаецца дзяржаўна кіруемай, там няма гаспадара. З тым, каб на зямлі з’явіўся сапраўдны гаспадар, трэба праводзіць аграрную і зямельную рэформы... Чым для ўсяго свету каштоўны беларускі вопыт кіраваннем сельскай гаспадаркай? Тым, што ніякія грошы не дапамогуць вёсцы без належнага рэфармавання — усё імгненна праядаецца і знішчаецца.
Дарэчы, у адпаведнасці з праграмай адраджэння вёскі сярэдні заробак калгаснікаў на канец бягучага года павінен складаць 320—360 долараў у эквіваленце. Гэта значыць, што ў адпаведнасці з планамі, сярэдняя зарплата працаўнікоў вёскі павінна дасягаць прыкладна 1 мільёна рублёў. Па апошніх даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, да гэтай лічбы сялянам яшчэ далёка: сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы складае 799,8 тысячы рублёў. Іншымі словамі, каб дасягнуць прагназуемага ўзроўню, да канца года сярэдні заробак у працаўнікоў сельскай гаспадаркі павінен павялічыцца на 200 тысяч рублёў.
— Наўрад ці гэта будзе выканана, — лічыць Леанід Злотнікаў. — Сельская гаспадарка Беларусі — паўпрыгонная па сваёй сутнасці. Бо старшыня ці дырэктар асобна ўзятай гаспадаркі не мае правоў, не можа сам вызначыць, колькі і чаго пасеяць, па якім кошце прадаць тое, што вырасла. Бо ў гэтыя пытанні пастаянна ўмешваецца дзяржава. І на сусветным рынку Беларусь іншы раз вымушана рэалізоўваць прадукцыю ніжэй за яе сабекошт, з тым каб атрымаць хоць нейкую валюту, якая тут жа і праядаецца. Дык пра якое істотнае падвышэнне заробкаў сярод калгаснікаў можна гаварыць пры падобным раскладзе?...
У ТЭМУ
Лічбы — рэч упартая
Нават згодна з лічбамі афіцыйнай статыстыкі ў сельскай гаспадарцы справы ідуць не лепшым чынам. Каб не быць галаслоўным, ізноў звернемся да даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі.
Толькі за студзень—май бягучага года сума чыстага ўрону стратных прадпрыемстваў склала 13,1 мільярда рублёў, што ў 2,6 раза больш за аналагічны перыяд мінулага года.
Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць сельскагаспадарчых арганізацый на 1 чэрвеня 2010 года склала 2 трыльёны рублёў. У параўнанні з 1 чэрвеня 2009 года пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць павялічылася на 25%. Такім чынам, сітуацыя не паляпшаецца, а пагаршаецца.
Згодна з афіцыйнымі статыстычнымі данымі, на 1 чэрвеня 2010 года пратэрмінаваная запазычанасць па падатках, зборах і сацыяльным страхаванні і забеспячэнні сельскагаспадарчых арганізацый склала 84 мільярды рублёў.





галоўнае онлайн:


Навіны
Дадаць каментарый