ПРАЦЯГ ТЭМЫ
Ламаць — не будаваць…
Добры дзень, паважаная "Народная Воля"!
З падзякай да вас пенсіянеры г.Петрыкава. Піша ваша падпісчыца Н.Н.Карнеева. Дзякуй вам, што адгукнуліся на наш зварот. Хачу паведаміць, што ў гісторыі з закрыццём гарадскога рыначку, пра якую мы пісалі, ёсць працяг. Мы ўсё ж трапілі на прыём да новага старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандра Васільевіча Пінчука. Ён уважліва нас выслухаў і папрасіў свайго першага намесніка Надзею Гіленка (цяпер яна тут ужо не працуе) патлумачыць, які ж сэнс быў у разбурэнні міні-рынку, няхай і невялікага, але патрэбнага гараджанам.
Тая пачала бойка даводзіць, што нібыта пенсіянеры "парушаюць рэжым", ды толкам не сказала, што мае на ўвазе. Маўляў, "доўга сядзяць на рынку". Гэта было дзіўна хаця б ужо таму, што ў Петрыкаве з далёкай ваеннай пары ніхто каменданцкага часу не ўводзіў…
Далей чыноўніца вылажыла на стол старшыні цэлы стос актаў, складзеных галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна Тамарай Буглак. Старшыня нам паабяцаў заняцца гэтым пытаннем і даць канкрэтны адказ.
Катэджы на пляцоўцы, дзе калісьці меркаваўся быць парк.
Я патэлефанавала Тамары Міхайлаўне з пытаннем, можа яна патлумачыць, за якія грахі быў знесены міні-рыначак. Зноў — нічога пэўнага ў адказ. Затое Н.Гіленка агучыла праз раёнку "Петрыкаўскія навіны" новую прычыну разбурэння: аказваецца, драўляныя канструкцыі рынку стваралі пагрозу абрушэння! Гэтая версія (чамусьці пра яе раней быў маўчок) і пайшла гуляць як афіцыйная.
Людзі абураліся: што за лухта? Быў жа акуратны, спраўны, з густам аздоблены рынак, пакрыты ацынкаваным дахам. І не стары. Калі яго разбуралі, то бетонныя апоры з цяжкасцю выбівалі з зямлі бульдозерам. Грукат быў! Кажуць, ламаць — не будаваць, тут вялікага розуму не трэба. На жаль, так яно і ёсць.
Цяпер прадукцыяй з уласных садоў і агародаў гандлююць каля прамысловага рынку проста на вуліцы, на яе праезнай частцы ля аўтастаянкі. На зямлі (а дзе ж яшчэ змясціць?) бутэлькі і слоікі з малаком, смятанай, радыска і цыбуля. Увесь пыл і бруд ад транспарту ляціць на гандляроў і іх тавары. Ды сюды санітарны ўрач і носа не паказвае, быццам не бачыць нічога і не чуе. А між тым Т.Буглак падпісвала акты аб "антысанітарыі" на былым харчовым рынку пасля таго, як ён быў разбураны…
Праўда, рыначак абяцаюць адбудаваць. Толькі вось хвалюе, чаму не панеслі адказнасць тыя, па чыёй віне былі загублены сродкі, укладзеныя ў ранейшую пабудову? Няўжо наш раён такі багаты, каб мільёны пускаць на вецер? А сродкі ж, і немалыя, патрэбныя паўсюль — і ў эканоміцы, і ў "сацыялцы". Працаўладкавацца зараз петрыкаўчанам складана: заняпаў цагляны завод, не працуе завод па выпуску блокаў, дзе былі заняты многія гараджане.
Дарэчы, і адпачыць толкам людзям няма дзе. Усё марылі, што нарэшце будзе закладзены парк на пляцоўцы ў некалькі гектараў. Пры кіраўніцтве папярэдняга старшыні райвыканкама Н.Астаповіча на той пляцоўцы выраслі катэджы — "элітныя" персоны будуюцца проста ў цэнтры горада. Пры гэтым многія з іх, усім вядома, маюць добраўпарадкаваныя кватэры. А як быць простым жыхарам — працаўнікам, пенсіянерам з унукамі і маладым мамам з немаўляткамі, якім няма куды выйсці прагуляцца? "Бацькі" горада не паклапаціліся нават пра дзіцячую пляцоўку для малечы.
Людзі з бутэлькамі і слоікамі смятаны на зямлі каля аўтастаянкі побач з прамысловым рынкам.
Цяпер жа фактычна мы засталіся і без прадуктовага рынку. З вуліцы міліцыя ганяе гандляроў на тэрыторыю прамысловага — у кут, дзе скідвалася смецце і пустыя каробкі. Заасфальтаваную пляцоўку размалявалі на квадрацікі, за размяшчэнне на якіх трэба плаціць. А на тым квадраціку можна хіба што стаяць, перамінаючыся з нагі на нагу. Ні прылаўка, ні лавы хоць якой. Няма нават куды захінуцца ад спёкі ці дзе вады папіць. Затое ў паперах — поўны ажур. Іх накапілася нямала. А праўду не адшукаць нават у Адміністрацыі прэзідэнта, куды мы накіравалі сваю скаргу. У адказе паведамляецца, што наш ліст накіраваны ў аблвыканкам. А той у сваю чаргу пераслаў яго назад у Петрыкаў… Так што кола замкнулася, і ўсё застаецца па-ранейшаму.
"Базарныя бабулі", якіх у нас не любіць начальства, у свой час адпрацавалі па 30—40 гадоў на карысць дзяржавы, многія маюць сярэднюю і нават вышэйшую адукацыю. Не іх віна ў тым, што, каб неяк выжыць у гэтым "рынкавым сацыялізме", яны змушаны гандляваць вырашчаным сваімі ж рукамі на лапіках-агародчыках. Цяпер іх сілком гоняць на пляцовачку прамысловага рынку, на спёку-экзекуцыю дзеля таго, каб садраць грошы за тыя месцы, на якіх размясціцца немагчыма. Пагражаюць штрафамі тым старэнькім бабулям, што з пучкамі кропу хаваюцца ад спёкі каля кафэ "Явар". Нямоглыя кабеты цягнуць за сабой табурэткі і скрыні, каб пакласці сціплы няхітры тавар.
Жыхары раёна не спыняюцца, пішуць у рэдакцыю раёнкі, патрабуючы адказу на пытанне, ці будзе насамрэч рынак узамен разбуранаму. Разумеем: магчыма, у гарадскіх улад свае планы на тэрыторыю былога рынка. Але чаму ж не падзяліцца імі з насельніцтвам?
Петрыкаўчане ўсё ж чакаюць, што новы старшыня райвыканкама Аляксандр Васільевіч Пінчук, які заступіў на месца свайго папярэдніка, усё ж прыслухаецца да нас, здолее разабрацца ў сітуацыі і выправіць яе. Трэба толькі разуменне і жаданне.
З павагай —
Ніна КАРНЕЕВА, жыхарка г.Петрыкава.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне