bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №118-119 (3248-3249) - "СІТУАЦЫЯ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

СІТУАЦЫЯ

Бязбожнае нахабства

Аўтар: I 29 лiпеня 2010 г.

Адна царква павінна заплаціць штраф большы,  чым 300 суб'ектаў гаспадарання разам.

Амаль сто тысяч долараў мусяць заплаціць вернікі пратэстанцкай суполкі "Новае жыццё" на карысць мінскіх гарадскіх улад. Такое рашэнне прыняў Мінскі Гаспадарчы суд, куды звярнуліся вернікі, каб даказаць бязглуздасць абвінавачанняў з боку супрацоўнікаў Камітэта аховы навакольнага асяроддзя Мінгарвыканкама. І гэта не апошні штраф, які павінны будуць заплаціць вернікі з падачы эколагаў.

Яшчэ летась, у лістападзе, супрацоўнікі камітэта наведалі тэрыторыю царквы "Новае жыццё" і без сведак нібыта ўзялі пробы грунту. Пазней яны заявілі, што колькасць нафтапрадуктаў у глебе перавышае дазволены ўзровень у 6 разоў. І наклалі на царкву, якую ўлады ўпарта спрабуюць выселіць з Мінска, астранамічны штраф.

Гісторыя царквы "Новае жыццё" набыла розгалас не толькі ў беларускім грамадстве. Галадоўка амаль 200 вернікаў у 2006 годзе прыцягнула ўвагу пратэстантаў усяго свету.

Усё пачыналася ў 2002 годзе. Вернікі набылі на ўскрайку Мінска былы калгасны кароўнік. Самі зрабілі там рамонт і расчысцілі прылеглую тэрыторыю, на якой была несанкцыянаваная гарадская звалка. Улады далі тады дазвол на будаўніцтва новага будынка. Але ў 2004 годзе дазволы скасавалі, і збірацца ў былым кароўніку забаранілі. Далей — болей. У 2005 годзе вернікаў афіцыйна пазбавілі спачатку зямельнага надзела, а потым і самога будынка. Пастара Вячаслава Ганчарэнку і адміністратара царквы Васіля Юрэвіча, паводле новага заканадаўства, некалькі разоў штрафавалі за правядзенне несанкцыянаваных набажэнстваў.

Увосень 2006 года вернікі прынялі рашэнне не аддаваць свой храм і распачалі там пост-галадоўку. Галадоўшчыкаў падтрымалі пратэстанты з краін былога Савецкага Саюза, а таксама Заходняй Еўропы і Амерыкі. У Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі пайшлі лісты з патрабаваннем пакінуць "Новае жыццё" ў спакоі.

Пасля таго як у выніку галадоўкі некалькі чалавек трапілі ў рэанімацыю, пастара царквы выклікалі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Там папрасілі спыніць галадоўку і запэўнілі спадара Ганчарэнку, што ўсе пытанні будуць вырашаны на карысць вернікаў.

Суды доўжыліся больш за два гады і завяршыліся адмовай пратэстантам па ўсіх пазіцыях. Але вернікі на сваім сходзе вырашылі не аддаваць свой храм і заявілі пра гэта ўладам. Вось тады іх і пачалі наведваць па чарзе прадстаўнікі то Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, то санэпідэмстанцыі, то Мінскводаканала… Дайшла чарга і да эколагаў.

Камітэт аховы навакольнага асяроддзя Мінгарвыканкама звярнуўся ў суд Маскоўскага раёна, каб спагнаць з царквы 263 (!) мільёны рублёў кампенсацыі за нібыта нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду, а таксама заплаціць яшчэ штраф у памеры 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў.

Юрыст царквы Сяргей Луканін звяртаў увагу суда на тое, што да таго, як вернікі набылі будынак і расчысцілі тэрыторыю вакол, там была гарадская несанкцыянаваная звалка, у тым ліку са старых аўтамабіляў. Суду былі прадстаўлены фотаздымкі, каб паказаць, колькі сваёй працы вернікі ўклалі дзеля таго, каб упрыгожыць тэрыторыю.

На пытанне юрыста "Як часта супрацоўнікі камітэта бяруць пробы грунту каля цэркваў?" тыя шчыра адказалі, што ніколі раней не бралі… Пікантнасць сітуацыі палягае яшчэ і ў тым, што з 2005 года тэрыторыя, а з 2009 года і сам будынак знаходзяцца ва ўласнасці Мінгарвыканкама. А значыць, яго і трэба было б штрафаваць. Сяргей Луканін даказвае, што прадстаўнікі Камітэта аховы навакольнага асяроддзя своеасабліва трактуюць закон: "Яны казалі, што незалежна ад таго, вінавата ў забруджванні "Новае жыццё" ці нейкая іншая юрыдычная асоба, усё роўна павінна плаціць наша царква. Мы з гэтым не згодныя, бо беларускае заканадаўства і Канстытуцыя не прадугледжваюць адказнасць без наяўнасці віны".

Апроч спагнання амаль 260 мільёнаў рублёў за шкоду навакольнаму асяроддзю вернікі павінны заплаціць яшчэ і амаль 8 мільёнаў рублёў кампенсацыі Мінгарвыканкаму за зварот у суд.

Але і гэтага мала. Супрацоўнікі Мінгарвыканкама правялі дадатковую праверку і склалі акт аб пашкоджанні ўрадлівага слою глебы, зрабіўшы каля будынка храма дзіцячую пляцоўку. Эколагі падлічылі таксама, колькі метраў складае старая дарога, якая існавала яшчэ з часоў, калі там быў калгас. Дарогу таксама паставілі ў віну вернікам. Калі ўрон будуць падлічваць па самым малым каэфіцыенце, то з вернікаў запатрабуюць каля 350.000 долараў. Калі ж па максімальным, то сума дасягне 1 мільёна 200 тысяч…

— Відавочна, што гэта непрыхаваны ціск на царкву, які цяпер перанесены ў эканамічную сферу, — гаворыць Сяргей Луканін. — Цікава, што на мінулым тыдні быў апублікаваны даклад пракурора Брэсцкай вобласці, з якога вынікае, што цягам мінулага года ў вобласці за экалагічныя парушэнні былі аштрафаваны больш за 281 юрыдычную асобу. Дзяржава атрымала агулам амаль 88 мільёнаў рублёў. А тут яны з адной царквы спаганяюць амаль 300 мільёнаў. Гэта поўнае бязбожжа!

Юрыст царквы прыгадаў, што пастару царквы пагражалі нават турэмным зняволеннем за тое, што прыродзе нанесены ўрон у асабліва буйным памеры, казалі, што іх мэта не грошы, а ізаляцыя пастара царквы.

Чаму?

Хутчэй за ўсё дзеля таго, каб спыніць дзейнасць суполкі, якая даўно раздражняе сваім існаваннем улады. За апошнія пяць гадоў у Беларусі былі дэ-юрэ ліквідаваны дзесяткі пратэстанцкіх суполак.

Чаму дзяржава так баіцца пратэстанцкіх цэркваў?

Юрыст Сяргей Луканін гаворыць: "Памятаеце артыкул акадэміка Рубінава, які быў апублікаваны ў газеце "Советская Белоруссия" ў 2004 годзе? Акадэмік заяўляў прыклада так: "Чым больш мы аддамо людзей пад уплыў царквы, тым менш улады застанецца ў дзяржавы".

 Для дзяржавы відавочна, што калі чалавек пачынае верыць у Бога, то для яго Біблія і закон Божы робяцца больш важнымі за законы гэтай краіны. Улады баяцца згубіць свае пазіцыі, на якіх яны трымаюцца, ужываючы гвалт і страх".

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |
абмеркаванне

ГАЛАСАВАННЕ

Перед государственными СМИ поставлена задача освоения интернета. Как, на ваш взгляд, это повлияет на ситуацию в белорусском сегменте глобальной сети?

Конкуренция оживит обе стороны, интересных и качественных публикаций станет больше
Это благотворно повлияет на демократизацию интернет-пространства и поможет представить здесь весь спектр мнений
Госидеология наводнит виртуальное пространство и сможет шире проникнуть в среду не очень разбирающейся в идеологических тонкостях молодёжи
Интернет действительно превратится в «помойку» - и это отобьёт у многих желание посещать любые сайты
Интернет заполнится «казачками», которые будут только дезориентировать аудиторию
Ничего не изменится: ведь и сейчас существуют сайты госизданий
Мои предпочтения не изменятся: как читал независимые сайты, так и буду продолжать читать только их
Вынікі|Усе галасаванні

каментарыі

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.

PDF

Тут Вы можаце спампаваць PDF-файл апошняга нумара друкаванага выдання "Народнай Волі".

спампаваць PDF-файл