ДЭМАКРАТЫЯ ПА-БЕЛАРУСКУ
I зноў яе арыштавалі...
Да 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш
У сапраўднасці ж не саму паэтку арыштавалі, бо пакінула гэты свет даўно, а толькі мемарыяльную дошку, прысвечаную яе светлай памяці. Здарылася тое ў мінулы аўторак у Ваўкавыску, дзе некалі юная і летуценная Ларыса — яшчэ не Геніюш, але дзяўчо, прыкмечанае Богам, хадзіла ў мясцовую гімназію імя Стэфана Баторыя...
"За что вам дали срок?" — пытаў яе следчы ў лагеры.
"Имею честь терпеть за Беларусь…".
Так прамовіла паэтка, патрыётка, змагарка і вечная пакутніца ды эмігрантка Ларыса Геніюш на выгнанні ў сталінскіх лагерах. Прамовіла, бо сэрца не хлусіць, бо розум без фальшу: "сапраўдны Беларус — чалавек, які з дарогі не змыліць, і мэта яго адна: Беларусь..."
Жыла Радзімай, паэзіяй, слугавала ім, несучы крыж ахвярнасці за ўсіх нас. І вось такая "ўдзячнасць".
...Урачыстасць з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі мелася адбыцца а 14-й гадзіне 27 ліпеня. Зранку мясцовыя актывісты, як і было дамоўлена з цяперашнім гаспадаром сялібы, замацавалі дошку на фасадзе, на левым баку сцяны, бо правая палова дома належыць іншым гаспадарам. І сталі чакаць гасцей свята і самой урачыстасці. А далей пачалося малапрадбачанае, можна сказаць, нечаканае дзейства, якое мясцовыя вастрасловы імгненна ахрысцілі "газавай атакай". Як потым даводзілі сведкі і самі арганізатары ўжо несвяточнай дзеі, на вуліцы, побач з домам, з'явіліся падазроныя людзі ў цывільным. Нядоўга вагаючыся, яны праніклі на тэрыторыю прыватнай сялібы, прыставілі лесвіцу да сцяны і выдралі цвікі, якімі была замацавана мемарыяльная памятная шыльда. Натуральна, арганізатары і перадусім Мікола Кавальчук, які вёў усе ранейшыя перамовы з мясцовай уладай адносна святкавання 100-гадовага юбілею Ларысы Геніюш, былі не тое што здзіўлены, але шакіраваны. Канечне, навучаныя мінулым вопытам адносін з праваахоўнымі органамі, яны падазравалі, што тыя могуць выкінуць фортэль, але ж не такі нахабны. Дзе там! Усё як заўсёды: мы — улада, а вы, хочаце таго ці не, друз на целе ўлады, і цацкацца з вамі ніхто не будзе. Калі што, пастарунак побач, можна і кайданкі на белыя ручкі. Так і атрымалася. Міколу Кавальчука папросту затрымалі (так гэта на мове міліцыянтаў) і даставілі ў мясцовы райаддзел. Па-вулічнаму кажучы, арыштавалі.
Пра ўсё гэта нічога не ведалі госці святочнай урачыстасці, бо яшчэ былі ў дарозе. Нават не падазравалі, што нешта можа здарыцца. Бо колькі ж можна наступаць на адны і тыя ж граблі? Каму добра ад надуманых прыдзірак, інцыдэнтаў на роўным месцы? І потым, людзі робяць святую справу, ушаноўваюць вялікую паэтку Беларусі, прызнаную светам... Нават Міхась Скобла, арганізатар паездкі ў Ваўкавыск і, між іншым, найпершы ў краіне збіральнік (поруч з Адамам Мальдзісам) Геніюшаўскага паэтычнага скарба і ўсяго, што з ім звязана, быў спакойны: свята і ўрачыстасць пройдуць хораша, на высокай ноце. Словам, ні ў кога з падарожнікаў, а гэта былі паэты, песеннікі, барды, і ў галаве не мроілася, што там, у Ваўкавыску, граблі ўжо стаялі потырч...
Святочны настрой імгненна выпарыўся, калі ўжо ў Ваўкавыску перад мікрааўтобусам намаляваўся — пасярод вуліцы — знак "праезд забаронены". "Цэгла" пацвердзіла сумную здагадку: нешта нядобрае ўсіх чакае. Так і было. Гуртам выйшлі з аўтобуса і далей пайшлі пешкі. Акурат па два бакі ад дома, на якім павінна была быць мемарыяльная дошка, малалюдна. Затое стаіць паблізу спецаўтамабіль газавікоў, а тыя корпаюцца ля суседняга дома, пэўна ж, ліквідуюць уцечку газу. І ва ўсіх такія новенькія, не запэцканыя, ну проста з іголачкі аранжавыя робы... Яшчэ пацёртая "Волга", нейкія тулягі з фота- і тэлекамерамі... Уся гэтая "газавая ідылія" нічога, акрамя жартаў, не выклікала. Ну вядома ж, газ трэба эканоміць, ён цяпер амаль па сусветных цэнах... Затое тры дзіркі замест шыльды на сцяне выклікалі зусім іншую эмацыянальную рэакцыю. Якую? Нават і казаць не хочацца, бо ўсё і так зразумела.
Канечне, былі кароценькія, палымяныя прамовы. І пра лёс выбітной паэткі, і пра дурноту мясцовых чыноўнікаў, і пра тое, што — рана ці позна — мемарыяльная дошка ў памяць Ларысы Геніюш закрасуе на доме. Так будзе, бо праўда пераможа ўсё.
А затым грамада на чале з Уладзімірам Някляевым, кіраўніком грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”, рушыла ў напрамку міліцэйскага райаддзела — вызваляць таварыша.
Тым часам дыктафон запісваў ўсхваляваны маналог Міколы Быхаўцава, які непасрэдна ўдзельнічаў у процістаянні з тымі, хто паквапіўся на права людзей вывесіць мемарыяльную дошку. Яго словы:
"Хата Ларысы Геніюш у 1948 годзе была перавезена сюды, на вуліцу Перамогі — раней называлася Віленская — з фальварка Жлобаўцы. Усё законна, усё задакументавана. Цяпер гэты дом падзелены на дзве часткі, у ім пражываюць дзве сям'і. Яны ўласнікі. Рыхтуючыся да юбілею, мы, канечне, звярнуліся спачатку да аднаго гаспадара, да Валерыя Трацяка, каб той даў дазвол на размяшчэнне шыльды. І гаспадар з радасцю пагадзіўся. Яму, прадпрымальніку, які рамантуе лядоўні, нават выгадна, бо свайго роду рэклама. Людзі і на шыльду звернуць увагу, прачытаюць, і на бізнесоўскія рэквізіты, бо ўсё побач. Далей Мікола Кавальчук звярнуўся з запытам-прапановай у райвыканкам: маўляў, давайце зробім добрую справу для горада, установім мемарыяльную дошку. І што вы думаеце? Яму і не дазволілі, але ж і не забаранілі. А ўжо праз пару дзён наш прадпрымальнік наадрэз адмовіў нам ва ўстаноўцы дошкі. Сказаў проста, як на духу: не хачу непрыемнасцяў ад улады. Значыцца, яму належным чынам далі зразумець, што да чаго... Тады мы звярнуліся да другога гаспадара. Той даў згоду без аніякіх праблем. І ранічкай, у 11 гадзін, мы ўстанавілі мемарыяльную дошку, ахінулі яе белым покрывам, каб пасля ўрачыста і пры людзях адкрыць. Але тут я схамянуўся: а раптам нам перашкодзяць, ад гэтых чыноўнікаў можна чакаць чаго заўгодна. Хуценька злётаў да хаты, узяў фотакамеру, каб жа хоць зафіксаваць, засведчыць, што дошка ўстаноўлена. Як у ваду глядзеў. Недзе апоўдні сфатаграфаваў і вырашыў трымацца паблізу, на ўсялякі выпадак. Бачу, як двое незнаёмцаў баражыруюць паблізу, сэрца ёкнула: невыпадкова яны тут. Чую, як адзін другому кажа, што трэба неадкладна тэлефанаваць у аддзел, каб прыехалі і знялі шыльду. Тады я паспрабаваў сфатаграфаваць аднаго з іх, такога амбала. А ён не дае, ды яшчэ пагражае адняць фотаапарат. Пытаюся: а хто вы такі? Адказвае, што работнік райвыканкама. Потым тэлефануе некуды, патрабуе нарад міліцыі для майго затрымання. А які пасыл?! Маўляў, нецэнзурна чалавек лаецца. Проста нахабна хлусіць, ніколечкі не саромеючыся. У гэты момант я ўсё ж такі яго фатаграфую. І тады ён проста кідаецца на мяне, спрабуючы вырваць камеру з рук. Наступіў нагой на мабільны тэлефон, парваў футарал ад фотакамеры. Прыйшлося ратавацца, сышоў да знаёмых на кватэру. Званілі ў дзверы тры разы, відаць, шукалі мяне. Ведаеце, падчас усёй гэтай пературбацыі я паспрабаваў было паўшчуваць амбала ў цывільным, звярнуцца да яго сумлення. Дык вы ведаеце, што ён адказаў? А на мяне, кажа, ужо дзве скаргі ў Гаазе. Вось так. Ну а далей вам усё вядома".
Міколу Кавальчука вызвалілі, і свята паэзіі і песні, прысвечанае 100-гадоваму юбілею Ларысы Геніюш, адбылося. Але не пры доме, а на беразе прыгожага возера, у атачэнні меднастволых хвой. Да вечара гучалі бессмяротныя вершы знанай паэткі, ліліся бардаўскія песні. Хіба ўсё гэта можна спыніць, арыштаваць, замаўчаць?!.
Фота аўтара.





галоўнае онлайн:


Навіны
Дадаць каментарый